Дуброўскi i Маруся паднялiся па прыступках, i Аленка ўжо не бачыла iх, толькi чула галасы. Ёй было так цiкава паслухаць,аб чым размаўляе з яе сяброўкай гэты "стары цыган". "Цяпер ужо князь!" - усмiхнулася Аленка. Яна стала прыслухоўвацца.
- Вы сёння такая прыгожая, - сказаў Дуброўскi, - гэты сарафан вельмi пасуе вам...
"Хоць бы мне адзiн камплiмент сказаў Мiкола!" - пранеслася ў думках у Аленкi.
- Кiм вы марылi быць у дзяцiнстве? - папытаўся Дуброўскi ў Марусi.
"Мiкола нiколi не цiкавiўся, кiм я марыла быць, i наогул, як я жыла, што мяне засмучала i радавала", - абуралася Аленка.
- Ну што, расказваць далей пра сваё захапленне спелеалогiяй? - засмяяўся Дуброўскi.
V
У разбуранай царкве пасялiлася сава. Яна крычала ўначы, як малое дзiця, i палохала дзяўчат, якiя познiлiся на танцах. Мiколу не давала спакою думка пра царкоўны склеп i ўмураваныя ў сцяну, ледзь прыкметныя дзверцы. Ён зусiм не слухаў музыкi, нiкога не запрашаў да танцаў. Сядзеў з Антосем за столiкам i гуляў у шахматы.
- Пайшлi, паспрабуем адчынiць тыя дзверцы! - з запалам шапнуў на вуха сябру. - А то Дуброўскi i туды лезцi забаронiць!
- Ды там, пэўна, вiно захоўвалася, - адмахнуўся Антось i нечакана запынiў погляд на дзяўчыне, што з'явiлася на парозе.
Пышныя кучаравыя валасы яе ў святле каляровых лiхтароў дыскатэкi адлiвалi блакiтным святлом. Танюткая талiя перацiснута блiскучым поясам. Жоўтая сукенка пералiвалася то малiнавым, то аранжавым адценнем.
- Гэта мая мара! - усклiкнуў Мiкола i заспяшаўся да яе.
Але ў гэты момант яму перайшоў дарогу высокi юнак, чарнявы, з чубам, зачасаным набок.
- Алесiк! - уклiкнула дзяўчына. - Ты не забыў мяне?
- Патанцуем, Гайва! - усмiхнуўся той, i дзяўчына, усмiхаючыся, павяла яго ў круг.
Мiкола аж заскрыпеў зубамi.
- Усё роўна адаб'ю! - цвёрда сказаў ён, гледзячы на Антося.
Сябар засмяяўся.
Галя сядзела побач з Аленкай i ўвесь час азiралася, калi хто заходзiў у клуб.
- Каго ты там выглядваеш? - пацiкавiлася Аленка. - Анатоль усё роўна застаўся ў лагеры.
- Я ж табе даверылася: Вайдаша кахаю!
- Дарэмна гэта...
- Ну чаму дарэмна? Калi ён сказаў мне: не выходзь замуж, значыць, хоча, каб я пасталела, а тады мяне возьме! Нават дзядзька Адась так казаў! А чаму Вайдаш гаварыў мне: не iдзi замуж? Значыць, меў нешта такое...
- Я i Маруся таксама табе кажам: не iдзi! Але ж мы не маем "нешта", проста па-сяброўску раiм. Вось i Вайдаш табе па-сяброўску раiць!
- Маруся кахае Анатоля, таму i кажа! - аж падскочыла Галя.
- А я ж не кахаю Анатоля!
- Затое ты Вайдаша кахаеш! - заключыла Галя. - Бачыла, як ты плакала, калi ён да нас у лагер прыходзiў...
- Ды мне туш у вочы трапiла, вочы размазала... - пачала апраўдвацца Аленка. - У Вайдаша ёсць нявеста, ён - князь, i яна - князёўна, - схлусiла Аленка. - Як ты не разумееш, што ён з табою нiколi не ажэнiцца! Яму патрэбен жораў у небе, а не сiнiца ў руках.
- Дык я, па-твойму, - сiнiца? - раззлавалася Галя.
- Ён ажэнiцца па разлiку, - растлумачыла Аленка, - усе князi, каралi жэняцца па разлiку. I выкiнь яго з галавы!
- Значыць, за Анатоля iсцi? - не разумела Галя.
- I за Анатоля не iдзi, i на Вайдаша не спадзявайся! - уздыхнула Аленка i замахала перад сабою насоўкай. - Працуй, рабi кар'еру, разумней! Уф! Я хутка тут з табою здурнею!
Яна паднялася i накiравалася да выхаду. За ўвесь час танцаў Аленку так нiхто i не запрасiў. "Няўжо гэта праўда, што я нiкому не патрэбная?" падумала яна.
* * *
З боку вёскi паказалася чорная хмара. Падзьмуў вецер, зашамацелi, загайдалiся верхавiны дрэваў, паднялiся ў паветра сухiя лiсты, галiнкi, сыпанулi ў твар Анатолю. Ён закрыўся рукавом штармоўкi.
- Ну, што назбiраў грыбоў для будучай жонкi? - аклiкнуў яго вясёлы дзявочы голас.
Азiрнуўся: у жоўтым спартовым касцюме i з кошыкам стаяла ля яго i ўсмiхалася Маруся.
- Садзiся, падвязу! - саскокваючы з ровара, узрадаваўся Анатоль. - Садзiся наперад, а то дождж хутка будзе! Ведаеш, у мяне з Галяй - усё! Яна на шыю гэтаму панiчу вешаецца!
- Дуброўскаму? - здзiвiлася Маруся. - Што ў iх агульнага?
- А ты ў яго спытай! - незадаволена буркнуў Анатоль, падсаджваючы Марусю на раму. - Малалетак кадрыць, i ўсё! Iрэна памяшалася, да яго ў машыну голая хадзiла, Аленка нешта плача...
- Можа, яна з-за Мiколы? - абазвалася Маруся. - Ён жа ўжо Гайву кадрыць...
- Ды не з-за Мiколы! - павысiў голас Анатоль. - Яна Мiколу ўсё даруе. А тут, надысь, князь гэты заяўляецца, рыбу вудзiць. Сядзiм утрох: я, Антосiк i ён, гад! Аленка падышла, павiталася, а ён сядзiць i глядзiць на яе, сядзiць i глядзiць, дык яна сваю вуду кiнула, заплакала i пайшла!
- Няўжо заплакала? - не паверыла Маруся.
- Ля мяне ж сядзела, бачыў... А Галя казала, што калi зiмою Аленка прыязджала да яе, то Дуброўскi гэты на танцах кадрыўся да Аленкi. А што там было потым, хто ведае, можа, у Менску стрэлку накiнуў... Сустракалiся, можа... Невядома яшчэ, ад каго яна аборт рабiла, ад яго цi ад Мiколы...
- Стой! - закрычала Маруся. - Што за плёткi?