Читаем Лісты полностью

У нас размова пайшла пра Жылку, і я хачу сказаць Вам, чаму так сталася. Вы падаравалі кнігу перакладаў Габрыелы Містраль. Пра яе я нічога нават не чуў і падумаў, што гэта пераклады з Містраля правансальскага, а пра яго творчасць гаварыў Жылка, калі мы ў жнівені 1931 года плылі па Вятцы ў адной лодцы. Адсюль мая думка і пераскочыла на Жылку. У сваім жыцці я спаткаў толькі дваіх, у каго талент, высокая культура, нейкая персанальная далікатнасць спалучаліся ў адной асобе. Здаецца, размова ішла, седзячы на высокім беразе Вяткі (Жылка сказаў, што нібы не на Вятцы, а на Кландайку). 3 высокага правага берага быў відзен на левым лес і толькі лес, і нічога больш. Здавалася, што мы ўжо залезлі ў тайгу, якой няма і канца.

3 Містраля гаворка невядома якім чынам перайшла на "Бан­кет" Платона, а паколькі я сам не толькі не чытаў Платона, але і не спатыкаўся з чалавекам, які б чытаў гэты твор, то было цікава паслухаць. Зразумела, пра ўсё гэта гаварылася між іншым, не з тым, каб паказаць сябе. [...]

"Трэба дома бываць часцей" стаўлю эпіграфам да тае кнігі, якую ўсё не магу выдаць (кніга пра сваю вёску). Нешта святочнае адчуваеш, чытаючы "Памытую падлогу", наогул, як доб­ра, што ёсць харошыя вершы.

Дасылаю Вам кнігу. Калі пры жыцці не выйдзе "Віцкаўшчына", то гэта апошняя.

Улашчык.

ВАЛЯНЦІНУ ГРЫЦКЕВІЧУ

18 лютага 1986г.

Дарагі Валянцін Пятровіч.

Дзякуй Вам за разумны, харошы артыкул і за тое, што прыслалі. Дарэчы, здаецца, Ваш будзе адзіны, бо ў "ЛіМе", куды паслаў Каўко, за 14 лютага нічога няма. У дадатак мне ўчора званілі, нібы ў рэдакцыі "ЛіМа" надта ўсцешаны артыкулам Каўко, але, пэўна, не пойдзе. "Звязда" заказала арты­кул Іофе (які пісаў дысертацыю пра Пічэту), але друкаваць не будуць. У свой час перадалі, нібы падрыхтаваў тэлеграму ўніверсітэт, але не паслаў. Нічога і ад Інстытута гісторыі.

13 лютага мяне паказвалі па тэлебачанні. Унукі запісалі на магнітафон, але сам я яшчэ не чуў. Прыслалі некалькі фота, зробленых у студыі. У мяне выгляд такі, што магу, калі трэба, і ўкусіць. Відаць, таму рызыканту, які рыхтаваў тэле, сказалі, што ён дурань.

Наогул усё скончылася, і гэта добра, бо цяжка. У мяне ўзняўся ціск (усё жыццё быў заніжаны), часта баліць галава, у руках і нагах такі сверб, што хоць крычы. Праз пару дзён пайду на агульны агляд. Думаю, што на Аку летам ехаць не прыйдзецца, бо тры гадзіны дарогі так выматаюць, што паўдня буду ачуньваць. У канцы лета думаю трапіць у новы Дом творчасці ў Ракаве.

У Мінску ляжаць тры артыкулы, адзін — пра мемуары Вайніловіча. Намеснік галоўнага сказаў, што праз дзесяць дзён бу­дуць званіць, але мінуў месяц, а званка няма. Значыцца, чытаюць па-за рэдакцыяй. Хацелася, каб было надрукавана якраз у Мінску, а не тут. Трэба чакаць. 3 Мінска прыслалі стос кніг, у тым ліку і Каханоўскі. Як жа ён нарабіў такіх памылак?

Дзякуй яшчэ раз. Зіма такая, якой яшчэ не было. Ці не пачатак гэта эры хворасці?

Улашчык.

МІХАСЮ ЧАРНЯЎСКАМУ

18 лютага 1986 г.

Дарагі Міхал Міхалавіч.

Дзякуй за кнігу і за каляндар. Як добра выдадзены! Калісь хлопцам што ні чытаў, то было напісана пра некага, падзеі былі недзе, а ў нас не было нічога, нават невядома было — ці жыў хто-небудзь да нас. Зараз гэтая пустата запаўняецца, можа, занадта павольна.

Між іншым, некалькі заўвагаў пра кнігу. Некалі чуў, што ў нас была не расамаха, але піжасты воўк. Нічога не буду сцвярджаць, але майце на ўвазе. Дубіна. У нас проста няма такога выразу, але зараз у беларускай літаратуры гэты тэрмін у пашане. У нас гэта будзе кол або дручок. Мой бацька рабіў не гарпун, але восці. Думаю, так і трэба пісаць.

Выдавецтва для юнакоў дало занадта дробны шрыфт, але наогул надта прыемна, што я час ад часу атрымліваю з Мінска цікавыя кнігі. Памятаю час, калі выйшла першы раз "Новая зямля" — амаль адзіная на год, і як мы былі гэтым усцешаны.

Дасылаю Вам сваю "летапісную" кнігу.

Улашчык.

У ГУДЗЕВІЦКІ ШКОЛЬНЫ МУЗЕЙ

23 лютага 1986г.

Дарагая Каця.

Мне пішуць мала, часцей за ўсіх — Валянцін Грыцкевіч з Ленінграда. Я даю адказы не заўсёды акуратна, бо даволі ча­ста даводзіцца ляжаць. Я сам не бачыў сябе на экране (трэба было спецыяльна ехаць у Мінск), але казалі, што выглядаю там бадзёра. Гэта ў значнай ступені таму, што калі пачынаеш гаварыць, то атрымліваецца нервовае ўзрушэнне, за што, між іншым, пазней трэба адплаціць. Мне 80, а ў такім узросце надта рэзвым не будзеш.

Адносна кнігі пра вёску. Гэта мая балячка. Я пачаў пісаць яе студэнтам, кепска разумеў, што мне трэба, не сабраў тых вестак, якія можна лічыць самымі важнымі. Скончыў пісаць праз 50 гадоў, у 1978 годзе. Кнігу рэкамендаваў да друку Інстытут этнаграфіі Саюзнай акадэміі, і праз невялікі час я здаў яе ў выдавецтва "Наука". Павінна яна была выйсці ў свет у 1980 г., але адзін чыноўнік дадумаўся, што яе ніхто купляць не будзе і, шануючы дзяржаўны інтарэс (усе чыноўнікі шануюць дзяржаўны інтарэс), выкрасліў яе з плана.

Перейти на страницу:

Похожие книги