Читаем ЛЯЛЬКА полностью

Гэтак разважаючы, ён запавольвае крок ды перастае саступаць дарогу. І калі ўжо думае, што зараз французы пачнуць паказваць на яго пальцам, са здзіўленнем заўважае, што яны ўсё менш звяртаюць на яго ўвагі. За гадзіну, праведзеную на вуліцы, ён зрабіўся звычайнаю кропляю парыжскага акіяна.

“Тым лепей!” – мармыча ён сабе пад нос.

Раней праз кожную сотню крокаў дамы расступаліся, і – то справа, то злева – з’яўлялася нейкая бакавая вулічка. Цяпер аднастайная сцяна дамоў цягнецца ўжо няспынна. Занепакоены, ён ідзе хутчэй, дабіраецца, нарэшце, да бакавое вуліцы, якую рады бачыць, збочвае направа і чытае: Rue St. Fiacre202.

Ён усміхаецца, бо яму прыгадваецца нейкі раман Поля дэ Кока. Зноў бакавая вуліца, і зноў ён чытае: Rue du Sentier203.

“Не ведаю,” – кажа ён сам сабе.

Праз дзясятак крокаў далей бачыць: Rue Poissonniere204, што выклікае згадку пра нейкую крымінальную справу, а потым – цэлы шэраг кароткіх вулічак, якія выводзяць да тэатра “Gymnase205.

“А гэта што?..” – думае ён, бо заўважае з левага боку вялізную пабудову, не падобную ні на што бачанае раней. Гэта вялізарны каменны прастакутнік, а ў ім – брама з паўкруглым скляпеннем. Вядома, гэта брама, якая стаіць на перакрыжаванні вуліц206. Побач з ёю – будка, дзе затрымліваюцца омнібусы, амаль насупраць – кавярня і ходнік, аддзелены ад вуліцы нізкаю жалезнаю балюстрадаю.

За сотню-другую крокаў далей – другая падобная брама207, пасярэдзіне якое – шырокая вуліца. Рух нечакана ўзмацняецца, бо тут праязджаюць ажно тры віды омнібусаў і трамваі.

Вакульскі глядзіць направа і зноў бачыць два шэрагі ліхтарняў, два шэрагі кіёскаў, два шэрагі дрэў і два шэрагі шасціпавярховых дамоў, якія расцягнуліся на даўжыню Кракаўскага Прадмесця і Новага Святу. Канца ім не відаць, толькі недзе далёка-далёка вуліца падымаецца ўгару аж да неба, дахі зніжаюцца да зямлі і ўсё знікае.

“Калі нават я заблукаю і спазнюся на сесію, пайду ў той бок!..” – думае ён.

А на павароце яго мінае маладая кабета, рост і рухі якой робяць на Вакульскага моцнае ўражанне.

“Яна?.. Не… Па-першае, яна засталася ў Варшаве, а па-другое, я сустракаю ўжо другую такую… Ілюзіі…”

Але сілы пакідаюць яго. На момант ён нават траціць памяць: стаіць на перакрыжаванні вуліц, абсаджаных дрэвамі, і не ведае, адкуль прыйшоў. Ахоплівае яго панічны страх, вядомы людзям, якія заблукалі ў лесе. На шчасце, пад’язджае каляска, і фурман усміхаецца яму вельмі прыязна.

– Гранд Гатэль, – кажа Вакульскі і садзіцца.

Фурман датыкаецца рукою да капелюша і гукае:

– Наперад, Лізетка!.. Гэты шляхетны чужаземец паставіць табе за турботы кварту піва.

Потым ён крыху паварочваецца да Вакульскага і кажа:

– Адно з двух, абывацелю, або вы толькі сёння прыехалі, або вы пасля добрага сняданку...

– Я сёння прыехаў, – адказвае Вакульскі, супакоены выглядам яго чырвонага паголенага твару.

– І крыху выпілі, гэта адразу відаць, – заўважае фурман. – А таксу ведаеце?..

– Не мае значэння.

– Наперад, Лізетка!.. Вельмі спадабаўся мне гэты чужаземец, і я думаю, што толькі такія павінны наведваць нашу выставу. Ці вы ўпэўнены, абывацелю, што мы мусім ехаць да Гранд Гатэля?.. – звяртаецца ён да Вакульскага.

– Ніякіх сумневаў.

– Наперад, Лізетка! Гэты чужаземец пачынае мне імпанаваць. Ці вы, абывацелю, не з Берліна?..

– Не.

Фурман глядзіць на яго і, нарэшце, кажа:

– Тым лепей для вас. Няма ў мяне, праўда, прэтэнзій да прусакоў, хоць яны забралі ў нас Эльзас і добры кавалак Латарынгіі, але не люблю, калі ў мяне немец за спінаю. Адкуль жа вы, абывацелю?

– З Варшавы.

– Во як!.. Прыгожы край… багаты край… Наперад, Лізетка!.. Дык пан паляк? Я ведаю палякаў!.. Вось пляц Оперы, абывацелю, а вось Гранд Гатэль…

Вакульскі кінуў тры франкі фурману, хутка ўбег у браму і падняўся на чацвёрты паверх. Не паспеў ён увайсці ў свой нумар, як з’явіўся слуга і аддаў яму цыдулку ад Сузіна ды стос лістоў.

– Шмат наведнікаў… шмат наведніц! – сказаў слуга, весела пазіраючы на яго.

– Дзе ж яны?

– Яны ў прыёмным салоне, яны ў чытальні, яны ў сталовым пакоі… Пан Жумар непакоіцца…

– А хто гэта – пан Жумар? – запытаўся Вакульскі.

– Маршалак двара пана і пана Сюзэна… Вельмі спрытны чалавек і шмат мог бы зрабіць пану паслуг, каб быў пэўны гэтак… з тысячу франкаў у якасці падзякі… – працягваў тым самым вясёлым тонам слуга.

– Дзе ён?

– Ён на другім паверсе ў панскім салоне для прыёмаў. Пан Жумар вельмі знаходлівы чалавек, але і я, можа, прыдаўся б вашай вялікасці, бо завуся я – Мілер. Насамрэч, я з Эльзаса і даю слова, замест таго, каб браць з пана, яшчэ прыплаціў бы франкаў па дзесяць у дзень, абы скончылі, нарэшце, з прусакамі.

Вакульскі ўвайшоў у нумар.

– Галоўнае, няхай панове асцерагаюцца тае баранесы… якая ўжо чакае ў чытальні, а сама мае прыйсці, нібы, толькі а трэцяй… Клянуся, гэта немка… Я ж з Эльзаса!

Апошнія словы Мілер прамовіў прыцішаным голасам і вярнуўся ў калідор.

Перейти на страницу:

Похожие книги