- I як жа ж ты той шакалад робiш? Усiх дзяцей перакормiш! - дзiвiлася баба Саша, назiраючы, як Маруся памешвае на агнi малако з цукрам.
- Колькi ты лыжак малака лiла? - убегла ў хату Гайва. - У мяне нiчога не выходзiць - вада адна, i ўсё...
- Трэба ж пароўну ўсяго, - усмiхнулася Маруся, - калi дзве лыжкi малака, то i дзве лыжкi цукру... Глядзi, размешваем... Трэба, каб пяць хвiлiн толькi пакiпела, не болей... Здымаем!
Маруся ўзяла анучкай мiску i паставiла на прыпечак.
- Чым займаецца твой брат? - як быццам з ветлiвасцi папыталася ў дзяўчыны. - А дзед што робiць?
- Дзед тэлевiзар глядзiць, - Гайва ўзяла ў лыжку масла i палажыла ў мiску.
- Яшчэ адну лыжку кладзi, - параiла Маруся. - А брат што робiць?
- Таксама глядзiць! - Гайва палажыла лыжку масла i пачала размешваць, лiзнула языком. - Смачна як! А ў Вайдаша нешта настрою няма.
Яна ўзяла ў Марусi з рук пакецiк з парашком какавы.
- Дзве лыжкi сыпаць? - перапытала ў Марусi.
Тая кiўнула.
- Вайдаш сумны, - працягвала Гайва, памешваючы ў мiсцы. - Нехта яму настрой сапсаваў...
- Стаў на агонь усё! - загадала Маруся. - Няхай кiпiць чатыры хвiлiны. Тады разлiвай у формачкi i стаў у халадзiльнiк...
- I ў цябе таксама няма настрою! - заўважыла Гайва. - Учора мы з табою столькi шакаладак нарабiлi! А сёння ты нiчога не хочаш рабiць...
- Нешта Вайдаш са мною i не павiтаўся, - паскардзiлася Маруся. - Глянуў i адвярнуўся.
- На цябе наплялi ўсяго, - растлумачыла Гайва, - быццам бы ты з Галiным Толiкам абдымалася ў лесе...
- Вось яно што! - уздыхнула Маруся. - Ён у плёткi верыць?
- Можа, ён цябе зараўнаваў! - засмяялася Гайва.
- Анатоля я ведаю проста як сябра, перадай яму! I хай ён не судзiць мяне па сабе! Анатоль мне ўсю праўду пра яго сказаў, пра яго адносiны з Галяй i Аленкай! - раззлавалася Маруся.
- Пойдзем сёння ў лагер! - прапанавала Гайва. - Няхай Вайдаш параўнуе! I Алесiк таксама!
Маруся згодна кiўнула галавою.
...Утульна i цiха было ноччу ля вогнiшча. Анатоль раздаваў у кубках гарбату. Мiкола абапёрся на грыф сваёй гiтары i пазiраў на цёмную паверхню вады, у якой раз-пораз плёскалася рыба. Антось трымаў у руцэ галiнку i адмахваўся ёю ад камароў. Галя сядзела, насупiўшыся, ля яго i кiдала незадаволеныя позiркi на Марусю i Гайву.
- Я раскажу вам аповяд, - прапанаваў Мiкола. - Пра каханне. Шкада, што няма Аленкi, паехала на магiлу да сваёй бабкi. Але ж слухайце. Некалi чалавек быў магутны, ён меў выгляд страшны: жаночае i мужчынскае тулавы, зрослыя ў адно. Багi вельмi баялiся гэтых людзей, таму рассеклi iх на палавiны: мужчынскую i жаночую... Тады чалавек стаў слабы i няшчасны - ён увесь час шукаў сваю палавiнку, iншы раз i за ўсё сваё жыццё не знаходзiў. Вось i я шукаю... Усе мы шукаем, таму так шмат пакут ад кахання, бо часта хапаем не сваю палавiнку...
- Таму, што верым у гэтую казку! - строга сказаў Антось. - Яе выдумаў д'ябал, як выдумаў каханне. Такога няма ў Бiблii. Мы ўсе - душы жывыя, палоннiкi цела свайго. Душа не мае полу: нi жаночага, нi мужчынскага. Калi нараджаецца дзiця, Бог пасылае яму душу. Душа - бясполая! Запомнiце гэта! I чаму мы менавiта шукаем сваю роднасную душу сярод супрацьлеглага полу? А можа, яна, тая наша роднасная душа, знаходзiцца ў тваiм сябры, сяброўцы, у тваiм дзiцяцi? Падумайце пра гэта! Успомнiце, колькi на зямлi няшчасных людзей, тых, якiя не знайшлi шчасця ў каханнi, шлюбе? Толькi адзiн шлюб на тысячу шчаслiвы. Астатнiя дзеля прылiку, каб людзi не смяялiся, альбо дзеля дзяцей жывуць! Паглядзiце, у гэтай вёсцы ёсць шчаслiвыя сем'i? Не, iх няма. Сем'i iнтэлiгенцыi вясковай - бутафорыя, на людзях быццам бы i добра, а глыбей зiрнеш - здрады, спрэчкi. Няўжо ж так цяжка адшукаць гэтыя палавiнкi? Ды проста нiякiх палавiнак няма! Ёсць любоў боская, яе вы знойдзеце ў манастыры! Паглядзiце, якая любоў там сярод братоў i сясцёр! Вось гэта i ёсць сапраўдная любоў! На зямлi няма нiчога вечнага! Iсус гэта ведаў, калi д'ябал у пустынi прапаноўваў яму стаць царом свету гэтага. Хто ж тады з'яўляецца царом свету гэтага? Калi б д'ябал не з'яўляўся царом свету гэтага, ён не прапаноўваў бы яго Iсусу! Значыць, мы жывём у iлюзорным свеце, у свеце сваiх фантазiй, у падмане д'ябла! Нам трэба адмовiцца ад гэтага свету i дбаць пра свет вечны...
- А я веру ў каханне! - запярэчыў Мiкола. - Петрарка i Лаура... Неферцiцi i Эханатон... Рамэа i Джульета...