Читаем Лісты полностью

Хадзіць па начальніках, прасіць, сварыцца — цяжка, і таму я толькі зараз узняў ізноў пытанне аб выхадзе кнігі. Я разумею, наколькі была б кніга цікаваю для вёскі, ды і не толькі для вёскі, але скрозь сядзяць тыя, ад каго залежыць пусціць у друк, а яны не пускаюць. Валтузня ідзе далей.

3 Вашага ліста адчуваю, што Вы не маеце газеты "Голас Радзімы", дзе змешчаны артыкул пра маю дзейнасць. Маю якраз адзін вольны [экзэмпляр] і дасылаю ў Ваш музей. Узрадаваны, што праца Музея набыла такі шырокі характар: зразумела, што трэба ведаць не толькі гісторыю, але і прыроду.

Прывітанне Вашай школе, яна павінна б стаць узорам для ўсіх іншых.

Улашчык.

ВАЛЯНЦІНУ ГРЫЦКЕВІЧУ

1 сакавіка 1986 г.

Дарагі Валянцін Пятровіч.

Я надта паважаю Каханоўскага за дзейнасць і за кнігі. Ду­маю, што кніга пра музей стане нейкім выходным пунктам для больш грунтоўных доследаў. Я не прабаваў, праўда, нічога з яго творчасці правяраць па першакрыніцах, а вось Вы праверылі, і знайшлося штось непрыемнае. Гэта ці не агульная бяда землякоў. У нас так мала ведаюць сваю краіну, што калі знаходзіцца што-небудзь пра сваё паселішча ў друку, то гэта разглядаецца як нейкае дзіва: "Во і пра нас". Таму і апошняя кніга Каханоўскага карысная, але яна занадта сухая. Заўсёды сцвярджаю (калі хто піша пра вёскі, мястэчкі, гарадкі) — павінны ска­рыстаць Геаграфічны слоўнік, дзе так шмат цікавага.

Пра памылкі, дапушчаныя ў кнізе, Вам трэба напісаць аўтару, і напісаць жорстка, каб у далейшым такога не было.

Цяпер пра юбілей. У інстытуце на юбілеі была пошасць — 100 гадоў Дружыніну, 90 — Мінцу, 80 — мне. Дзень Мінца (хаця і па памылцы) супаў з маім (4.ІІ). У Мінца зрана, у мяне — а трэцяй гадзіне. Пра мой, каб выпадкам не сказаў сам, можа, і наогул ніхто не ведаў бы, а калі даведаліся, то адбылося ў сектары.

У студзені ў мяне дні два-тры былі "моцныя", калі я хадзіў і працаваў, а дзень-два ляжаў. Таму, калі надыходзіла чацвёртае, то я тры дні не выходзіў з хаты і глытаў розныя медыцынскія "гузікі", каб быць у форме. Пайшоў у форме, але папрасіў Буганава, каб справа не зацягвалася, і ён пастараўся так і зрабіць. Сказалі: Горская, Анфімаў, Харашкевіч, Рудніцкая, Думін (ледзве паспеў), Каўко, ну, вядома, і Буганаў. За гадзіну ўсё ўладкавалася. Гаварылі проста і сардэчна (я ж не начальнік, каб выдумляць).

Цэнтрам усіх падзей было тэлебачанне. На праграме "Ліра" мне далі 80 мінутаў. Да гэтага я таксама рыхтаваўся — ляжаў і ляжаў. На тэлебачанні прайшла гадзіна, покуль пачалося. Падыходзілі знаёмыя і незнаёмыя, урэшце павялі ў студыю. Тут пры самым уваходзе падхапілі пад руку, каб не ляпнуўся, бо там накіданы непрымацаваныя квадраты, і можна паслізнуцца. Зала амаль круглая, прамоўца — усярэдзіне пад юпітэрамі. На ста­ле — запіскі-запытанні, запіскі ішлі і далей, увесь час.

Калі я выступаю перад народам, то ў мяне нервовы ўздым. Слоў шукаць не трэба — яны з мяне лезуць. Пры такім становішчы ніякай гарантыі, што не зрабіў "ляп". Рабіў і там, пры рэдагаванні гэтыя месцы выразалі. Пачаў з таго, як і калі стаў даследчыкам. Пыталі, чаму не варочаюся ў Мінск, як захаваў мову, дзе нашы культурныя скарбы і г. д.

Прыехаўшы да сястры, павінен быў піць валяр’янку, адпачываў і другі дзень. Казалі, што было шмат настаўнікаў з роз­ных месцаў, шмат моладзі, пераважна з мастацкіх школаў. Усяго чалавек сто. "Пракручвалі" мяне 13 лютага. Зразумела, сам не бачыў, але ўнукі сястры запісалі на магнітафон і прывезлі сюды. Сын наладжвае апарат, каб праслухаць, але по­куль не чуў — нейкая абыякавасць да гэтага. Як звычайна — падрыхтоўка да свята дае больш радасці, чым само свята. 3 Гудзевічаў, Нясвіжа і Мінска прыйшлі лісты ад гледачоў. Сястра і іншыя, хто быў, казалі, што ў мяне выгляд быў бадзёры, што гаварыў выразна, і наогул усё прайшло добра.

Пасля некаторага перапынку ізноў хаджу па дактарох і шмат ляжу, надта аслабелы. ЭКГ, сказалі адразу, кепская. Напаў сверб, часам такі, што не магу спаць. Зараз ён троха сціх, але наогул пра здаровасць няма мовы.

Здаў у "Нёман" артыкул пра ўспаміны Вайніловіча. Намеснік сказаў, што праз дзесяць дзён пазвоняць, але ўжо некалькі разоў было па дзесяць, а паведамлення няма. Зразумела: павінны па- годзіць, а там не згодныя.

У "Литературную газету" падаў кароткі ліст, паведамляючы, што Марцалеў, маючы 20 слабенькіх кабетак, абяцае за 12 гадоў напісаць і выдаць гісторыю ўсіх 25-ці тысяч населеных пунктаў Беларусі. Рэдакцыя адказала хамавіта, я ёй напісаў пра гэта. Наогул стаў надта сварлівым. Зараз ізноў кладуся.

Улашчык.

САВЕТУ МУЗЕЯ ЛІТАРАТУРЫ І МАСТАЦТВА 3-Й СШ ГОРАДА НЯСВІЖА

3 сакавіка 1986 г.

Шаноўны Савет!

Перейти на страницу:

Похожие книги