Прысутнічаў Дэльфінус Паліглот. Ён расказаў нам, што здарылася з васьмюдзесяццю трыма страчанымі трагедыямі Эсхіла*, пяццюдзесяццю чатырма творамі Ісэя* і трыста дзевяноста адной прамовай Лісія*, ста васьмюдзесяццю трактатамі Тэафраста*, восьмай кнігай Апалонія* пра канічныя сячэнні, гімнамі і дыфірамбамі Піндара* і сарака пяццю трагедыямі Гамэра Малодшага*.
Прысутнічаў Сэмюэл Сэнт-Самацвет Сапфірны. Ён адукоўваў нас адносна ўнутраных агнёў і трацічных фармацыяў, адносна рэчываў газападобных, вадкіх і цвёрдых, адносна турмаліну і мергеляў, жалезняку і вапняку, гіпсу і туфу, стэатыту і трагладыту, адносна цынку і цынкавай падманкі, слюды і шыферу, цыяніду і лепідаліту, гематыту і трэмаліту, сурмы і турмы, марганцу і чаго яшчэ вам заўгодна.
Прысутнічаў я. Я гаварыў пра сябе, пасля зноў пра сябе і яшчэ крыху пра сябе, пра насалогію, пра сваю брашуру і пра сябе. Я задзіраў нос і гаварыў пра сябе.
— Які розум! — сказаў прынц.
— Чароўна! — сказалі госці, і наступным ранкам яе светласць Божа-Барані нанесла мне візіт.
— Ты будзеш заўтра ў Элмаку*, маё золатка? — запытала яна, патрапаўшы мяне па шчацэ.
— Слова гонару, — адказаў я.
— А нос пакажаш? А то некаторыя кажуць, прыйду, а самі і носа не паказваюць, — удакладніла яна.
— Каб мне з носам застацца, — упэўніў я.
— Тады вось табе, курносік, мая візітоўка. Ці магу я быць упэўненая, што ты хочаш туды пайсці?
— Ды ўсім сэрцам хачу, дарагая герцагіня.
— Фі, не! А ці ўсім носам?
— I носам, нават усімі мухамі, што ёсць у ім, мая даражэнькая, — сказаў я і, скрывіўшы нос, адразу апынуўся ў Элмаку.
Людзей там было — нос да носа.
— Ён ідзе! — закрычаў хтосьці на лесвіцы.
— Ён ідзе! — закрычаў хтосьці вышэй.
— Ён ідзе! — закрычаў хтосьці яшчэ вышэй.
— Ён прыйшоў! — абвесціла герцагіня. — Прыйшоў, носік мой каханенькі! — тут яна схапіла мяне за рукі і тройчы пацалавала ў нос.
Гэта адразу зрабіла сенсацыю.
— Diavolo [66
]! — ускрыкнуў граф Казяроцці.— Mille tonnerres [67
]! — выгукнуў прынц дэ Жаб.— Tousand teufel [68
]! — прарычэў курфюрст Краўважэрт. Сцярпець гэта было немагчыма. Я раз'юшыўся. Я рэзка павярнуўся да курфюрста.— Сэр, — сказаў я, — вы макака.
— Сэр, — адказаў ён, хвілінку падумаўшы, — Donner und Blitzen [69
]!Большага я нават не жадаў. Мы абмяняліся візітоўкамі. Наступным ранкам пад Чок-Фармам я адстрэліў яму нос і паехаў да сяброў.
— Быдла! — сказаў адзін.
— Дурань! — сказаў другі.
— Ідыёт! — сказаў трэці.
— Асёл! — сказаў чацверты.
— Вар'ят! — сказаў пяты.
— Ёлуп! — сказаў шосты.
— Шыбуй адсюль! — сказаў сёмы.
Такі прыём мяне проста забіў, і я паехаў да бацькі.
— Бацька мой, — спытаў я, — што ёсць асноўнай мэтай майго існавання?
— Сын мой, — адказаў ён, — гэта ўсё яшчэ вывучэнне насалогіі, аднак, трапіўшы ў нос курфюрсту, ты застаўся з носам. У цябе цудоўны нос, гэта сапраўды так, аднак у Краўважэрта цяпер цудоўнага носа няма. Ты даў маху, а ён зрабіўся героем дня. Я ўпэўнены, што ў Абра-Ка-д'Абры слава наўпрост прапарцыйная памерам носа, аднак — о Божа! — хто можа параўнацца са знакамітасцю, у якой носа ўвогуле няма?
Акуляры
Калісьці было модна высмейваць так званае «каханне з першага позірку»; але людзі Пачуцця, гэтак жа як і людзі Думкі, ніколі не ставілі пад сумнеў яго існаванне. I сапраўды, актуальныя даследзіны ў галіне таго, што можна назваць этыкамагнетызмам альбо магнетаэстэтыкай, сведчаць: найбольш натуральныя і, адпаведна, найбольш глыбокія і найменш фальшывыя эмоцыі чалавека — тыя, што ўспыхваюць у сэрцы нібы па нейкім электрычным імпульсе — то бок найбольш яскравыя і трывалыя з душэўных прыхільнасцяў родзяцца вокамгненна — у літаральным сэнсе гэтага слова. Прызнанне, якое я маю намер зрабіць, паслужыць яшчэ адным звяном і без таго бясконцага ланцуга доказаў рацыі вышэйсказанага.
Аповед мой вымагае дакладных аўтабіяграфічных звестак. Я зусім яшчэ маладзён — мне няма і дваццаці двух. Прозвішча маё на дадзены момант даволі банальнае і нават плебейскае — Сімпсан. Я кажу «на дадзены момант», бо такое прозвішча ў мяне ад нядаўна — я афіцыйна ўзяў яго менш за год таму, каб атрымаць вялікую спадчыну, якую пакінуў мне далёкі крэўны мужчынскага полу, Адольф Сімпсан, эсквайр. Умовай тэстаменту было тое, што я мушу ўспадчыніць і прозвішча памерлага; толькі прозвішча, не імя. Імя, а дакладней, імёны мае — Напалеон Банапарт.