Читаем Маска чырвонае смерці полностью

Мае першыя ўспаміны пра школьнае жыццё звязаныя з прагулкамі пехам уздоўж вялікай сядзібы часоў каралевы Елізаветы ў туманным ангельскім мястэчку з мноствам велізарных крывых дрэваў, дзе ўсе дамы былі надзвычай старадаўнія. Напраўду, гэта быў рамантычны мройны горад, асвечаны часам. I цяпер мне здаецца, нібы я адчуваю асвяжальны халадок паўзмроку яго вулак, удыхаю водар паўсюднага хмызняку і зноў дрыжу ад невымоўнай прыемнасці пад глухія гукі царкоўнага звону, які штогадзіну нечакана тужлівым гулам разганяў спакой і цемру, у якой спачывала старажытная гатычная званіца.

Часамі мне прыемна згадваць школу і ўсё, што з ёй звязана, — прынамсі ў той ступені, у якой я здольны на гэта цяпер. Мне, зануранаму ў пакуты — пакуты, на жаль, надта сапраўдныя, — хай мне даруюць пошук палёгкі, хаця б слабой і часовай, у некалькіх разрозненых згадках. Яны, хоць цалкам звычайныя і нават смешныя, для мяне вельмі значныя, бо звязаныя з той парой і мясцовасцю, у якія я спазнаў першыя цьмяныя папярэджанні лёсу, што пазней цалкам паглынуў мяне. Таму дазвольце мне прыгадаць.

Сядзіба, як я казаў, была старая і несуладная, а падворак вакол — шырокі, аточаны высокім цагляным мурам, пасыпаным зверху бітым шклом. Гэты бастыён, што нагадваў турму, і быў мяжой маёнтка, за які мы выходзілі тры разы на тыдзень; раз — у суботу апоўдні, калі нам разам з двума прыслужнікамі дазвалялася выйсці на кароткі шпацыр у палях, што раскідваліся побач, і двойчы — у нядзелю, калі нас шыхтом вялі на ранішняе і вечаровае набажэнствы ў вясковую царкву. Дырэктар нашай школы быў святар у гэтай царкве. З якім жа глыбокім душэўным здзіўленнем і разгубленасцю я пазіраў на яго з нашых царкоўных лаваў, калі ён павольна і велічна ўзыходзіў на кафедру. Пастар са сціплым і спакойным тварам у дбайна напудраным парыку, шорсткім і вялікім, у шатах, якія бліскучымі хвалямі спадалі на падлогу, — няўжо гэта ён яшчэ нядаўна з кіслай мінай, у неахайным сурдуце ў крышках табакі лінейкай вяршыў драконаўскія законы нашай установы? О, спалучэнне неспалучальнага, няўмольная супярэчлівасць, жудасная ў сваёй неспасцігальнасці!

З-за рога цяжкога мура пазірала яшчэ больш цяжкая брама. Яна была абкляпаная цвікамі, што вострымі шыпамі тырчалі з яе. Якое ж душэўнае трымценне яна выклікала! Яе ніколі не адчынялі, апроч трох разоў, якія я ўжо згадваў; таму кожны рып магутных петляў поўніўся таямніцамі — выклікаў мноства змрочных назіранняў і яшчэ змрачнейшых роздумаў.

Шырокая агароджа была няправільнай формы з мноствам ёмістых нішаў. Тры-чатыры найбольшыя з іх выконвалі функцыю пляцовак для гульняў. Яны былі роўныя, ашчадна пасыпаныя жвірам. Я добра памятаю, што там не было дрэваў, лаваў ці чагось такога. I месціліся пляцоўкі, зразумела, за сядзібай. А вось перад ёй быў кветнік, засаджаны самшытам і іншым хмызняком, але праз гэтае святое месца мы праходзілі толькі ў самых рэдкіх выпадках — калі, напрыклад, паступалі ў школу ці заканчвалі яе альбо калі бацькі ці сябры наведвалі нас, і мы радасна ад'язджалі дадому на Раство ці летнія вакацыі.

Але ж сядзіба... Наколькі адметны стары будынак! Ён здаваўся мне сапраўдным казачным замкам! Безліч разнастайных закуткоў і бясконцых калідораў. Складана было з пэўнасцю сказаць, на якім з двух яго паверхаў ты знаходзішся.

Трэба было зрабіць тры-чатыры крокі ўверх ці ўніз па прыступках, каб трапіць з аднаго пакоя ў іншы. Бакавых калідораў, разгалінаваных і заблытаных, было так неспасцігальна шмат, што нам прасцей было ўявіць бясконцасць, чым парадак іх размяшчэння. За ўсе пяць гадоў, што я там пражыў, я не мог з дакладнасцю вызначыць, дзе ж месціўся маленькі пакой, прызначаны для мяне і яшчэ васямнаццаці-дваццаці шкаляроў.

Клас быў найвялікшым пакоем у будынку — я не мог пазбавіцца думкі, што і ў свеце. Ён быў вельмі доўгі, вузкі і змрочны, з завостранымі гатычнымі вокнамі і навіслай дубовай столяй. У дальнім куце, што навяваў жах, частка плошчы была абгароджаная на восем-дзесяць футаў пад «святая святых» — кабінет дырэктара, вялебнага доктара Брэнсбі. Гэта была ўнушальная канструкцыя з масіўнымі дзвярыма — нават у адсутнасць «пастыра» яго авечкі хутчэй загінулі б у страшных пакутах, чым адчынілі іх. Па іншых кутах было яшчэ два падобныя адсекі, нашмат менш пачэсныя, але ўсё з той жа аўрай страху. Адзін з іх быў каморынай настаўніка класічных моваў, другі — настаўніка ангельскай і матэматыкі. Раскіданыя ўпоперак і ўздоўж, у кабінеце ў бясконцым беспарадку месціліся незлічоныя парты і лавы — чорныя, старыя, струхлелыя, заваленыя зашмальцаванымі кнігамі і настолькі спярэшчаныя літарамі ініцыялаў і поўнымі імёнамі, гратэскавымі выявамі ды іншымі слядамі сцізорыка, што цалкам страцілі першапачатковы выгляд і даўно чакалі замены. У адным канцы класа стаяла вялізнае вядро, у іншым — аграмадных памераў гадзіннік.

Перейти на страницу:

Похожие книги

Книга Песен
Книга Песен

Борис Гребенщиков – легенда российской рок-музыки, поэт, музыкант, художник; полстраны выросло на песнях Б. Гребенщикова, полстраны с трепетом относится к его творчеству, будоражащему и всегда радующему, пробуждающему самые светлые стороны и качества в душе любого читателя и слушателя. Они заставляют «двигаться дальше», несут духовное перерождение чуткому слушателю и читателю. Как бы это ни было сложно – благодаря песням и стихам Б. Гребенщикова становится возможным! Истинные тексты песен, опубликованные в этой книге, по разным естественно-ненаучным причинам иногда отличаются от тех, что исполнялись на концертах и даже записаны на альбомах.В книге отсутствуют тексты песен, которые еще не закончены, и песен, которые автор считает частной шуткой, не подлежащей печати.

Борис Борисович Гребенщиков , Борис Гребенщиков

Песенная поэзия / Поэзия