Читаем Маска чырвонае смерці полностью

— Досыць, Роберт, — перапыніў мяне гэты стары добры джэнтльмен, — я да глыбіні душы ўражаны шырынёй тваіх даляглядаў... я проста... дальбог! (Тут ён заплюшчыў вочы і паклаў руку на сэрца). Падыдзі сюды! (Тут ён узяў мяне за плячо). Тваё навучанне можна лічыць скончаным, і табе самы час пачаць самому пра сябе клапаціцца, а лепш за ўсё трымаць нос па ветры, а таму... таму... таму прэч з майго дому і памагай табе Бог (і тут ён спусціў мяне з лесвіцы і выштурхаў за дзверы).

Адчуваючы ўнутры сябе боскі afflatus [62], я палічыў гэты выпадак хутчэй шчаслівым, чым наадварот. Я наважыўся трымацца бацькоўскае парады. Я вырашыў трымаць нос па ветры. Раз-другі таргануўшы свайго насовіча, я адразу ж напісаў брашуру па насалогіі.

Уся Абра-Ка-д'Абра прыйшла ў захапленне.

— Чароўны геній! — сказалі ў «Квартальным»*.

— Незвычайны фізіёлаг! — сказалі ў «Вестмінстэрскім весніку».

— Разумнік! — сказалі ў «Замежным».

— Цудоўны пісьменнік! — сказалі ў «Эдынбургскіх навінах».

— Глыбокі мысляр! — сказалі ў «Вячэрнім Дубліне».

— Вялікая асоба! — сказалі ў «Бэнтлі-прэс».

— Высокі дух! — сказалі ў «Фрэзеры».

— Свой чалавек! — сказалі ў «Блэквудзе».

— Хто ж ён? — спытала місіс Панчох-Сінье.

— Што ж ён? — спытала старэйшая міс Панчох-Сінье.

— Як жа ён так? — спытала малодшая міс Панчох-Сінье.

Аднак я не надаў гэтым людзям аніякае ўвагі, а проста ўвайшоў у майстэрню аднаго мастака.

Герцагіня Божа-Барані пазавала для партрэта, маркіз Вось-Дык трымаў яе пудзеля, граф Абал-Дзець заляцаўся да яе нюхальнага флакона, а Яго каралеўская вялікасць Асадзі-Назад прыхіліўся да яе крэсла.

Я падышоў да мастака і задраў нос.

— Якая прыгажосць! — уздыхнула яе светласць.

— Які жах! — пралапатаў маркіз.

— Якая брыда! — прастагнаў граф.

— Якое паскудства! — прабуркатала яго каралеўская вялікасць.

— Колькі вы за яго хочаце? — спытаў мастак.

— За гэты нос! — ускрыкнула яе светласць.

— Тысячу фунтаў, — адказаў я, сядаючы.

— Тысячу фунтаў? — задуменна перапытаў мастак.

— Тысячу фунтаў, — сказаў я.

— З гарантыяй? — удакладніў ён, паварочваючы мой нос да святла.

— З гарантыяй, — адказаў я, добра яго высмаркаўшы.

— А ён у вас сапраўдны? — настойваў ён, пачціва да яго дакранаючыся.

— А то! — сказаў я і скрывіў яго.

— I ніводнай копіі не рабілі? — дапытваў мастак, вывучаючы яго пад мікраскопам.

— Ніводнай, — паведаміў я і задраў яго.

— Чароўна! — усклікнуў ён, цалкам трацячы асцярожнасць ад прыгажосці гэтага манеўра.

— Тысячу фунтаў, — сказаў я.

— Тысячу фунтаў? — спытаў ён.

— Менавіта, — сказаў я.

— Тысячу фунтаў? — спытаў ён.

— Дакладна, — сказаў я.

— Вы іх атрымаеце, — упэўніў ён. — Гэта сапраўдны твор мастацтва! — і ён адразу ж выпісаў мне чэк і зрабіў накід майго носа. Я зняў кватэру на Джэрмін-стрыт і даслаў Яе вялікасці дзевяноста дзявятае выданне «Насалогіі» з партрэтам майго насовіча. I гэты няшчасны шалапут, прынц Ўэльскі, запрасіў мяне на абед.

