Этнаграфію чытаў Сербаў. Гэта быў нудны чалавек, чытаў ён так, што праз пяць хвілін ужо хацелася спаць. Ён ведаў шмат, але па кавалках, у сістэму прывесці нічога не мог. Думаю, што да самай смерці ён засгаўся праваслаўна-рускім чалавекам, якім быў у 1912 г., калі ездзіў па Беларусі і знайшоў, што насельніцтва гаворыць на чыстай рускай мове, заганаю было тое, што ў нядзелю заміж таго, каб у царкве маліцца, сядзяць на вуліцы і кураць люлькі. Ведама, што зараз надта патрэбен курс гісторыі культуры, але ж усякія "культурныя" курсы рэжуцца. Не толькі інжынеры, але дацэнты у-та пішуць, што ў справу вывучэння Беларусі "значны ўклад зрабіў...", ведаеце. Пра "Помнікі" папрашу высласць сястру, але ёй ужо 75 і яна часта [...]
Ужо трэці раз не бачу сябе на экране, але хлопцы-ўнукі сястры запісваюць на плёнку, і я магу праслухаць сябе. Такі ж пастрыглі. Некаторыя месцы сам разумеў, што не трэба было паказваць, але, як Купала быў апрануты ў 1922 г., трэба заставіць. У сувязі з "тэле" атрымліваю лісты, некалькі ад вучняў. Самае прыемнае.
Тузаюся са сваёю вёскаю. 3 Мінска прапанавалі, каб прыслаў на водзыў у І-т гісторыі, гэта значыцца смаркачу Петрыкаву! Нейкі вар’яцкі план напісання гісторыі 25 тысяч населеных пунктаў Беларусі заявіў Марцэлеў. "ЛіМ" надрукавала без заўвагаў, значыцца, згодна. Я зрабіўся сварлівым, скрозь пішу нейкія няпрыемнасці і не магу стрымацца. Між іншым, у № 9 ад 28.11 у "ЛіМе" змешчана гутарка са мною Каўко. Зроблена надта ўдала.
Дак будзьце здаровы.
Як добра, што бывае вясна. У нас гэтыя дні стаіць сонечнае вясенняе надвор’е.
АЛЕСЮ БЕЛАКОЗУ
19 сакавіка 1986 г.
Дарагі Алесь.
Архівы Гродзеншчыны (як і ўсіх іншых раёнаў Беларусі) раскіданы ў самых розных гарадох СССР, а таксама ў Польшчы і, пэўна, недзе яшчэ.
Перш за ўсё, яны ёсць у Гістарычным архіве ў Гродна, затым у Центральным архіве ў Мінску, затым у Вільні, затым у Ленінградзе, у Маскве. Надта шмат дакументаў у свой час было надрукавана ў такіх выданнях, як "Акты, издаваемые Виленской археографической комиссией", "Русская историческая библиотека" і іншых. Пра гэта, але надта коратка, гаворыцца ў маёй кнізе "Очерки по археографии". Розныя матэрыялы ёсць у маёй кнізе, што выйшла ў 1965 г., — "Предпосылки крестьянской реформы 1861 г. в Литве и Западной Белоруссии" (там спасылкі на архівы, адкуль браў матэрыялы).
У добрых выданнях, такіх як "Русская историческая библиотека", у канцы ёсць паказнікі — геаграфічныя і імён. Таму хто-небудзь з нас павінен дабрацца ў Мінск ці Гродна (перш трэба даведацца, ці ёсць у Гродна гэтыя кнігі), даведацца, ці ёсць што пра Гудзевічы (трэба браць шырай — можа, увесь Мастоўскі раён) і зрабіць адпаведныя выпіскі. Паказнікі ёсць і ў "Актах Виленской комиссии".
Якія збіраць матэрыялы? У Вас, так разумею, сабраны экспанаты пра старую вёску, але міне 50 гадоў, і ўсё, што мы бачым вакол сябе, стане мінулым, і Вашы дзеці будуць слухаць Вашу гаворку, як нешта амаль фантастычнае. Таму трэба заставіць для будучых людзей як мага лепш арганізаваны паказ сённяшняга дня.
Калісь я пісаў, што трэба як мага больш фатаграфаваць не толькі вёскі, але і пейзажы, бо яны зараз вельмі скора мяняюцца. Трэба фатаграфаваць хаты, аборы і г. д. на розных стадыях іх пабудовы. Трэба збіраць усякую дробязь (зараз дробязь, праз сто гадоў — экспанат, часам нават рэдкі), посуд. Варта сабраць пугі, якія ёсць у пастухоў. Дарэчы, даўно прабую дастаць троха пянькі, каб звіць адмысловую кручкаватую пугу і здаць у музей, але нідзе — ні пянькі, ні нават ільну.
Улашчык.
САВЕТУ МУЗЕЯ ЛІТАРАТУРЫ І МАСТАЦТВА 3-Й СШ ГОРАДА НЯСВІЖА
6 мая 1986 г.
Дарагі Савет,
Сказаць па-праўдзе, нічога ні Нясвіжу, ні музею пакуль што не зрабіў, пэўна, і не змагу зрабіць, бо занадта многа гадоў, але парады даць магу.
Музей літаратуры і мастацтва? А што Вы павінны збіраць у музеі? Якія рэчы мастацтва? Рэальна ў вас можна збіраць толькі ўзоры народнай творчасці: тканіны, разьбу, у большасці сучасныя, менш старадаўнія.
Літаратура! У Нясвіжы пражыў амаль усё жыццё Сыракомля-Кандратовіч. Дзе ён жыў, ці засталося што ад яго. Ці маеце Вы карту падарожжаў Кандратовіча, і наогул, ці чыталі Вы яго творы? У Нясвіжы была настаўніцкая семінарыя, там вучыўся ня толькі Колас, але і Сянкевіч, і Адам Багдановіч, бацька Максіма. Настаўнікам у семінарыі быў Куярынскі, аўтар цікавых прац і ці не адзінай кнігі пра бежанцаў. Што Вы ведаеце пра яго? Прачытайце дзве кнігі Сержпутоўскага "Казкі і расказы беларусаў-паляшукоў" (другая завецца крыху інакш), і Вы ўбачыце, якія мудрыя і таленавітыя былі тыя людзі, ад якіх Сержпутоўскі запісаў свае казкі. Можа каля Вас ёсць такія ж таленты, і іх трэба выглядаць, а нагледзеўшы — запісваць. Запісваць усё пра мінулае, бо гэта наша гісторыя.