Як дэталь хачу Вам сказаць, як я ўпершыню пачуў, што беларуская літаратура гэта свая. У якасці хрэстаматыі ў нас былі "Родныя з’явы" Коласа. Раз мы чыталі ў класе апавядан- не, як у велікодную ноч мужчыны аднае вёскі, сабраўшыся да некага, спявалі песні. Апавяданне пачынаецца са слоў: "Ноч была ціхая, цёплая, цёмная". Настаўнік тлумачыў, як дакладна пісьменнік сказаў пра такую ноч. Я прачуў гэта, але мне стала шкада тых мужчынаў, што яны не трапілі на рэзарэкцыю, бо для нас яшчэ і таго часу гэта было вялікае свята: уся царква нібы ў агні, побач гарыць вялікае вогнішча, яшчэ ў 1914 годзе ў час крэснага ходу ляцелі ў неба ракеты. Багдановіча вывучылі "Ткачых" і "Пагоню". Чамусь з Купалы нічога.
Во колькі напісаў Вам на Новы год. Вітаю, віншую, жадаю ўсяго добрага.
Улашчык.
ЭРНЭСТУ ЯЛУГІНУ
20 снежня 1985 г.
Дарагі Эрнэст Васільевіч.
Кніга мая спрэчная і да таго ж без канца (павінен быць дапісаны апошні раздзел, абагульняючы ўсё ранейшае. Гэты раздзел я і не пачынаў пісаць, і гэта не з-за таго, што больш за 20 аркушаў не варта і несці ў выдавецтва, але таму, што проста не змагу. Застаўляю гэта Чамярыцкаму).
Думаю, што ў Польшчы будуць крытычныя заўвагі ці нават рэзка крытычныя, бо цэлы шэраг праблем пастаўлены, але не вырашаны ці вырашаны так, што са мною не згодзяцца. Бясспрэчна, самае складанае легенда. Што ў ёй чыстая фантазія, што адбітак рэальнага? Бясспрэчна фантастычнае — пераезд 500 рыцараў з Італіі ў Літву. А далей? Я разбіў тэкст легенды на дзве часткі: чыста легендарную (засяленне Нявяжы) і частку, дзе можа быць адбітак рэальнага, а часткова і зусім рэальнае. Да заснавання Трокаў, а пэўна, нейкі час і пасля таго, Наваградак (мае продкі з наваградчаны, а там гэты горад завецца Наваградак) быў самым моцным замкам і ці не самым магутным эканамічным цэнтрам. Зразумела, што там сеў Міндоўг, там яго і каранавалі. У легендзе пра гэта нічога, але што запісы летапісу вяліся ў Наваградку, я пэвен, мне здаецца, што я гэта і даказаў, хаця выказаў у форме пэўнай думкі. Пэвен і пра тое, што легенда запісана па загаду Гаштольда (пра гэта цвердзяць ці не ўсе папярэднія таксама). У сярэдзіне XVI ст., калі прыблізна аформлена легенда цалкам (раней быў толькі "літоўскі" варыянт адносна прыезду), наша і літоўская шляхта вельмі зжыліся, і нашы звычайна звалі сябе літвінамі (шляхта і магнаты, а не народ, але ж народ і не пісаў). Спадзяюся, што праз некаторы час пра легенду будзе напісана спецыяльная грунтовая праца.
Цяпер пра Ермаловіча [...]
Ермаловіч на гэтым месцы апантаны, і за гэта яго трэба шанаваць. Яго гіпотэза — што не літоўцы заваявалі Беларусь, але наадварот, надта прывабная, і у яго ўжо ёсць шмат прыхільнікаў, але гэта толькі гіпотэза, прытым у самай пачатковай форме. Адным з доказаў у Ермаловіча з’яўляецца наяўнасць на Беларусі паселішчаў з назваю "Літва". Сапраўды гэта доказ адваротнага: літоўцы сяліліся на Беларусі, ці ў Польшчы, ці на Украіне, для ваколічнага насельніцтва яны былі чужыя, літва, адсюль і назвы. Дарэчы, такіх назваў ёсць значна больш, чым у Ермаловіча. У "Слоўніку геаграфічным польскім", дзе іх больш, чым у Ермаловіча, такіх назваў некалькі дзесяткаў, у тым ліку і на Харкаўшчыне. Каб гэтыя назвы загаварылі грунтоўна, трэба перш за ўсё ўстанавіць, калі яны заснаваны, бо, можа быць, і сто гадоў назад. Па-другое, каб даць такім назвам кваліфікаваную інтэрпрэтацыю, трэба быць моваведам вельмі высокай кваліфікацыі, дасканала ведаць літоўскую і лацінскую мовы, а таксама і стараславянскую.
Але каб арыентавацца як след, трэба ўзяць крыніцы не толькі свае, але і нямецкія (сярэдневяковая лаціна і старанямецкая мова). У нас покуль такіх спецыялістаў няма і, відаць, будуць не скора.
Праф. Лаўмянскі, які не так даўно памёр у Познані, у пачатку 30-х гадоў выдаў у двух тамах кнігу: "Пачатак грамадства (!) і дзяржавы Літоўскай", а ў апошнія гады ён працаваў над цэлаю серыяю (пяць ці шэсць томаў) — "Пачаткі Польшчы". Калі ў нас будзе спецыяліст такога рангу, тады праблему, узнятую Ермаловічам, можна будзе ставіць на навуковы грунт. Таму я ў палеміку з Ермаловічам уступаць не буду, магу толькі зрабіць заўвагу: ён адзначыў, што Пашута выказаў меркаванне, нібы летапісанне вялося ў Наваградку, з чаго належыць, што я гэтага пытання не закранаў, а ў мяне гэта ёсць галоўнае.
Надыходзіць Новы год. У сувязі з гэтым і ці нават і без сувязі хачу Вам пажадаць у новым годзе працяг працы, у якой няма фальшы, выдумак, а ёсць рэчаістасць у той форме, якая для нас магчыма.
Яшчэ раз: з Новым годам.
АРСЕНЮ ЛІСУ
24 студзеня 1986 г.
Дарагі Арсень Сяргеевіч.
Мне кажуць, што я стаў надта сварлівым, што да ўсіх чапляюся, але што зробіш — надта ж недарэчны план стварыў Ваш дырэктар. Два экз. паслаў у "Литературную газету", а адзін, да ведама, — Вам.
Усяго найлепшага.
Улашчык.
РЫГОРУ БАРАДУЛІНУ
17 лютага 1986 г.
Дарагі Рыгор Іванавіч.
Спаткаўся з Вамі на пару гадзін, і ці будзе яшчэ спатканне, ці не — невядома. Жыву надта адзінока, гавару на тэмы, якімі жыву, рэдка, і таму, калі напаткаю слухача, гавару занадта шмат.