– Дасціпна!.. – сыкнуў пан Лісецкі. – Мая лысіна, калі яе хто і бачыць, дык гэта толькі сумная спадчыннасць, а панская сівізна і бурклівы характар – гэта ўжо адзнакі старасці, якую… хацеў бы я шанаваць.
У краму ўвайшоў першы пакупнік: кабеціна ў салопе і хустцы на галаве, якая пажадала медную плявальніцу… Пан Ігнацы пакланіўся ёй вельмі нізка і прапанаваў крэсла, а пан Лісецкі на хвіліну знік за шафамі і ўручыў пакупніцы поўным годнасці жэстам жаданую рэч. Потым ён напісаў кошт плявальніцы на квітку, падаў яго праз плячо Жэцкаму і пайшоў за прылавак з выглядам банкіра, які ахвяраваў на дабрачыннасць некалькі тысяч рублёў.
Спрэчка пра сівізну і лысіну была спынена.
Толькі каля дзявятае ўвайшоў, а дакладней, уварваўся ў краму пан Мрачэўскі, бялявы прыгажун дваццаці з нечым гадоў з вачыма, як зоркі, вуснамі, як каралі, вусікамі, як атручаныя штылеты. Ён убег, цягнучы за сабою ад парогу духмяную хвалю, і гучна загаманіў:
– Слова гонару, ужо, мусіць, палова на дзясятую. Я ветрагон, я абібок, ну, нягоднік я, але што рабіць, калі маці ў мяне захварэла, і мусіў я шукаць лекара. Быў у шасцярых…
– Ці не ў тых, якім носіш, пан, нэсэсэры? – запытаўся Лісецкі.
– Нэсэсэры?.. Не. Наш доктар не прыняў бы нават шпількі. Шляхетны чалавек… Праўда, пане Жэцкі, што ўжо палова на дзясятую? Спыніўся мой гадзіннік.
– Зараз будзе дзя-вя-та-я... – адказаў з асаблівым націскам пан Ігнацы.
– Толькі дзявятая?.. Ну хто б падумаў! А я ж планаваў, што прыйду сёння ў краму першы, раней за пана Клейна…
– Каб сысці яшчэ да васьмі, – заўважыў пан Лісецкі.
Мрачэўскі ўтаропіўся на яго сваімі блакітнымі вачыма, у якіх намалявалася невымоўнае здзіўленне.
– Адкуль пан ведае?.. – прамовіў ён. – Ну, слова гонару, гэты чалавек валодае прарочымі здольнасцямі! Якраз сёння, слова гонару… мушу быць у горадзе яшчэ да пачатку сёмае, хоць памры, хоць звальняйся…
– Няхай пан з гэтага і пачне, – выбухнуў Жэцкі, – і будзе пан вольны яшчэ да адзінаццатае, нават у гэтую ж хвіліну, пане Мрачэўскі. Пан павінны быць графам, а не крамнікам, і я дзіўлюся, чаму пан адразу не абраў сабе такую прафесію. Тады б заўсёды ставала часу, пане Мрачэўскі. Анягож!
– Ну, але ж і пан у ягоныя гады лётаў за спаднічкамі, – азваўся Лісецкі. – Нашто ўжо тут мараль чытаць.
– Ніколі не лётаў! – крыкнуў Жэцкі і грукнуў кулаком па канторцы.
– Хоць раз прагаварыўся, што ўсё жыццё быў недарэкам, – прамармытаў Лісецкі ў бок Клейна, які ўсміхнуўся, надта высока падымаючы бровы.
У краму ўвайшоў другі пакупнік і пажадаў галёшы. Да яго падскочыў Мрачэўскі.
– Галёшыкі жадае шаноўны пан? Які памер, можна запытацца? Ага, шаноўны пан, відаць, не памятае! Не ў кожнага стае часу думаць пра памер уласных галёшаў, гэта ўжо наш клопат. Шаноўны пан дазволіць памераць?.. Няхай шаноўны пан зробіць ласку прысесці на зэдлік. Павел! Прынясі ручнік, здымі пану галёшы і вытры абутак…
Убег Павел з анучаю і кінуўся пакупніку ў ногі.
– Але ж, пане, але ж перапрашаю!.. – апраўдваўся ачмурэлы пакупнік.
– Калі ласка, – сакатаў Мрачэўскі, – гэта наш абавязак. Здаецца, гэтыя будуць якраз, – казаў ён, падаючы пару счэпленых ніткаю галёшаў. – Дасканала. Выглядаюць цудоўна. У шаноўнага пана такая дасканалая нага, што з памерам ніяк не памылішся. Шаноўны пан жадае, пэўна, літаркі. Якія мусяць быць літаркі?..
– L. P., – буркнуў пакупнік, адчуваючы, што топіцца ў хуткай плыні красамоўства ветлівага крамніка.
– Пане Лісецкі, пане Клейн, прымацуйце, зрабіце ласку, літаркі. Шаноўны пан загадае спакаваць старыя галёшы? Павел! Паабцірай галёшы і закруці ў бібулу. А можа шаноўны пан не жадае цягаць за сабою непатрэбшчыну? Павел, кінь галёшы ў скрыню… Плаціць два рублі пяцьдзясят капеек15… Галёшы з літаркамі ніхто шаноўнаму пану не падменіць, бо прыкра было б знайсці замест новага тавару дзіравыя зноскі… Два рублі пяцьдзясят капеек у касу з гэтым квітком. Пане касір, пяцьдзясят капеек рэшты шаноўнаму пану.
Перш чым пакупнік ачомаўся, ён быў абуты ў галёшы, атрымаў рэшту і з нізкімі паклонамі выпраўлены за дзверы. Пакупнік пастаяў з хвіліну на вуліцы, няўцямна пазіраючы ў шыбу, з-за якое Мрачэўскі адорваў яго салодкімі ўсмешкамі ды гарачымі позіркамі. Нарэшце махнуў рукою і пайшоў далей, разважаючы, відаць, што ў іншай краме за галёшы без літарак заплаціў бы дзесяць злотых16.
Пан Ігнацы павярнуўся да Лісецкага і пахітаў галавою, паказваючы сваё здзіўленне і захапленне. Мрачэўскі, які краем вока заўважыў гэта, падбег да Лісецкага і гучна зашаптаў таму:
– Няхай пан зірне толькі, ці ж стары наш не падобны ў профіль да Напалеона ІІІ?17 Нос... вус... гішпанка…
– Да Напалеона, калі той пакутаваў ад каменя ў нырках, – адказаў Лісецкі.
На гэты досціп пан Ігнацы закапыліў губу. Мрачэўскі ўвечары быў адпушчаны раней за сёмую, а назаўтра ў прыватным дзённіку Жэцкага з’явілася прысвечаная яму нататка: “Быў на «