Читаем Лісты полностью

Троха пра сябе. Сёння быў у другога спецыяліста — у Гастраінстытуце. Двое, парадзіўшыся, паслалі мяне (гэта яшчэ будзе афармляцца) у Анкалагічны інстытут, бо толькі там ёсць камп’ютар, якім мяне павінны паглядзець. Часам мне бы­вае лепш, часам горш, але трэба разумець, што да канца неда­лёка. У сэнсе матэрыяльным у мяне ўсё гатова, ды яно і проста, бо ўсё адыходзіць сыну, а бібліятэка і архіў ідзе Збралевіч. Toe, што Акадэмія адносіцца да мяне больш чым па-хамску, змены не робіць — не для начальства ж я аддаю.

Але застаюцца рукапісы. Ну, "Віцкаўшчына" цалкам гатовая, ляжыць у стале. Падаў заяву ў дырэкцыю, што адпрацаваў 40 гадоў, зважаючы на што, інстытут павінен кнігу выдаць. Не надта спадзяюся, але трэба паспрабаваць усё. Артыкул пра мемуары Вайніловіча "Нёман", пратрымаўшы год, вярнуў на­зад. Напісана палова другой часткі "Археаграфіі", але тут усё ўпіраецца ў Лапу. У Юраўскім універсітэце знайшоўся студэнт I. Лапа, якога мне прыслалі з архіва два фота, а я ніяк не магу даведацца — адкуль ён паходзіў і хто былі яго бацькі? Наогул, можа, гэта мне і непатрэбна, бо на што-небудзь я, напэўна, не варты.

Раку ў мяне няма — запэўнілі ў бальніцы. Што яшчэ трэба высветліць — не ведаю. Не трэба мяне толькі суцяшаць. Пішу гэта Вам як доктару.

Улашчык.

СЕРАФІМУ АНДРАЮКУ

26 кастрычніка 1986 г. Масква

Паважаны Серафім Антонавіч!

Хацеў бы параіцца з Вамі вось па якім пытанні. У мяне падрыхтаваны рукапіс кнігі (200 старонак машынапісу), прысвечанай мінуламу вёскі Віцкаўшчына Уздзенскага раёна. Праца зроблена ў жанры гісторыка-этнаграфічных замалёвак гаспадарчага, грамадскага, культурнага развіцця, побыту і звычаяў беларускага селяніна на прыкладзе маёй роднай вёскі. Кніга атрымала ацэнку Навуковага савета Інстытута этнаграфіі і фальклору АН СССР і рэкамендавана да друку.

Багатая гістарычная фактура прадстаўлена мною знарок не ў апавядальным стылі, таму кніга напэўна зацікавіла б не толькі спецыялістаў, але і шырокага чытача, чыё павышанае імкненне да спазнання мінулага Айчыны, каранёў і скарбаў народнага духу агульнавядома. Вось і падумалася: магчыма, выдавецтва "Мастацкая літаратура" магло б даць дарогу ў свет майму тварэнню?

Умоўная назва кнігі: "Была такая вёска... 3 мінулага Віцкаўшчыны". Рукапіс на рускай мове, але калі б паміж намі дайшло да згоды, я гатовы "абеларусіць" тэкст і прыслаць у выдавецтва.

Накіроўваю для азнаямлення частку нарыса, які ласкава спадзяюся атрымаць назад разам з Вашымі меркаваннямі.

3 найлепшымі пажаданнямі — М. Улашчык.

Перейти на страницу:

Похожие книги