- Дзiця маё, але ў цябе ў мiру ёсць хворы бацька. Хто яго дагледзiць? Сама ж казала, што мацi паехала да другога. Можна выконваць усе патрабаваннi манаскiя ў мiру. I нават патрэбна. Гэта будзе твой першы послух - выходжваць бацьку аж да самай ягонай смерцi. Жыццё манаскае ёсць жыццё па евангельскiх запаведзях, якiя нам даў Хрыстос, Збавiцель наш. I запавядаў гэта ўсiм без выключэння. Калi табе па душы жыццё манаскае - будзь манахiняй, калi ты прызваная Богам служыць у мiру, то заставайся там. Хвалiць Госпада можна ўсюды, аберагаючы ў душы сваёй, у сэрцы сваiм, падпарадкоўваючыся законам Божым. Манах - гэта той, хто прытрымлiваецца запаведзяў. Манах ёсць той, у каго цела ачышчанае, чыстыя вусны i розум прасветлены, хто, смуткуючы i хварэючы, заўсёды памятае i думае пра смерць - i ў сне, i ў час малiтвы i працы. Манах - бездань пакорлiвасцi, у якой ён утапiў усякага злога духа. Вера наша выражаецца ў размове i даверлiвасцi да Бога, размова - ёсць малiтва. Вера стрымлiвае эгаiзм, дае чалавеку свабоду i спакой, дабрыню. Iспыты i смуткi непазбежныя ў жыццi - яны правяраюць нашу веру. Смутак упэўнiвае нас у тым, як недаўгавечны радасцi зямныя, мiрскiя... Што трэба рыхтавацца да больш дасканалага, вечнага жыцця - у свеце Гасподнiм, духоўным, нябачным для нас цяпер...
Матушка iгумення ўзяла ў рукi тоўстую кнiгу "Жыццё святых" i цiха мовiла:
- Многiя лiчаць манашак дзiвачкамi, маўляў, як гэта яны жывуць без мужчын, без сям'i. Але ж мэта жыцця i сэнс не ў гэтым...
Твар у матушкi чысты, здаецца - свецiцца. Вочы - вялiкiя, разумныя.
- Iдзi пакуль, пажывi ў мiру, - параiла ёй матушка, - правер веру сваю, дагледзь бацьку. Толькi аберагай чысцiню цела i душы... Можа, табе знойдзецца добры хрысцiянiн, вернiк... Вось паслухай пра святую мучанiцу Людмiлу...
Матушка разгарнула кнiгу i прачытала:
- Людмiла была родам з Сербii, дачка князя. Выйшла замуж за князя чэшскага. У той час чэшскi народ быў яшчэ не хрышчаны. Пасля шлюбу князь i яго жонка даведалiся пра Хрыста, пра Бога адзiнага - i прынялi хрышчэнне. Пабудавалi цэрквы. Запрасiлi ў iх святароў. У iх было тры сыны i адна дачка. У хуткiм часе муж Людмiлы памёр. Княжна смуткавала i суцяшала сябе ў малiтве, раздавала бедным мiласцiну. Нявестка ж узненавiдзела свякруху-хрысцiянку i вырашыла загубiць яе. Яна падаслала бандытаў, i тыя забiлi Людмiлу. Ёй тады было шэсцьдзесят год. Усё сваё жыццё Людмiла пражыла як хрысцiянка, таму Гасподзь праславiў многiмi цудамi месца яе пахавання: кожную ноч над тым месцам з'яўлялiся свечкi i гарэлi ўсю ноч... Сын Людмiлы перанёс яе мошчы ў Прагу, дзе яны знаходзяцца i цяпер...
Матушка перагарнула некалькi лiстоў.
- А вось пра Фёклу, - пачала яна. - Фёкла яшчэ была дзяўчынаю, калi пачула ад апосталаў пра Iсуса. Павел, размаўляючы з ёю пра чысцiню духоўную i цялесную, сказаў, што дзяўчына, якая беражэ сваю чысцiню, не iдзе замуж, падобная да анёлаў, а Хрыстос - ёсць жанiх яе... Фёкла цвёрда вырашыла пакiнуць жанiха свайго зямнога - не выходзiць за яго замуж. Яна не скарылася волi бацькоў i збегла ў пустыню. Хутка яе схапiлi, i яе мацi ад злосцi i непакорнасцi дачкi паддалася ўплыву д'ябла i крыкнула:
- Спалiце яе!
...Да здзiўлення ўсiх, полымя высока паднялося i акружыла Фёклу, не чапаючы яе, а потым раптам пайшоў дождж з градам i патушыў полымя. Фёкла была выгнана з горада...
...Адзiн князь закахаўся ў Фёклу, высачыў яе, прапанаваў стаць ягонай жонкай. Але Фёкла не паддалася на спакусу д'ябла.
...Кiнулi Фёклу да дзiкiх звяроў, але тыя не кранулi яе.
- На ёй чароўная вопратка! - закрычалi язычнiкi. - Здымiце яе!
...Звяры ляглi да ног Фёклы, прыкрываючы яе сваiмi целамi, каб злыя людзi не глядзелi на яе голую...
...Пражыла Фёкла чыстаю ў пустынi, лячыла людзей ад хвароб, а калi стала старою, то вырашылi хлопцы наглумiцца над ёю. Фёкла бегла ад iх i прасiла Бога выратаваць яе. Тады скала расступiлася - i праглынула Фёклу, абаранiла чысцiню яе. Гэтая гара зрабiлася магiлай бязгрэшнага цела яе. Цяпер яна ў вечным жыццi праслаўляе Бога...
Матушка ўздыхнула.
- Выбiрай сама шлях свой да Госпада, - сказала яна Аленцы.
Вясковыя людзi адмовiлiся хаваць Соф'ю - яны баялiся нават наблiзiцца да яе. У горадзе муж Соф'i па стану здароўя не мог арганiзаваць пахаванне. Ягоная дачка даглядала яго i ў страху малiлася штодзённа i кожную ноч. Прыняць цела мацi яна адмовiлася. Так i ляжала Соф'я ў раённай трупернi каля двух тыдняў, пакуль раённыя ўлады не пахавалi яе, захутаўшы ў тканiну, без труны. Закапалi за могiлкамi, у раўчуку. Вось тады i пачалося: кожную ноч нешта скавытала на магiле, кружылi вялiкiя птушкi, непадалёку ад таго месца траплялi ў аварыю машыны. Да ўсяго яшчэ ў прыдатак многiя, хто бачыў ноччу жанчыну ў ружовым халаце, пачыналi адчуваць млявасць, слабелi рукi i ногi не маглi хадзiць. Выклiкалi бацюшку, але той адмовiўся i наблiжацца да магiлы. Трэба было ноччу, апоўначы, забiць асiнавы кол у магiлу, але ўсе баялiся. А больш за ўсiх Зоська.