Читаем Нататкі пра Шэрлака Холмса (зборнік) полностью

– Вы так падрабязна выклалі вашую справу, – нарэшце прамовіў ён, – што ў мяне засталося зусім няшмат пытанняў. Найважнейшае з іх, вядома ж, такое: ці казалі вы хоць камусьці, што збіраецеся выканаць звышсакрэтнае заданне?

– Нікому.

– Нават міс Харысан?

– Не. Я не быў ва Ўокінгу пасля таго як атрымаў дакументы і ўзяўся іх капіяваць.

– І ніхто з вашых блізкіх выпадкам не заходзіў, каб пабачыцца з вамі?

– Ніхто.

– Ці ведае нехта з іх, як прайсці ў ваш кабінет?

– Так, усе мае хатнія бывалі ў мяне на працы.

– Але, зразумела, калі вы не казалі нікому пра дамову, капаць у гэтым напрамку не мае сэнсу.

– Я нікому нічога не казаў.

– Вы ведаеце што-небудзь пра швейцара?

– Толькі тое, што ён адстаўны салдат.

– Якога палка?

– Здаецца, я чуў, што Колдстрымскай гвардыі.

– Дзякуй, падрабязнасці мне, без сумневу, дасць Форбс. Паліцыя выдатна збірае факты, хоць не заўсёды ўмее скарыстацца імі. Якая мілая кветка!

Ён прайшоў міма канапы да адчыненага акна, падняў паніклую кветку мускуснай ружы і пачаў разглядаць дыхтоўнае спалучэнне малінавага і зялёнага. Для мяне гэта было новай праявай ягонага характару: я ніколі не заўважаў за ім асаблівай увагі да жывой прыроды.

– Ніякая іншая сфера не мае такой патрэбы ў дэдукцыі, як рэлігія, – сказаў ён, абапіраючыся спінай на аканіцы. – Калі зірнуць на рэлігію рацыянальна, яна можа падацца дакладнай навукай. Нашая найвышэйшая вера ў Боскую волю ўвасобленая ў кветках. Усё іншае – нашая фізіка, нашая псіхіка, наш рацыён – першасныя патрэбы існавання. Але гэтая ружа – збыткоўная. Яе водар, яе колеры ўпрыгожваюць жыццё, але ў іх няма ніякай патрэбы. Гэтая непрактычная прыгажосць – праява найвышэйшай ласкі, таму, паўтаруся, кветкі даюць нам вялікую надзею.

Персі Фэлпс і яго сядзелка са здзіўленнем выслухалі тыраду Холмса, і на іх тварах праступіла вялікае расчараванне. А ён тым часам задуменна круціў ружу між пальцаў. Прайшло некалькі хвілінаў, перш чым маладая лэдзі наважылася перапыніць маўчанне.

– Ці ёсць хоць нейкі шанец разблытаць гэтую таямніцу, містэр Холмс? – крыху рэзка спытала яна.

– А, таямніцу! – здрыгануўшыся, адказаў Холмс. Ён нібы спусціўся з аблокаў, у якіх толькі што лунаў. – Ну, не паспрачаешся, ваш выпадак надзвычай цёмны, але я даю вам слова, што паспрабую ва ўсім разабрацца і выкажу вам свае здагадкі.

– Заўважылі нейкія зачэпкі?

– Вы прадставілі мне іх сем, але, зразумела, трэба праверыць кожную, каб ацаніць іх вартасць.

– Вы падазраяце каго-небудзь?

– Я падазраю сябе…

– Што?

– …у тым, што зрабіў занадта хуткія высновы.

– Што ж, вяртайцеся ў Лондан і праверце вашыя зачэпкі!

– Гэта выдатная парада, міс Харысан, – сказаў Холмс, падымаючыся. – Я думаю, Ўотсан, так мы з вамі і зробім. Але не суцяшайце сябе фальшывымі спадзяваннямі, містэр Фэлпс. Справа вельмі і вельмі няпростая.

– У мяне не будзе ні хвіліны спакою, пакуль я не пабачу вас зноў! – ускрыкнуў дыпламат.

– Што ж, я прыеду заўтра тым жа цягніком. Але хутчэй за ўсё не змагу паведаміць вам нічога новага.

– Але малю, прыязджайце! – ускрыкнуў наш кліент. – Мяне вяртае да жыцця ўжо тое, што мы не сядзім склаўшы рукі. Дарэчы, лорд Холдхёрст даслаў мне ліст!

– О! І што ён напісаў?

– Яго тон быў халодны, але не суворы. Падазраю, што мая цяжкая хвароба стрымала яго ад жорсткасці. Ён паўтарыў, што адбылося надзвычай непрыемнае здарэнне, і дадаў, што міністэрства не зробіць ніякіх крокаў адносна маёй будучыні – пад гэтым маецца на ўвазе, зразумела, адстаўка, – пакуль маё здароўе не палепшыцца і я не змагу выправіць сумныя наступствы сваіх дзеянняў.

– Што ж, яго рэакцыя была ўзважанай і тактоўнай, – сказаў Холмс. – Едзем, Ўотсан, у горадзе нас чакае шмат працы.

Джозэф Харысан адвёз нас на станцыю, і хутка мы ўжо трэсліся ў портсмуцкім экспрэсе. Холмс паглыбіўся ў думкі і не прамовіў ні слова, пакуль мы не прамінулі станцыю Клэпхем.

– Даволі займальна вяртацца ў Лондан па адной з гэтых ліній, працягнутых над горадам так, што можна бачыць будынкі згары.

Я вырашыў, што ён жартуе, бо краявід адкрываўся даволі непрывабны, але тут Холмс патлумачыў, што мае на ўвазе:

– Зірніце на гэтыя вялізныя адасобленыя глыбы гмахаў, якія вытыркаюцца над шыферам, нібы цагляныя выспы ў свінцовым моры.

– Школы-інтэрнаты*.

– Маякі, мой дружа! Сігнальныя вышкі будучыні! Капсулы з сотнямі выдатных зернеек, з якіх вырасце новая – мудрэйшая, лепшая – Брытанія! Я спадзяюся, гэты Фэлпс не аматар выпіць?

– Думаю, не.

– І я таго ж меркавання, але неабходна ўлічыць усе варыянты. Д’ябал хаваецца ў надта глыбокай вадзе, і вялікае пытанне, ці ўдасца нам выцягнуць яго на бераг. Што вы скажаце пра міс Харысан?

– Гэта дама з моцным характарам.

Перейти на страницу:

Похожие книги