Бандэроль з пянькою атрымаў. Дзякуй. Дзівіць мяне — як скора забываецца нядаўняе мінулае, забыліся і пра пугі. Раней, калі ў кожнай гаспадарцы былі коні і каровы, пугу меў і самы занядбаны гультай, без яе нельга было ні выгнаць на пашу карову, ні выехаць з двара. Віць пугі умелі ўсе хлопцы (і, ведама, мужчыны) гадоў з 8-9, калі яны рабіліся пастухамі (толькі шчаслівыя пазбягалі гэтага). Кожны пастух ішоў з пугаю, звычайна, звітаю ім самім. Малыя хлапчукі вілі вяровачку, даўжынёю метр ці троха больш. Той, чыя пуга ляскала, калі ёю білі аб землю, быў шчаслівы. Такая пуга не мела асобнай назвы і звалася проста "пуга".
Больш складаным было звіць пугу "павіванку". Вілася вяровачка даўжынёю метры паўтара, прычым важна было, каб вяровачка была звітая як мага крута, пад канец яна танела, і канец быў зусім тонкі. Павіванкаю яна звалася таму, што, звіўшы вяровачку ў дзве столкі, трэцяю "павівалі", дадаючы трэцюю столку ў першапачатковыя. Самаю адмысловаю лічылася пуга кручкаваная ці дратаваная. Віліся тры вяровачкі, паступова "спускаючы" (робячы танейшымі), прычым адна была павінна быць даўжэйшаю за іншыя.
Каб звіць "кручкаванку", трэба было мець два кручкі, адзін канец якіх быў разы ў два-тры даўжэйшы, чым іншы. Зачапіўшы канец вяровачкі на кароткі канец, наматвалі яе на кручкі да самага канца. Затым з дапамогаю гэтых кручкоў скручвалі вяровачкі як мага крута і вілі з іх адну. Звіўшы так, дабіралі трэцюю, скручвалі яе як мага і вілі так, каб яна трапляла паміж дзвюма ранейшымі. Прыблізна за паўметра да канца пачыналі "саджаць бабкі" — рабіць просты вузел, на той выпадак, калі канец пугі схвошчацца, каб яна далей не развівалася. Саджалі бабкі прыблізна праз кожныя 4-5 см.
Былі яшчэ пугі "куплёнкі", якія прадаваліся ў мястэчках па 1-3 капейкі. "Куплёнкі" былі даўжынёю каля 80 см, рознага колеру: чырвоныя, зялёныя, жоўтыя, але ў пастуха ў большасці не было сваёй і адной капейкі, таму "куплёнка" была рэдкаю.
Пугаўё лічылася лепшае з вішні, даўжынёю 120—130 см, добрым! лічыліся і ядлоўцавыя; былі яшчэ гнуткія стусіновыя, але гэта хіба ў паноў. Каб пуга мела сілу, гэта значыцца, каб было ёю хвасцянуць з найбольшаю сілаю (у каровы праз усю спіну ўсхватваўся пухір), пугу мачылі ў вадзе ці проста ў лужыне, тады яе тоўсты канец стаяў, як дрот.
Апрача пугаў, з пянькі ці лёну (лепш пянькі) плялі бізуны. Просты бізун плёўся ў чатыры столкі, складаны, добры — у восем столак. Гэта значыць, вілі адпаведную колькасць вяровачак, з якіх плялі бізун. Звычайна, калі вілі вяровачкі, то тры рабілі значна даўжэйшымі за астатнія. 3 іх, скончыўшы плесці бізун, вілі яшчэ пугу. Такі бізун-пуга быў толькі ў дарослых хлопцаў, гадоў па пятнаццаць-шаснаццаць, хлопцаў-зухаў.
У адной з казак Сержпутоўскага гаворыцца, што панскі хурман "паліў з біча". Значыцца, там бічом звалася пуга (пэўна, фабрычнай работы) на доўгім стусіновым пугаўі (каля 180 см). "Біч" з таго, што быў пры мне, зваўся "дручок", даўжынёю 110-120 см, з маладога дуба, высечанага пад самы корань. 3 такімі "бічамі" хлопцы хадзілі на вячоркі ці ў карчму, спадзеючыся, што ён недзе спатрэбіцца. Нашы пісьменнікі, не ведаючы мовы, пішуць звычайна, што нехта меў у руках "дубіну".
Бізун віўся (калі гаспадар быў заможны), прыбіваўся да кароткага тронка (35-40 см). Шыкам было, калі бізун плялі праз мядзянае колца, якое прыбівалася да тронка. У такім бізуне звычайна быў кутас (кавалак сырамяці даўжынёю на см 15), большая частка якога была парэзана на вузкія палоскі. Кутас прыбіваўся на самым версе тронка. Гэта быў зусім шык.
Пугу пастараюся звіць, калі троха прыйду ў норму.
Улашчык.
ВАЛЯНЦІНУ ГРЫЦКЕВІЧУ
14 чэрвеня 1986 г.
Дарагі Валянцін Пятровіч.
Вы мяне надта ўсцешылі паведамленнем, што ізбач ужо не ізбач. Гэта добра, але хто замест яго? Марцэлеў. У мінулым годзе ён змясціў у "ЛіМе" абяцанку даць шэсць тамоў гісторыі ўсіх населеных пунктаў Беларусі (25 тысяч) за 12 гадоў. Зрабіць гэта былі павінны 20 малакваліфікаваных цётак з інстытута, якія збіралі звесткі па гісторыі па телефоне, а дырэктар стаяў над імі з пугаю і ўсё падганяў: скарэй, скарэй, бо мне трэба стаць акадэмікам.
Хто ж будзе ўзначальваць Інстытут этнаграфіі? Калісь ішла размова пра Мальдзіса, але пасля таго, як на яго напісаў пасквіль цыган з Міра, гэта кандыдатура не мае шанцаў.
Скора тры тыдні, як я дома. За гэты час моцна адужаў. Дзве гадзіны, а то і больш, хаджу ці сяджу ў парку. Нявестка ўсё кліча на Аку. Раней я лічыў гэта зусім нерэальным (тры гадзіны дарогі), але зараз пачынаю думаць — а можа? 20 чэрвеня іду на кансультацыю да таго прафесара, які распазнаў маю хваробу. Што ён скажа? Мне тут даводзяць, што трэба ехаць на Каўказ.Прыехаўшы, я падаў заяву на поўнае вызваленне. Зрабіць тое, што належыць па плане, не магу, прасіць пра нейкія льготы не хачу. А Буганаву ўсе тыцкаюць, што мне 80>. Яны хіба не ведаюць, колькі ў іх гультаёў маладых...