Чытаю і перачытваю Вашы мініацюры — і тыя, што зараз прыслалі, і тыя, што былі раней. Для мяне гэта як размова з чалавекам, інтарэсы якога блізкія да маіх. У маім адзіноцтве размовы з жывым чалавекам бываюць рэдка. Вы ганялі кароў наранкі, а разам шмат бачылі і шмат чыталі. Такое спалучэнне і гады робяць Вашы творы мудрымі, выклікаюць на разважанні.Думаю, што ніхто так сардэчна не напісаў пра "першага" Максіма, высокі гуманізм адчуваецца ў апавяданні пра бабку, што прынесла яйкі. Нічога крыклівага, ніякага штампу, а які гуманізм. Зразумела, запамінаецца і той, у якога сабака штодня з’ядае добры кавалак мяса. Калісь у нас быў так сабе шляхціц, які казаў, што ў яго і сабакі сала не ядуць. Шляхціц, колькі б у яго ні было свіней, павінен быў выгадаваць сам, сучасны "Басарэўскі" бярэ мяса амаль задарма.
Летам стараўся набрацца як мага больш сілы, і, здавалася, набраўся, але вось зараз то ўстану, то ізноў кладуся. Гады такі бяруць сваё.
Учора прачытаў Ваш артыкул пра Караткевіча. Пэўна, не скора дачакаемся такога другога. Лічу, што рэдактары павінны былі намагчыся на некаторыя змены, у прыватнасці, у рамане "Хрыстос прызямліўся ў Гародні". Па-першае, "прызямліўся". Гэта не па-нашаму. "Спусціўся на зямлю" — так, мне здаецца, павінна быць. Па другое, сланоў татары ніколі не мелі, ды каб і мелі, то ў іх налётах такія важкія звяры былі абсалютна непатрэбны. Татарская конніца праходзіла за дзень больш за сто кіламетраў, не карміўшы коней. Дзе ўжо там сланы.
Ліст, пэўна, дойдзе да Вас дзён праз дзесяць, але ўсё роўна вітаю Вас са святам. Дзякуй за кнігу.
Улашчык.
ЯНКУ БРЫЛЮ
14 снежня 1985 г.
Дарагі Іван Антонавіч.
Падыходзіць Новы год, рассылаюцца прывітальныя паштоўкі, Ваша ўжо прыйшла. Дзякуй. Але мне хочацца пагаварыць з Вамі, хаця б здалёку, таму пішу гэты ліст.
Скардзіцеся, што прабылі паўгода на вёсцы ці то на сваім хутары. Не варта шкадаваць. Як добра спаткаць раннюю вясну ў лесе ці ў полі. Як нейкае свята было калісь пачуць першага жаўранка, і як жаль, што іх зараз ці не ўсіх патруцілі. Даўно было тое, калі я прыехаў аўтобусам з Вільні ў Кабыльнікі, каб паглядзець на Нарач. Быў летні ціхі вечар, у паветры звінелі, можа, сотні жаўранкаў. Я даўно не чуў іх, ішоў і радаваўся, бо тут, пад Масквою, іх няма даўно. А цяпер няма і ў нас. Якая радасць была, калі прылятаў першы бусел (у нашай Віцкаўшчыне было адно гняздо), а ўрэшце ластачкі. Спалі, зразумела, у гумне, і вось яшчэ да сонца ластаўкі пачыналі шчабятаць. Спаць хочацца, а слухаць іх — радасць. Быў час, калі мог набыць дачу, і так хацелася ўзяць лапату і абкапаць яблыні, ускапаць грады, але ўсё быў заняты, усё кідаўся на нейкія тэмы, а зараз, здаецца, і дача непатрэбна, хіба што прыеду летам у Ракаў — усе кажуць, што там добра. Напісаўшы рэцэнзію на паскудную кнігу Лойкі, я нібы пасварыўся і з пісьменнікамі (раней з гісторыкамі), але пуцёўку, можа, дадуць.
Таму, сядзеце на добрае здароўе, калі ёсць дзе. Калісь у чацвер перад Вялікаднем, як раіла маці, я на світанні мыўся на шэрым камні крынічнаю (сапраўды з калодзежа) вадой. Перадаць, што тады адчуваў — вясна, чыстае неба, ветру ані, скора Вялікдзень, і іншае перадаць хіба музыкай, але без слыху, без голасу.
Зараз пра што іншае. Вы часта ўспамінаеце Рыльскага. У свой час я паслаў яму адбітак са свае працы, ён быў ужо пры канцы, і адказу мне не было. Адбітак меў дачыненне да "Пана Тадэвуша". Там ёсць месца, дзе гаворыцца, што пан Карп вызваліў сваіх мужыкоў, сем тысяч. Пра гэта напісана і ў падручніках, і ў непадручніках. Але, седзячы ў Вільні ў архіве, я знайшоў тры тамы рознай перапіскі, з якой належала, што ўсё гэта зман. Карп перад смерцю даручыў свайму пляменніку, якому перадаваў усё, што меў, вызваліць сялян, а той скруціў. Для сялян, пэўна, было б лепш, каб іх так не вызвалялі, бо за адмову хадзіць на паншчыну і наогул за "бунт" шмат каго пакалечылі ці проста забілі. ("История СССР", 1959, N 1). Беларускія гісторыкі па магчымасці ігнаруюць мае працы, не адгукнуліся і на гэту.
Пра "Хрыста" Караткевіча. У свой час выдавецтва папрасіла мяне даць водгук на кнігі Караткевіча, маючы на ўвазе перакласці на рускую мову. Я напісаў, што "Хрыста" не варта перакладаць, зважаючы на тое, што калі хто-небудзь напіша ядавіты водгук адносна сланоў, то будзе кепска. Зразумела гэта нейкія накіды, але не мастацкі твор. Не разумею, чаму гэта пераклалі па-чэшску? Хіба з-за экзотыкі.
Ці ведалі Вы Язэпа Шнаркевіча? У 1919 г. дзве вышэйшыя пачатковыя школы былі зроблены беларускімі, у адной вучыўся я, а настаўнікам беларускай мовы і літаратуры стаў Шнаркевіч. У 1966 годзе я спаткаўся з ім у Вільні, і колькі-небудзь моцнага ўражання ён не зрабіў і наогул, пэўна, не быў выдатным дзеячам, але як школьны прапагандыст ён быў выдатны. Ва ўсякім разе, нас малых (13-14 гадоў), якіх усё жыццё вучылі зневажаць усё сваё, ён за некалькі месяцаў зусім "перарабіў", не закранула гэта хіба мінчукоў, басякоў з Нямігі (гандлёвага цэнтра).