Дух хлеба ў выглядзе свінні бачыўся і падчас севу. Так, у Латвіі ў ХІХ стагоддзі сейбіты вясною частаваліся на полі свінінай, частку якой (звычайна хвост) потым зарывалі ў зямлю, што садзейнічала яе ўрадлівасці. Такім чынам, адбываецца цікавая трансфармацыя: у час севу дух поля — дух урадлівасці — яшчэ бачыцца ў вобліку канкрэтнай жывёліны, у жніво яна ж — гэтая жывёліна — ужо ўвасабляе самога бога. Таксама разумелі свінню і на «шчадрэц» падчас Калядаў. Стравы са свініны, а часта непасрэдна галава свінні як галоўнае ўпрыгожанне стала, — безумоўна, сімвал уласна духа ўраджаю, а значыць, багацця.
Сучасным людзям бывае цяжка зразумець логіку, напрамак мыслення продкаў. Між тым, апірышчам іх разумовых пабудоў з’яўляўся універсальны прынцып кола (адсюль Каляды) — кола не толькі гадавога цыклу, але і руху па крузе ўсіх стыхіяў і элементаў прыроды. Напрыклад, жыццёвая сіла памерлых, царом якіх быў Вялес, магла пераходзіць у жыта, тую ж свінню, а пасля трапляла ў жывых людзей. Такім чынам, жыццёвая субстанцыя Вялеса як персаніфікацыі ўсяго свету памерлых і кожнага канкрэтнага нябожчыка забяспечвала неперарыўны сельскагаспадарчы цыкл. А ён, у сваю чаргу, быў звязаны з цыклам, з кругам календарным. Таму і невыпадковыя асацыяцыі ў казках жывёл з нябеснымі свяціламі.
Асабліва хацелася б падкрэсліць, што жыццёвую субстанцыю тут не варта разумець душою ў псіхалагічным сэнсе слова, яна не перадае пэўныя якасці чалавечай асобы. Гэта менавіта сіла жыцця, вечнага і неперарыўнага, — агульная і для раслін, і для жывёл, і для людзей, і для багоў.
Згаданая трансфармацыя, ланцужок пераўтварэнняў дапамагае зразумець яшчэ адну асаблівасць старыжытнага мыслення: бог Вялес у прынцыпе (як і кожны нябожчык) — прадстаўнік іншага свету, але яго інкарнацыі, у тым ліку жывёльныя, належылі адначасова і нашаму свету, і іншасвету. Расліна і жывёла злучалі іх, такія розныя, светы.
Вернемся да ежы, бо нездарма гавораць, што чалавек уласна ёсць тое, што ён спажывае ў ежу.
Рытуальны сэнс свініна набыла яшчэ ў глыбокай старажытнасці і распаўсюдзілася па ўсіх краінах Еўропы ажно да Партугаліі. На баляваннях феадалаў у эпоху Сярэднявечча падаваліся велізарныя смажаныя тушы дзікоў. Археолагі знаходзяць у кельцкіх паселішчах найбольш менавіта свіных костак. Не дзіва, што свініна з’яўляецца нацыянальнай ежай чэхаў, славакаў, аўстрыйцаў, германцаў, скандынаваў, балтаў, украінцаў і беларусаў. Украінцы і беларусы, на думку этнографаў, асабліва любяць сала. А вось для традыцыйнай культуры рускіх яно — ва ўсялякім разе, у ХІХ стагоддзі, калі рабіліся этнаграфічныя запісы, не характэрна. Гэта якраз сведчыць пра тое, што на тэрыторыі Расіі татэмных дзікоў і культу свінні не было [37, 140]. Затое ў заходнееўрапейскіх народаў ён захаваўся. Магчыма, продкі кельтаў у Заходняй Еўропе якраз і прыручылі свінню, таму стаўленне да яе ў прынцыпе, асабліва ў скандынаваў, станоўчае, без процілеглых нюансаў, якія ўсё ж прысутнічаюць у славянаў: назваць чалавека «свіннёю» — лаянка. (Татэмамі ў славянаў былі іншыя істоты: зубр, лось, воўк, мядзведзь, бусел. Пагэтаму ў адносінах да свінні ўплыў хрысціянства ў нас быў мацнейшы). У Швецыі і Даніі на Новы год нават выпякаюць велізарны каравай з цеста ў выглядзе вепрука. Пякуць яго часта з зерня апошняга снапа ўраджаю. Каравай стаіць на стале ўвесь час Калядаў. Частку яго захоўвалі да вясны, а тады прымешвалі да насення і давалі есці хатняй жывёле. Такім чынам, у еўрапейскіх народаў дух поля, дух ураджаю часта ўвасабляецца ў вобразе свінні як жывёлы, найбольш звязанай з зямлёю.
Сувязь раслін, жывёл і свету продкаў у абраднасці індаеўрапейцаў яшчэ раз ярка дэманструе непадзельнасць старажытнага мыслення, адзінства старадаўняга космасу, веліч сялянскай язычніцкай культуры.
Паэтызацыя святочнага стала з такой разнастайнасцю страў, якую ў наш час ужо цяжка і ўявіць, — адна з самых яскравых традыцый беларускай мастацкай літаратуры, бо, апяваючы мясную ежу, беларускія пісьменнікі славяць уласна жыццё, яго сілу, вялікія творчыя магчымасці прыроды, а таксама працу селяніна, красы і гонару, асновы нацыі. Беларускія пісьменнікі разумелі важнасць сялянскай культуры і ўмелі ўвасобіць нацыянальны космас у шмат якіх геніяльных радках. Напрыклад, у Якуба Коласа: