Я ўжо не раз казаў пра агідны паблажлівы тон, абраны ім у дачыненні да мяне, і пра яго няпрошанае ўмяшальніцтва ў мае справы. Гэтае ўмяшальніцтва ўвасаблялася ў навязлівых парадах, якія даваліся не пры ўсіх, а сам-насам з дапамогай паступовага навядзення на думку. Я выслухоўваў іх з раздражненнем, якое з гадамі толькі набірала сілу. Тым не менш сёння, у такі далёкі ад таго часу дзень, дазвольце мне дзеля справядлівасці прызнаць, што ніводная з парадаў майго суперніка не вяла да недальнабачных памылак, уласцівых юнаму ўзросту і недастатковай дасведчанасці; гэтае яго маральнае адчуванне, калі не талент і жыццёвая мудрасць, было нашмат вастрэйшым за маё — а сёння я сам быў бы лепшы і шчаслівейшы, калі б не так часта адрынаў парады, зробленыя выразным шэптам, парады, якія я тады ненавідзеў усім сэрцам і якімі люта пагарджаў.
Так пад яго надзвычай непрыемным наглядам маё раздражненне павялічвалася, і я ўсё больш і больш адкрыта выказваўся, што я думаю пра яго невыносную пыху. Я ўжо згадваў, што ў першыя гады школы мае пачуцці да яго маглі выспець у сяброўскія, але ў апошнія месяцы майго знаходжання ў акадэміі, нягледзячы на тое, што яго дзеянні што да мяне ў пэўнай меры паслабіліся, мае пачуцці — у роўнай прапорцыі — набліжаліся да недвухсэнсоўнай нянавісці. Пасля аднаго выпадку, я думаю, ён гэта заўважыў і пачаў пазбягаць мяне — альбо рабіць выгляд, што пазбягае.
Менавіта тады, калі мяне не падманвае памяць, у нейкай бурнай сварцы ён быў як не ў сабе — прамаўляў і паводзіўся з неўласцівай яму раней адкрытасцю, і я заўважыў (альбо мне так падалося?) у яго тоне і агульнай манеры нешта такое, што спачатку выклікала страх, а пасля глыбока зацікавіла мяне, бо абудзіла слабыя згадкі пра маленства — блытаныя і тлумныя ўспаміны тых далёкіх часоў, калі памяць яшчэ і не нарадзілася. Я не здолею лепей перадаць пачуццё, што прыгнятала мяне тады, як прызнацца, што мяне апанавала дзіўнае адчуванне: чалавека перада мной я ведаю з самых даўніх, бясконца далёкіх часоў. Гэтая думка, аднак, знікла гэтак жа хутка, як і з'явілася, і я згадваю пра гэта толькі каб адзначыць дзень, калі я апошні раз размаўляў з маім незвычайным цёзкам.
У старым агромністым доме з незлічонымі прыбудовамі было некалькі велізарных прахадных пакояў, злучаных паміж сабой, у якіх спала пераважная большасць навучэнцаў. Там было, аднак (што звычайна для няўклюдна спланаваных будынкаў), шмат невялікіх клецяў і нішаў, утвораных разнастайнымі выступамі і перагародкамі, але вынаходлівы містэр Брэнсбі прыстасаваў іх для спальняў, хоць спачатку яны былі не больш чым уштукаванымі каморынамі, прыдатнымі для жыцця толькі аднаго чалавека. Адно з такіх невялікіх памяшканняў і займаў Вільсан.
Неяк пры канцы пятага года навучання, адразу пасля згаданай сутычкі, неспакойнай восеньскай ноччу, дачакаўшыся, пакуль усе паснуць, я ўзняўся з ложка і з лямпай у руцэ незаўважна пракраўся вузкімі пераходамі ад сваёй спальні да суперніка. Я ўжо даўно планаваў адпомсціць, здзейсніўшы адзін са сваіх дасціпных і зласлівых жартаў, якія пакуль не ўдаваліся. Я ішоў з мэтай ажыццявіць свае намеры, каб нарэшце даць яму зразумець усю глыбіню маёй злосці. Дасягнуўшы яго спальні, я ціхутка ўвайшоў, пакінуўшы накрытую лямпу звонку. Я зрабіў крок і прыслухаўся да ягонага роўнага дыхання. Запэўніўшыся, што ён спіць, я вярнуўся па лямпу і ўжо з ёй пайшоў да яго ложка, завешанага покрывам, якое, згодна з планам, я павольна і ціха адсунуў. I калі яркія промні святла трапілі на спячага, мой позірк упаў на ягоны твар. Я зірнуў — і скамянеў. Раптоўны холад прабраў маё нутро. Мае грудзі ўздымаліся, калені дрыжалі, а мой дух апанаваў невымоўны, нясцерпны жах. Цяжка дыхаючы, я паднёс лямпу яшчэ бліжэй да яго твару. Ці ж гэты твар — твар Вільяма Вільсана? Вядома, я бачыў, што гэта яго твар, але не мог у тое паверыць і ліхаманкава дрыжаў. Што ж такое ў ім мяне збянтэжыла? Я ўглядаўся, — а ў маёй галаве віравала мноства абрывістых думак. Несумнеўна, удзень ён выглядаў зусім не так. Тое ж імя! Тыя ж рысы твару! У той жа дзень трапіў у пансіён! I да таго ж упартае і незразумелае капіяванне маёй хады, голасу, звычак і манеры трымацца! Ці пад сілу чалавеку дасягнуць такога падабенства ў гэтым саркастычным перайманні? Узрушаны да глыбіні душы, я з трымценнем згасіў лямпу, моўчкі выйшаў з пакоя і адразу пакінуў сцены пансіёна, каб ніколі больш туды не вяртацца.