Читаем Лісты полностью

Пра сябе. Мне скончылася зімою 80. Выступление па тэлебачанню было (так думаю) развітаннем з бацькаўшчынаю. Усю вясну праляжаў у бальніцы, можа, захочуць пакласці ізноў, але не дамся. Буду сядзець дома пад наглядам клапатлівага сына. Штогод прыязджаў у Мінск, жыў у сястры, пасля ў Каралішчавічах, у гэтым годзе невядома, ці змагу прыехаць, клічуць на новыя даследаванні. Шансы ў мяне невялікія.

У кнізе маёй не стае канца. Трэба было б даць заключны раздзел, у якім бы падагульняліся ўсе разважанні. Зрабіць такое па­вінен будзе ўжо нехта, сам не мог, хаця б таму, што ў выдавецтва прымаюць рукапісы не больш як на 20 аркушаў (проста не бяруць — ідзі і выкінь пару раздзелаў ці параграфаў), а па-другое, напісаць гэты абагульняючы раздзел не змог бы.

Літоўцы (з Інстытута гісторыі) прыслалі мне харошую тэлеграму на дзень юбілею, але наогул мае творы ім зусім не падыходзяць. У Літве (не ў вучоных, але ва ўсім народзе) сядзіць (і вельмі моцна) думка, што гісторыя Вял. Кн. Літоўскага — гэта гісторыя літоўскага народа, а што мы былі для іх нечым надта дробным. Такую ж думку ўвесь час выказваюць беларускія гісторыкі, думаючы, што ў гэтым павінна быць іх заслуга, і заўсёды былі прыгнечаны, а зараз расцвілі). Між іншым, ун-т у Мінску два разы адмовіўся вызначыць мне час для чытання спецкурса, хаця пасылаў на гэта Прэзідыум АН СССР. Апошні раз той самы у-т папярэдзіў, каб я не прыязджаў на Пічэтаўскія чытанні, як нежаданы для ун-та госць. Урэшце я напісаў на кнігу Лойкі пра Купалу, што гэта фальсіфікацыя (спасылкі на працы Лапкевіча і інш.), і такім чынам пасварыўшыся з усім начальствам.

МІХАІЛУ ТКАЧОВУ

4 ліпеня 1986 г.

Дарагі Міхаіл Аляксандравіч!

Атрымаў Ваш ліст, а ўчора быў Таранда. Перадаў кнігі і фота, і сказаў пра Вашую дзейнасць, і пра паездку ў Гудзевічы. Белакозу некалі будзе пастаўлены помнік, ён гэта заслужыў як мала хто. (Дарэчы, я паслаў на імя старшыні савету Каці Манцэвіч дзве пугі, звітыя з тае пянькі, якую прыслала Каця. Падумаць толькі, што такая рэч, як пуга, зараз зусім забытая, забытая і тэхніка яе віцця).

Дзякуй і за запрашэнне прыехаць у Горадню. Зараз такое зусім нерэальна. Дактары, якія штогод пільна аглядаюць нас, каб далажыць, што мерапрыемства выкананае, ня ўбачылі, што ў мяне хворая печань. Угледзеў гэта толькі кансультант, а дактары цягнулі як мага даўжэй з адпраўкай мяне ў бальніцу. Праляжаў больш за паўтары месяцы, трохі адышоў, але калі зайшоў у паліклініку, то сказаў (той самы кансультант), што характар хваробы яму яшчэ ня высветлены, і мяне паслалі ў спецыяльны інстытут на доследы. Там чарга, і мне трэба зайсці аж 28.VІІ. Наогул, такое харошае лета сапсаванае. За мною лічыцца дача над Акою, але я так і не разумею — ці магу я туды даехаць, ці не. Зараз нібы стаў мацнейшы, можа на пару тыдняў і паеду. Вольнага часу ў мяне зараз даволі, бо цалкам зволіўся з Інстытуту.

Я ў свой час наказаў сыну, што Вы будзеце, і каб ён змясціў Вас у маім пакоі. Выйшла, аднак, так, што Вы не дазваніліся, і начавалі ў Аляксеева. Жонка яго сказала, што даклад Ваш прайшоў вельмі добра, з чым і вітаю. Аляксееў казаў, нібы бараніць Вам можна ў іх інстытуце. Можа, праўда, калі ёсць дамоўленасць у Мінску, то ня трэба ўжо блытаць. Мне пісалі, што Петрыкава сапхнулі і прызначылі Марцалева, але тут быў Побаль, званіў мне і сказаў, што такога ўсе чакаюць, але покуль Петрыкаў у інстытуце. Марашу напісаў яшчэ з бальніцы, што яго ўчынак подлы, і што на гэтым нашае знаёмства скончылася. Некалі для гэтай паскуды тут бегаў, званіў, намагаючыся праўды.

ВЯЧАСЛАВУ ЧАМЯРЫЦКАМУ

7 ліпеня 1986 г.

Дарагі Вячаслаў Антонавіч.

Са спазненнем вітаю Вас з юбілеем. Тое, што Вы рабілі ў Ленінградзе, вельмі патрэбна. Калісь паднімаў пытанне аб неабходнасці складання картатэкі хаця б надрукаваных дакументаў, але нашыя дзеячы ў той час не дараслі да такога разумення.

Я, пэўна, у Мінск больш ніколі не даеду. Бывае лепш, бывае горш, але трэба сядзець дома.

Сёння паслалі яшчэ ў адзін інстытут, хвароба вельмі запушчана. Нашыя дактары ведаюць аб хваробах мала больш, чым мы самі.

Улашчык.

ВАЛЯНЦІНУ ГРЫЦКЕВІЧУ

7 жніўня 1986г.

Дарагі Валянцін Пятровіч.

Вельмі і вельмі вітаю Вас з кнігай! Колькі яна, бедная, напакутавалася. Колькі часу нас муштравалі, што нас наогул няма і ніколі не было. Што мы свету не далі нікога. Руская мастацкая літаратура цалкам нас абышла, хіба калісь "Пан Падстоліч" спрабаваў нешта сказаць, але сказаў так, што яго ніхто не пачуў. Міцкевіч нават і ў наш час для большасці — нейкі замежны аўтар, можа, троха больш вядомы стаў Чэчат (здаўна яго завуць Чачот, але і зараз на Наваградчыне колькі хочаш Чэчатаў). Мне здаецца, у Вашай кнізе самае важнае ці важкае адносіцца да Зана. Пра яго ў нас наогул не ведаюць.

Перейти на страницу:

Похожие книги