Можна ставіцца да ўсяго гэтага з гумарам. Атрымоўваецца, што навука недалёка адышла ад міфалогіі. Але неабходна, дарэчы, адзначыць, што навука заўсёды цікавілася сабакам. Яшчэ геніяльны Арыстоцель падрабязна апісаў восем пародаў сабак. Вядомы старажытнагрэчаскі пісьменнік Ксенафонт напісаў спецыяльную працу пра паляванне з сабакамі; старажытнарымскі паэт Гарацый стварыў вершаваны трактат па догляду за сабакамі. Пра іх пісалі знакамітыя грэчаскія і рымскія аўтары: Герадот, Вергілій, Лукрэцый, Плутарх, Пліній, Страбон [31, 75].
У мастацкай літаратуры сабаку паказаў першы і самы знакаміты еўрапейскі паэт Гамер: у «Адысеі» менавіта сабака пазнае гаспадара, што толькі што вярнуўся на родную Ітаку пасля дваццацігадовай адсутнасці. Сусветныя пісьменнікі даследавалі ледзь не ўсе дзевяноста рыс сабакі, стварыўшы яго цэласны псіхалагічны партрэт. Вельмі часта сабака адыгрывае важную ролю ў сюжэце; дапамагае лепшаму раскрыццю вобразаў людзей, што ўдзельнічаюць у яго лёсе, ці нават спрыяе аналізу адносін у чалавечым грамадстве; нярэдка сабака — больш верны і высакародны, чым чалавек, — як дакор апошняму. Шмат якія творы шырока вядомыя нашаму чытачу: «Слон і Моська» Івана Крылова, «Муму» Івана Тургенева, «Леў і сабачка» Льва Талстога, «Каштанка» Антона Чэхава, «Сабака Баскервілей» Артура Конан-Дойля, «Трое ў адной лодцы, не лічачы сабакі» Джэрома Клапкі Джэрома, «Белы ікал» Джэка Лондана, «Белы пудзель» Аляксандра Купрына, «Сабачае сэрца» Міхаіла Булгакава, «Белы Бім, чорнае вуха» Гаўрыіла Траепольскага, «Львы» Івана Пташнікава.
Нядрэнныя поспехі і ў адлюстраванні сабакі ў кіно: «Лэсі», «Да мяне, Мухтар!», «Бетховен», «101 далмацінец», «Камісар Рэкс», «Эркюль і Шэрлак супраць мафіі» і інш. Сабакі аказаліся яшчэ і артыстамі. Магчыма, сапраўды, авалодваючы ўсё большай колькасцю прафесій, жывёлы разумнеюць.
Сабака — адзін з папулярных персанажаў сусветнага выяўленчага мастацтва. Асабліва любілі адлюстроўваць сабаку-хорта асірыйцы і персы на рэльефах сваіх палацаў у старажытных сталіцах Ніневіі і Персепалі. Часцей за ўсё гэта сцэны палявання. Даволі частыя сюжэты з сабакамі ў мазаіках Антычнага Рыма, якія захаваліся ў асноўным як падлогі дамоў ці ўнутраных двароў. У мастацтве Візантыі і сярэднявечнай Еўропы сабака на рэльефах і фрэсках суправаджае Хрыста — Добрага Пастара. Не абыходзілі сабаку і мастакі Адраджэння, напрыклад, Пізанела. Асабліва неабходна назваць знакамітую карціну «Паляўнічыя на снезе» Пітэра Брэйгеля-старэйшага. З ХVІІІ стагоддзя ў арыстакратычных замках Еўропы пачынаюць з’яўляцца партрэты паляўнічых сабак. Развівалася і скульпутра. Так, царыца Кацярына ІІ ставіла помнікі на магілах сваіх любімых сабачак. Скульптура сабакі ёсць і ў парку Радзівілаў у Нясвіжы. Увогуле помнікаў сабаку шмат, напрыклад, сенбернару на перавале Сен-Бернар — за выратаванне людзей, засыпаных снежнымі лавінамі; у 30-я гады акадэмік І. Паўлаў з вялікай цяжкасцю дамогся ад бальшавіцкіх уладаў помніка сабаку за яго ахвяраванне ў навуцы. У ХХ стагоддзі сабака — у вялікай ступені персанаж анімацыі. А выдатнейшы дацкі мастак, лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру, Херлуф Бідструп у серыі карыкатур паказаў візуальнае падабенства сабак да іх гаспадароў.
Характэрна, што індывідуалізаваныя вобразы сабак з’яўляюцца ў мастацтве ХІХ — ХХ стагоддзяў, калі абвастраецца ўвага да асобы — перш за ўсё, натуральна, асобы чалавека. Але ў мастацкай літаратуры з’яўляюцца персанажы, да таго маргінальныя, напрыклад, дзеці. І адначасова абуджаецца цікавасць да жывёл — таксама менавіта як да асоб, якія апісваюцца з дапамогай псіхалагічнага аналізу, а часам нават плыні свядомасці.
Да ХІХ стагоддзя анімалістыка была не менш, а, можа, і больш багатая, але вобразы жывёл паўставалі ў асноўным у сваім алегарычным і сімвалічным сэнсе, што меў вытокам міфалагічную свядомасць людзей. Выключнае багацце міфалагічных, казачных значэнняў, у тым ліку, сабакі, і з’явілася ў ХІХ — ХХ стагоддзях магутным інструментам псіхалагічных праекцый.
Сабака як звер, прыручаны першы і найбольш блізкі да чалавека, атрымаў за тысячагоддзі цэлыя пласты розных сэнсаў. Вышэй мы гаварылі ў асноўным пра сэнсы станоўчага плану ці, лепш сказаць, семантыку, звязаную з жыццём. Але сабака — жывёла і іншасвету.
Рускі археолаг М. Дзікаў на Камчатцы раскапаў магілу сабакі, які быў пахаваны прыкладна дзесяць тысяч год таму з выключнай пашанай як знакамітая асоба. Гэта гаворыць пра надзвычай моцны культ сабакі ў Азіі. Але ў большасці выпадкаў сабаку хавалі не асобна, а ўсё ж разам з чалавекам як вернага сябра, дарадчыка і ахоўніка. Верылі, што ён быў неабходны гаспадару на тым свеце.