Мы ўсе там былі знакамітасці і recherchés [63].

Прысутнічаў навамодны платонік. Ён цытаваў Парфірыя*, Ямвліха*, Плотына*, Прокла*, Гіерокла*, Максіма Тырскага* і Сірыяна*.

Прысутнічаў адзін ідэаліст-перфекцыяніст. Ён цытаваў Цюрго*, Прайса*, Прыстлі*, Кандарсэ*, дэ Сталь* і «Славалюбнага навукоўца, што пакутуе на хваробу».

Прысутнічаў сэр Парадоксаў друг Бессумнеўны. Ён лічыў усіх дурняў філосафамі, а ўсіх філосафаў — дурнямі.

Прысутнічаў Этык Эстэтыкус. Ён казаў пра агонь, адзінства і атамы, пра раздваенне душы і яе прабыццё, пра роднаснасць і дысгармонію, пра першабытны розум і гамеамерыі*.

Прысутнічаў Тэолагас Тэалогій. Ён разважаў пра Яўсевія* і Арыя*, пра ерась і Нікейскі сабор*, пра п’юзеізм* і адзінаіснасць, гамузію і гамуёзію*.

Прысутнічаў мсьё Фрыкасэ з Рашэ-дэ-Канкаля. Ён згадваў мюрытон з чырвонага языка, квяцістую капусту пад соўсам velouté [64], ялавічыну à la St. Menehoult, марынад пасвятафларэнтыйску і апельсінавы мус en mosaïques [65].

Прысутнічаў Бібамус О'Вылівах. Ён раскрыў тэму латуру і маркбрунэну, мусо і шамбертэну, рошбуру і сэнт-жоржу, абрыёну, леанвілю і медоку, бараку і прэньяку, граву і сэн-пэрэ. Ён паціскаў плячыма, калі згадвалі кло-дэ-вужо, і мог з заплюшчанымі вачыма адрозніць херас ад амантыльяда.

Прысутнічаў сіньёр Цінтанцінціна з Фларэнцыі. Ён заглыбляўся ў разважанні пра Чымбаўэ*, Арпіна*, Карпача* і Агастына*, пра змрочнасць Караваджа*, пра чароўнасць Альбані*, пра колеры Тыцыяна, пра жанчын Рубенса і свавольствы Яна Стэйна*.

Прысутнічаў рэктар універсітэта Абра-Ка-д'Абры. Ён меркаваў, што ў Фракіі поўню называлі Бендыдай*, у Егіпце — Бубастыдай*, у Рыме — Дыянай, а ў Грэцыі — Артэмідай.

Прысутнічаў султан са Стамбула. Ён не мог не думаць, што анёлы выглядаюць як коні, пеўні і быкі, што хтосьці на шостым небе мае семдзесят тысяч галоваў і што зямлю трымае нябесна-блакітная карова з бясконцай колькасцю зялёных рагоў.

Перейти на страницу:

Похожие книги

Книга Песен
Книга Песен

Борис Гребенщиков – легенда российской рок-музыки, поэт, музыкант, художник; полстраны выросло на песнях Б. Гребенщикова, полстраны с трепетом относится к его творчеству, будоражащему и всегда радующему, пробуждающему самые светлые стороны и качества в душе любого читателя и слушателя. Они заставляют «двигаться дальше», несут духовное перерождение чуткому слушателю и читателю. Как бы это ни было сложно – благодаря песням и стихам Б. Гребенщикова становится возможным! Истинные тексты песен, опубликованные в этой книге, по разным естественно-ненаучным причинам иногда отличаются от тех, что исполнялись на концертах и даже записаны на альбомах.В книге отсутствуют тексты песен, которые еще не закончены, и песен, которые автор считает частной шуткой, не подлежащей печати.

Борис Борисович Гребенщиков , Борис Гребенщиков

Песенная поэзия / Поэзия