Ад дырэктара архіва з Тарту прыйшоў ліст. Ён у прэтэнзіі, што я не паведаміў пра атрыманне фота, а зараз паведамляе, што скора прышле фота дакументаў Лапы ў студэнцкія часы. Можа, тое, што мне патрэбна. Я не надта ўразумеў ліст дырэктара: ці гэта крыўда за няўвагу, ці архіў не атрымаў надежных грошай? Але паколькі я заплаціў на пошце што належала, то пра грошы клопату не павінна быць. Чакаю новай бандэролі.
Жадаю Вам добра адпачыць. У нас спякота такая, што выбіраюся ў парк пасля пяці вечара. Сёння бачыў на базары баравікі, добры баравік — рубель, два меншых — таксама рубель. 1 кг — не менш, як 20 руб. Гэта даражэй каўказскіх памідораў.
Улашчык.
УЛАДЗІМІРУ КОНАНУ
15 чэрвеня 1986 г.
Дарагі Уладзімір Міхайлавіч.
Я доўга прабыў у бальніцы і там прачытаў Вашу кнігу больш уважліва, чым раней. Мне яна спадабалася перш за ўсё тым, што манаграфія паказвае культуру аўтара і яго добрасумленнасць. Трэба сказаць, што ў тых доследах, якія ў апошні час выходзяць у Мінску, добрасумленнасці шукаць не варта — усё роўна не знойдзеце.
Амаль усё, што напісана пра Мінск, мае стандартны характар, а тая калюга з сутарэннем на краі павінна паказаць, які гэта быў няварты, жабрацкі горад і былі да 1917 года якія-небудзь вартыя ці нявартыя людзі — нічога, некалькі прозвішчаў пасля рэвалюцыі. Вы паказалі вяршкі тае інтэлігенцыі, якая прабавала, тварыла культуру, выказвала думкі, нечага хацела, дамагалася, проці нечага змагалася. Вашы людзі не толькі працуюць на прадпрыемствах, не толькі сядзяць у крамах ці на базарах, але і думаюць. Трэба сказаць, што пра багацце інтэлектуальнага жыцця (на прыкладах рэдакцый газет) я нават не ведаў. Сярод іх, здаецца, бясспрэчна на першым месцы быў Самойла. Я ведаў Маслакаўца (слухаў яго даклад пра раскопкі ў Заслаўі). Уражанне такое, што сябе ён лічыў бясспрэчна археолагам, які вядзе раскопкі на патрэбным узроўні, а між тым, гэта быў звычайны дылетант. (У 1927 ? годзе Сербаў, таго часу прафесар, вёў "раскопкі палёў пахавальных урнаў" каля Быхава з дапамогай плуга. Чалавек, запрагшы каня, ішоў па лініі, вызначанай Сербавым, і выворваў урны, а Сербаў падбіраў, што выворвалася. Праўда, такі метад выклікаў пратэсты, і ён не апублікаваў свае рэзультаты.)
У 1926 г. настаўнік жаночай гімназіі прынёс у гіст.- арх. секцыю Інбелькульта сваю кнігу "Стары Мінск", багата ілюстраваную. Не ведаю дакладна лёсу гэтай працы, але ведаю, што яна не выйшла, а ў той час друкаваць кнігі было надта лёгка. Наогул, тыя навуковыя сілы, якія меліся ў Мінску перад 1915 годам, былі слабыя і ў большасці рэакцыйнага напрамку (успамінаецца Скрынчанка, які лічыў — заклікаў грамадскасць — прымаць мерапрыемствы, каб у беларусаў не з’явіўся свой Шаўчэнка. Гэта ўжо калі выйшлі першыя кнігі Купалы).
Дай Вам, Божа, і далей пісаць добрыя кнігі і артыкулы.
Улашчык.
УЛАДЗІМІРУ КАЛЕСНІКУ
26 чэрвеня 1986 г.
Дарагі Уладзімір Андрэевіч.
Дзякуй за кнігу і за ліст. Вельмі харошая фатаграфія Жылкі, такі ён помніцца з мінскіх часоў, амаль такім і з Вяткі. За тысячу гадоў нашай гісторыі засталося занадта мала помнікаў культуры. Як звычайна на слабейшых дужэйшыя кінуліся з асабліваю злосцю, стараючыся знішчыць усё, што нагадвае аб былым. Мне казалі, што ў наш час куфар, дзе змяшчалася спадчына Альберта Паўловіча, спалена разам з куфрам, каб не было і знаку. Калі б зараз спытаць таго ката, які спаліў, ён нічога б сказаць не мог. Таму ўсе мы павінны быць Вам удзячны за захаванне, публікацыі, успаміны пра тых, каго ўжо няма, але хто заставіў хоць малы след. Нядаўна Брыль змясціў у "ЛіМе" вершы хлопца, які так рана загінуў. Гэта быў не Багдановіч, але гэта наша спадчына, і яе трэба захоўваць. Дзесяць гадоў назад я запісаў ад стрэчнай сястры, памяць у якой была незвычайная (гады тры назад яна памерла) прымітыўны верш, з тых, што перадаваліся вусна і былі надта папулярнымі з-за свайго крытыка-гумарыстычнага характару. Я ўключыў верш у сваю кнігу пра вёску, але кніга вось ужо шэсць гадоў як выключана з плана па той прычыне, што на яе "не павінна быць попыту" і што, значыцца, дзяржава панясе страту. У адным з самых вялікіх выдавецтваў свету ("Наука") шэсць гадоў ідзе калатня за дзевяць аркушаў. Дзе такое яшчэ можа быць?
Таму дзякуй Вам яшчэ раз за тое, што Вы сабралі хоць і рэшткі твораў нікому не вядомых людзей і сказалі пра іх добрае слова. Няхай невялікія, але ж нашы.
"Пад гэтым небам" адразу сваім рытмам нагнала на мяне ўспаміны. Зараз не памятаю — ці пісаў Вам: Жылка да смерці перапісваўся з Фэліксам Купцэвічам, родам з Горадзеншчыны, які ў пачатку 30-х гадоў жыў у Маскве. Праўда, пазней трохі Купцэвіч таксама загінуў недзе ў Абакане, але калі збіраецца матэрыял пра Жьшку, то трэба мець на ўвазе і такое. Пэўна, перапісваўся з Дубоўкам, якога ставіў надта высока ("якая светлая галава"). Дарэчы, той, пра каго ўспамінае Дубоўка ў "Пялёстках", з якім ён ехаў у Яранск і пазней з Яранска — гэта Мамчыц Мікола, са Старыцы пад Слуцкам, скончыў гістарычнае аддзяленне ун-та.