Урэшце яшчэ. Відаць, Савет проста ня ўмее ні пісаць, ні гаварыць па-беларуску, і гэта ў раёне з асабліва чыстаю, харошаю моваю. Вы збіраеце матэрыялы па літаратуры, мастацтву, а мову ігнаруеце. Гэта ўжо фальш. Хто збіраецца (ці пачынае) вывучаць гісторыю Беларусі, той павінен ведаць (ня проста ведаць, але дасканала) мову гэтага народу. Інакш ён зневажае народ, лічыць яго занадта "простым", а мову мужыцкаю.
Калі Вы так лічыце, то з Вашай дзейнасці пэўна нічога ня будзе.
Пішу невыразна, бо ляжу ў бальніцы.
Вітаю Вас з усімі святамі зараз.
Улашчык
ВЯЧАСЛАВУ ЧАМЯРЫЦКАМУ
9 мая 1986 г.
Дарагі Вячаслаў Антонавіч.
Сёння 9 мая, дзень такі, які толькі (так здаецца) у маленстве быў на Вялікадня: цёплы, сонечны. Вярба адцвіла, скора зацвіце чаромха, бярозы ўсе ў зелені.
Я ўсё марыў, што вот будзе некалі год, калі я сустрэну вясну "на прыродзе". Вось убачу, як на ўзгорку растаў снег, і туды прыляцеў першы жаваронак, пасля гракі, пасля шпакі і ўрэшце, калі ўжо сыдзе паводка, убачым бусла. Ён ляціць, выцягнуўшы ногі, і той, хто бачыў такое, бег і клікаў усіх: бусел прыляцеў! Ластаўкі азначалі канец вясны, як хораша яны шчабяталі. А ці ведаеце Вы, што крычалі ластаўкі? "Ніхто не такі, як пастух пракляты: удома жарэ, на поле бярэ ды яшчэ крычыць — мала, каб яго разарвала, каб яго разарвала!"
У гэтым годзе мары здзейсніліся. 3 9 красавіка я ў бальніцы, каля бальніцы — добры сад, цераз дарогу — парк, больш луг, але ж з дрэвамі. I вось я бачыў, як сыходзіў снег, як зелянела трава, як з’явіліся першыя "маць-мачыха" (не ведаю, як па-беларуску), і далей, далей. Нават калі было холадна, сядзеў у садзе гадзіны па тры — такі ж паветра, а не куродым на Ленінградскім.
Мяне спазніліся палажыць месяцы на тры, але зараз (так мне здаецца) добра падрамантавалі, а праз тры дні еду ў санаторый "Успенскае" — яшчэ на два тыдні.
Даведаўся тут, што Інстытут літаратуры (разумей — Каваленка) высунуў кнігу Лойкі на прэмію. Разумею, што тварылася, што прадмову пісаў Шамякін, рэцэнзію — Навуменка, але нейкую чалавечую годнасць трэба мець.
Напісаў тут па памяці і паслаў на Камітэт па прэміях свае заўвагі. Сказаць усё, што хацеў, не мог, разумеючы, што гэта занадта сапсуе ўсё, але колькі было магчымай злосці, усё ўклаў. Другі экзэмпляр у сястры.
А мне на Вялікадня прынеслі чырвонае яечка і кавалачак свойскай вясковай кілбасы. Во гэта дык Вялікдзень.
Прывітанне ўсім.
Улашчык.
ВОЛЬГЕ УЛАШЧЫК
16 мая 1986 г.
Оля,
12.V. прыехаў у Успенскае, буду да 26. Перад ад’ездам начаваў дома, памыўся, забраў, што (так думалася) будзе патрэбна тут. Мне здавалася, што ў бальніцы зрабілі з мяне здаровага чалавека, але гадзіна язды ў трасучым аўтобусе паказала, што такі ж слабы. Хацелася спаць, была слабасць. Праз дзень-два гэта мінулася. Месца тут надта харошае, проста пад нагамі Масква-рака, невялікі парк, поўны варон; шпакі і ні аднаго жаваранка.
Учора я пайшоў, пайшоў перабраўся праз мост на другі бераг, ішоў і зайздросціў: людзі скрозь длубаюцца ў зямлі, кідаюць гной, робяць грады, саджаюць картофлю, у бліжніх агародах ужо падраслі пер’е ў цыбулі. Успомніўся 1921, калі вясною пайшоў араць, як хораша было ісці за плугам і адчуваць холад, а ззаду — гракі і гракі, а ўверсе сотні жаваранкаў. На Нарачы я чуў пару жаваранкаў, а ва ўсім Падмаскоўі ні разу. Трэба заносіць у Красную кнігу. Ці проста закупіць за граніцай. Між іншым, у Васільева (надта цікавая кніга) прачытаў, што на Палессі ў разумнага старшыні калгаса, які забараніў хімікаты і карыстаецца толькі гноем, усё ваколічнае звяр’ё і птушкі збегліся, зляцеліся ў гэты неатручаны аазіс.
Стаіць сапраўдная майская пагода, скора зацвіце (а недзе ўжо цвіце) бэз. Па 4-5 гадзін хаджу ці сяджу над рэчкаю, а сёння, устаўшы да пары, выйшаў у парк і пачуў, што, пэўна, такім паветрам мы некалі дыхалі ўвесь час. I мне, значыць, добра, але калі прыехаў да хаты, то ўбачыў, што лячыць ці даглядаць трэба не мяне, але маладых. Саша заўсёды быў худы, пэўна, ён не з’ядае і палавіну таго, што ем я, а ў Тамары зусім замардаваны выгляд. Талкую, тлумачу, кажу — не шкадуйце грошай на яду, гэта самае неразумнае, да таго ж грошай стае, а Саша і да гэтага часу стараецца купіць самае таннае, што азначае самае горшае.
У бальніцы шмат пісаў, сюды прывёз пак паперы, але вось за ўвесь час пішу табе першы ліст. Між іншым, пішу не для таго, каб мець адказы: ты можаш не канфузячыся не пісаць наогул. Гэта ў мяне была патрэба, і я за месяц паслаў не менш як 20 лістоў.
У ГУДЗЕВІЦКІ ШКОЛЬНЫ МУЗЕЙ
30 мая 1986 г.
Дарагая Каця.
Усю вясну я хварэў, дамоў вярнуўся некалькі дзён назад. Троха адрамантавалі, але ж троха. Сяджу дома, пішу адказы на лісты, што прыходзілі ў гэты час, зараз вось пішу Вам.