На суцяшэнне сабе той мог бы сказаць, што ў гэтым самым дзённіку маюць пра сябе нататкі і двое ягоных калегаў, апроч таго, інкасатар, пасыльныя і нават слуга Павел. Адкуль Жэцкі ведаў такія падрабязнасці жыцця сваіх працаўнікоў? Гэта была таямніца, якую ён нікому не адкрываў.
Апоўдні, а першай, здаўшы касу Лісецкаму, якому, нягледзячы на бясконцыя спрэчкі, ён найбольш давяраў, пан Ігнацы хаваўся ў сваім пакойчыку, каб з’есці абед, прынесены з рэстарацыі. У той самы час сыходзіў і Клейн, а вяртаўся ў краму а другой. Потым яны разам з Жэцкім заставаліся ў краме, а Лісецкі і Мрачэўскі ішлі на абед. А трэцяй ізноў усе былі на месцы.
А восьмай увечары краму зачынялі, крамнікі разыходзіліся і Жэцкі заставаўся адзін. Ён падбіваў рахункі за дзень, спраўджваў касу, занатоўваў, што трэба зрабіць заўтра, і прыгадваў: ці ўсё было зроблена з запланаванага на сёння. За кожную занядбаную справу ён плаціў доўгім бяссоннем і тужлівымі развагамі: пра банкруцтва крамы, пра канчатковы заняпад дынастыі Напалеонаў і пра тое, што ўсе надзеі, якія ён меў у жыцці, нічога не былі вартыя.
“Усё прапала! Гінем без ратунку,” – уздыхаў ён і круціўся на цвёрдым ложку.
Калі дзень быў удалы, пан Ігнацы быў задаволены. Тады перад сном ён чытаў гісторыю консульства і імперыі19, газетныя выразкі з апісаннем італьянскае вайны 1859 года20 або, што здаралася радзей, выцягваў з-пад ложка гітару ды граў на ёй “
Потым сніў ён шырокія венгерскія раўніны, сінія і белыя лініі войска ў хмарах дыму… Назаўтра бываў ён змрочны і скардзіўся, што баліць галава.
Прыемным днём была для яго нядзеля, калі ён вырашаў, як будуць выглядаць на наступным тыдні вітрыны, і займаўся іх аздабленнем.
На ягоную думку, вокны служылі не толькі каб дэманстраваць тое, чым гандлюе крама, але яны мусілі яшчэ і прыцягваць увагу мінакоў: або моднымі рэчамі, або прыгожай іх выкладкай, або нейкімі фіглямі. Правая вітрына вабіла раскошаю; тут ставілася звычайна нейкая бронзавая статуэтка, парцалянавая ваза, будуарны столік з усёю сервіроўкаю, навакол – альбомы, падсвечнікі, партманеты, вееры разам з кійкамі, парасонамі і безліччу іншае элегантнае драбязы. А сярэдзіну левае вітрыны, дзе былі гальштукі, пальчаткі, галёшы ды парфума, займалі цацкі, часцей за ўсё – рухомыя.
Здаралася, што падчас гэтага самотнага занятку ў старым крамніку абуджалася дзіця. Тады ён даставаў і расстаўляў на стале ўсе механічныя цацкі. Быў там мядзведзь, які караскаўся на слуп, быў певень, які кукарэкаў, і спрытная мыш; цягнік рухаўся па рэйках, цыркавы блазан скакаў на кані, падымаючы над сабою другога блазна, і некалькі пар кружылася ў вальсе пад гукі невыразнае музыкі. Пан Ігнацы накручваў усе гэтыя фігуркі і адначасова пускаў іх рухацца. А калі певень пачынаў спяваць, лапочучы жалезнымі крыламі, нежывыя пары – кружыцца, штохвіліны спатыкаючыся і затрымліваючыся, калі алавяныя пасажыры цягніка, што ехаў без мэты, пачыналі здзіўлена пазіраць на яго, і ўвесь гэты лялечны свет у дрыготкім газавым асвятленні фантастычна ажываў, стары крамнік, успёршыся на локці, ціха пасмейваўся і мармытаў:
– Хе-хе-хе! Куды гэта вы едзеце, вандроўнікі?.. Нашто ты вярэдзіш сабе карак, акрабаце?.. Чаго вам абдымацца, танцоры?.. Скончыцца завод і пойдзеце вы ўсе назад у шафу. Бязглуздзіца, адна бязглуздзіца!.. А вам, каб вы ўмелі думаць, гэта здавалася б нечым важным!..
Пасля такога ці падобнага маналогу ён спехам збіраў цацкі і пачынаў неспакойна хадзіць па пустой краме, а за ім – ягоны брудны сабака.
“Бязглуздзіца гандаль… бязглуздзіца палітыка… бязглуздзіца выправа ў Турцыю… бязглуздзіца ўсё жыццё, пачатку якога мы не памятаем, а канца не ведаем… Дзе ж праўда?..”
А з-за таго, што падобныя меркаванні ён выказваў часам уголас і на людзях, яго лічылі дзіваком, а шаноўныя пані, якія мелі дачок на выданні, не аднойчы казалі:
– Вось што робіцца з мужчынам, калі ён застаецца старым кавалерам!
З дому пан Ігнацы выходзіў рэдка і ненадоўга ды звычайна абмяжоўваўся тымі вуліцамі, на якіх жылі ягоныя калегі або работнікі крамы. Тады ягоная цёмна-зялёная альгерка22 або табачнага колеру сурдут, шэрыя нагавіцы з чорнымі лампасамі і выцвілы цыліндр, а перадусім ягоная нясмеласць прыцягвалі агульную ўвагу. Пан Ігнацы гэта ведаў і на шпацыры выходзіў з вялікаю неахвотаю. Ён лічыў за лепшае запаліць свечку, пакласціся на ложак і цэлымі гадзінамі глядзець у сваё закратаванае акно, за якім відаць была шэрая сцяна суседняга дома, упрыгожаная адзіным, таксама закратаваным, акенцам, а на ім, бывала, стаяў гарнушак з маслам або вісела заечая тушка.
Але чым менш ён выходзіў з дому, тым часцей марыў пра нейкае далёкае падарожжа – у вёску альбо за мяжу. Усё часцей ён сніў зялёныя палі і цёмныя лясы, па якіх блукаў, бы прыгадваючы маладосць. Паволі абудзілася ў ім глухая туга па тых краявідах, і ён пастанавіў: адразу пасля вяртання Вакульскага з’ехаць некуды на цэлае лета.
– Хоць раз перад смерцю, але на некалькі месяцаў, – казаў ён калегам, якія невядома чаго ўсміхаліся з гэтых праектаў.