Ва ўсходнім, блакітным, пакоі стаяў князь Праспэра, калі прамовіў гэтыя словы. Гучна й выразна прагрымелі яны па ўсіх сямёх пакоях, бо князь быў чалавек адважны й дужы, і музыка была сунялася на ўзмах ягонае рукі. У блакітным пакоі стаяў князь, а побач з ім — колькі збялелых падданых. Спачатку, як ён сказаў гэта, сёй-той з грамады нерашуча кінуўся да нязванага госця, які тады быў паблізу, а цяпер няспешна й самавіта падышоў да таго, хто прамовіў суворыя словы. Але з нейкага невыказнага страху, навеянага гэтым вар'яцкім убраннем, не знайшлося нікога, хто б наважыўся яго схапіць; так што, не сустрэўшы перашкодаў, ён прайшоў за метр ад князевай асобы; а калі ўвесь збор, нібы згаварыўшыся, адхінуўся з сярэдзіны заляў да сценаў, ён прайшоў, не спыняючыся, тым самым урачыстым і мерным крокам, уласцівым яму ад самага пачатку, праз блакітны пакой у барвовы — праз барвовы ў зялёны — праз зялёны ў памаранчавы — праз гэты ў белы — адтуль у ліловы, перш чым была прынятая рашучая спроба яго спыніць. То ж бо тады Праспэра, шалеючы ад гневу за сваё хвіліннае баязліўства, кінуўся паспешна праз шэсць пакояў, тым часам ніхто не пайшоў за ім з прычыны бязмежнага страху, які агарнуў усё навокал. Ён выхапіў з похваў корд і ў імклівым парыве нагнаў госця, калі той, дасягнуўшы дальняе сцяны аксамітнага пакоя, раптоўна павярнуўся й глянуў у вочы свайму пераследніку. Пачуўся пранізлівы крык — і бліскучы корд упаў на чорны дыван, а праз імгненне на ім распасцерся ў смяротным сне князь Праспэра. I тады, сабраўшы рэшту адчайнае смеласці, збой гулякаў рынуў у чорную залю, і, схапіўшы злавесную постаць, якая стаяла штыўна й нерухома ў цені змрочнага гадзінніка, яны замерлі ў невымоўным жаху, пабачыўшы, што пад магільным убраннем і смяротнаю маскай, якія былі сарваныя з гвалтоўнай лютасцю, не хавалася нічога.
I тады быў заўважаны прыход Чырвонае Смерці. Яна прыйшла, як злодзей уночы. I падалі адзін за адным бяседнікі ў акропленых крывёю пакоях сваёй раскошы, і кожны з іх паміраў у безнадзейным падзенні. I жыццё гадзінніка згасла разам з жыццём апошняга распусніка. I памерлі агні ў жарніцах. I Цемра, Заняпад і Чырвоная Смерць бязмежна запанавалі над усім.
...і бліскучы корд упаў на чорны дыван. |
Вільям Вільсан
Што скажа мне суворае Сумленне,
здань на маёй сцяжыне?
Для пачатку дазвольце мне называць сябе Вільямам Вільсанам. Белая папера перада мной не заслугоўвае таго, каб трываць маё сапраўднае імя. Яно даўно ўжо выклікае жах, зрабілася ганебнай плямай на маім родзе. Куды толькі не даляталі абураныя вятры, разносячы плёткі пра маю неймаверную гнюснасць. О, выгнаннік выгнаннікаў, пакінуты цяпер усімі, ці не памёр ты назаўжды для свету? Для яго павагі, шанавання і найлепшых памкненняў? — ці не закрыла цяжкая, цёмная і бязмежная хмара ад цябе нябёсы і надзеі на райскае збавенне?
Дазвольце мне не апісваць тут апошнія гады маіх невыносных пакутаў і недаравальных злачынстваў. У апошнія гады я пераўзышоў самога сябе ў подласці, карані якой жадаю тут выкрыць. Людзі ва ўсім развіваюцца паступова — я ж, наадварот, усю дабрадзейнасць, нібы плашч, скінуў у адно імгненне і адзеў замест яе цяжкі саван віны. Ад даволі звычайнай распусты я зрабіў гіганцкі крок да гнюснасцяў Геліягабала*. Што і калі абудзіла гэтае зло? Паслухайце мяне, хаця б пакуль я буду гэта высвятляць. Смерць, набліжаючыся, ужо кінула на мяне свой слабы цень, змякчыўшы лютасць майго духу. Праходзячы цёмнай далінаю*, я прагну спачування — ледзь не сказаў «жалю» — маіх братоў. Я не супраць, каб яны паверылі, што я ў нечым ахвяра збегу абставін. Я быў бы рады, каб яны адшукалі ў прыведзеных фактах невялічкі аазіс перадвызначанасці ў пустыні памылак. Я з задавальненнем пераканаў бы іх — і яны пераканаліся б: хоць спакусы і раней былі вялікія, але чалавек ніколі так не падпадаў пад іх уплыў, а таму ніколі не падаў так нізка — і не так моцна пакутаваў. Ці не было гэта толькі сном? Ці не гіну я ахвярай самай жахлівай і таямнічай з усіх зямных відзежаў?
Я нашчадак роду, чыёй вызначальнай рысай заўжды былі фантазія і палкі тэмперамент, і ўжо з маленства я быў жывым доказам сямейнага характару, атрыманага ў спадчыну. З гадамі ён праяўляўся ўсё мацней, нярэдка выклікаючы сур'езную трывогу ў маіх сяброў і прыносячы шкоду мне самому. Я рос свавольным гарэзнікам, ахвярай самых нястрымных жарсцяў. Мае слабахарактарныя бацькі, носьбіты такіх жа якасцяў, не здольныя былі супрацьстаяць маім заганам. Мае бацькі толькі вяла адзначалі мае злыя якасці. Іх рэдкія спробы майго выхавання заўжды прыводзілі да іх паразы і майго суцэльнага трыюмфу. З таго часу маё слова зрабілася законам для сям'і, і ва ўзросце, калі іншых дзяцей яшчэ водзяць за ручку, я быў пакінуты сам сабе і зрабіўся, па сутнасці, гаспадаром сваіх жаданняў.