I саскочыла з ровара. Анатоль паставiў ровар да дрэва. Буйныя кроплi дажджу ўпалi Марусi на шчокi i нос, пасыпалiся на валасы. Анатоль абхапiў Марусю, затулiў у сваю штармоўку i горача зашаптаў:
- Успомнi, як усё было ў Менску? Я прынёс табе эдэльвейсы, а ты гаворыш: застанься!.. Якi я дурны быў! Я гатовы застацца з табою назаўсёды! Ты разумная, з табою не сорамна ў кампанii, ты не гаворыш глупстваў. Ты добра гатуеш, да такой жонкi не сорамна i сяброў пасля паходу запрасiць! I размаўляць з табою цiкава. А да мацi маёй паедзеш - не нахвалiцца табою, бо ты i грады выпалеш, i карову падоiш! I з паходу мяне чакаць будзеш! Маруся, выходзь за мяне замуж!
Ён памкнуўся пацалаваць яе, але тая адхiлiлася i гарэзлiва спытала:
- А мяне ў паходы браць будзеш? На турзлёты будзеш пускаць?
- Маруся, якiя паходы, турзлёты ў тваiм узросце?
- Дык што я табе, баба старая? - раззлавалася Маруся i адпiхнула яго ад сябе.
Ён упаў, падняўся i пачаў апраўдвацца:
- Маруся, я пра здароўе тваё клапачуся... Табе i без паходаў работы ў хаце хопiць!
- А дзецi? Ты хочаш дзяцей?
- Маруся, калi ты мяне кахаеш, то зразумееш: адна турыстычная спартовая пуцёўка на Камчатку ў паход пятай катэгорыi больш за сто даляраў каштуе. А мне пазарэз трэба гэты паход, я майстрам спорту стаць хачу! Пра якiх дзяцей можа быць гаворка, каб самiм пракармiцца неяк ды мне на пуцёўку сабраць... А ты ў Дуброўскага ў фiрме мазаiчнiцай такiя даляры заграбаць будзеш - я ўвесь свет змагу пабачыць!
- А я? - упарта дапытвалася Маруся.
- Жанчына, калi кахае, на ўсе ахвяры пойдзе...
- А вось гэтага не хочаш? - Маруся сунула яму пад нос вялiкi кукiш. - На, вось табе, з маслам!..
I пабегла ад яго пад пралiўным дажджом, паставiўшы на галаву кошык.
* * *
- Дзед Уладыморык, - ветлiва ўсмiхнуўся Мiкола, - вось прыйшоў паданне запiсаць. Пра Тарфянога аленя, як абяцалi...
- Заходзь, заходзь, - запрасiў той у хату. - I дажджу не пабаяўся!
Дзед правёў яго ў прасторную, вялiкую хату з пабеленай печчу. Паказаў рукою на канапу. Узяў са стала мiсу з яблыкамi i падаў хлопцу:
- Частуйся! Можа, гарбаткi вып'еш? Прамок жа...
- Не, дзякую! - адмовiўся Мiкола. - А вы адзiн у хаце? Дзе ваша ўнучка Гайва?
- Я тут! - выглянула з другога пакойчыка прыгожая дзяўчына ў спартовым касцюме, з распушчанымi валасамi. - А я вас памятаю... Вы - сын дзядзькi Адася, у якога смачныя мочаныя яблыкi!
I засмяялася.
- Гайва! Як ты вырасла! - усмiхнуўся Мiкола. - А я ж цябе ў клубе не пазнаў! I зараўнаваў, калi ты з Алесiкам танцаваць пайшла! Навошта табе той Алесiк, вунь якi шрам у яго праз увесь твар, а ты - прыгажунечка! Табе прынц патрэбны.
- Як ты? - засмяялася Гайва i кiнула ў яго яблыкам. - Бачыла я, як ты са сваёю прынцэсаю Аленкаю ў рэчцы купалiся ноччу... Мы тады з Алесiкам гулялi...
- Яна ўжо не мая прынцэса, - абарваў яе Мiкола i ўзяўся слухаць аповяд дзеда.
Стары добра ўладкаваўся ў крэсле i, пацягваючы з прыгожага глiнянага кубка гарбату, пачаў:
- Жыў некалi ў тарфяных балотах алень. Рогi меў - тры метры даўжынёю. На яго часта палявалi, бо з такiх рагоў можна было шмат упрыгожанняў вырабiць, дый наканечнiкi стрэлаў, коп'яў, тронкi нажоў. Аленяў гэтых раней было шмат, але знiшчылi iх. I застаўся адзiн Тарфяны алень. Нiхто на яго ўжо не паляваў, шкадавалi людзi, бо была гэта самка, аленiха, i магла яна прынесцi прыплод... Але адна прыгажуня загадала жанiху свайму забiць аленiху, тады толькi згодзiцца пайсцi за яго замуж. Пайшоў хлопец у лес. Глядзiць - стаiць на паляне аленiха, а ля яе - цяля. Пашкадаваў хлопец аленiху i не забiў яе. Але ўпартая прыгажуня загадала зараз жа прывесцi да яе аленiху i цяля. Вярнуўся ён назад у лес. Убачыла яго аленiха i кажа чалавечым голасам:
- Не губi мяне, хлопец! Апошняя я з роду майго. Заб'еш - прападзе i дзiця маё, згiне род наш назаўсёды...
Сляпое каханне перамагло пачуццё лiтасцi да жывёлы, бо каханне заўсёды ад д'ябла, даражэнькiя мае...
Дзед Уладыморык абвёў позiркам Мiколу з Гайвай i дадаў:
- Каханне да жанчыны або каханне да мужчыны - ёсць самая няправiльная ў чалавечым разуменнi любоў. Гэта не боская любоў, гэту любоў прыдумаў д'ябал, ён асляпляе пажаднасцю да цела...
- А што ж аленiха, загiнула? - пацiкавiлася Гайва. - Забiў яе хлопец?
- Не, - матнуў дзед галавою. - Прывёў хлопец аленiху да сваёй каханай, а цяля па дарозе ўпала ў дрыгву i загiнула. Аленiха ж падняла дзяўчыну на рогi i закiнула аж на самы Месяц, а сама пабегла да дрыгвы i згiнула там. З таго часу прапаў у нашых краях Тарфяны алень, вымер. А прыгажуня, кажуць, i дагэтуль на Месяцы сядзiць, аленiху выглядвае, прабачэння ў яе папрасiць хоча. Але ж тая мёртвая ўжо, няма яе. Трэба пры жыццi яшчэ паспяваць даравання сабе прасiць, пры жыццi тых, каго мы пакрыўдзiлi. А памёр чалавек цi жывёлiна, хто нам даруе тады? У Бога ўжо прабачэння прасiце...
Дзед уздыхнуў, падняўся з канапы.
- Дождж скончыўся, - глянуўшы ў акно, зазначыў стары.
- Дазвольце нам з Гайвай па лужынах пабегаць! - весела ўсмiхнуўся Мiкола дзеду.
Той кiўнуў, i Мiкола, схапiўшы дзяўчыну за руку, пацягнуў яе на вулiцу.