Читаем Нататкі пра Шэрлака Холмса (зборнік) полностью

Сэрца мне абдало холадам. Значыць, нехта быў на маім працоўным месцы, дзе на стале ляжала сакрэтная дамова! Я маланкай паляцеў уверх па сходах і пасля па калідоры. Я не пабачыў ні душы, містэр Холмс. Мой службовы кабінет быў пусты. Рэчы заставаліся на тых месцах, дзе я іх пакінуў, вось толькі давераныя мне паперы выпарыліся са стала. Копія была на месцы, а арыгінал знік.

Холмс выпрастаўся на крэсле і пацёр рукі. Я бачыў, што загадка прыйшлася яму даспадобы.

– І што ж вы тады зрабілі? – правуркатаў ён.

– Я адразу сцяміў, што злодзей падняўся ў кабінет па бакавых сходах. Бо калі б ён пайшоў іншай дарогай, я абавязкова сустрэў бы яго.

– Вы ўпэўненыя, што ён у гэты час не прытаіўся недзе ў кабінеце або не схаваўся ў нетрах калідора, які вы апісалі як цёмны?

– Выключана. Нягодніка не магло быць ні ў кабінеце, ні ў калідоры. Там проста няма дзе хавацца.

– Дзякуй. Працягвайце, калі ласка.

– Швейцар, пабачыўшы мой збялелы твар, зразумеў, што справы кепскія, і падняўся наверх следам за мною, так што мы ўдваіх кінуліся ў пагоню па калідоры, а потым па прыступках, якія вялі на Чарлз-стрыт. Дзверы знізу былі зачыненыя, але не замкнёныя. Расчыніўшы іх, мы вылецелі вонкі. Я ясна памятаю, што ў гэты момант гадзіннік на суседняй вежы прабіў тры разы. Было без пятнаццаці дзесяць.

– Гэта неймаверна важная дэталь, – сказаў Холмс, робячы зацемку на манжэце.

– Ноч была вельмі цёмнай, падаў дробны цёплы дождж. Чарлз-стрыт была бязлюднаю, але па вуліцы Ўайтхол* рухалася, як заўсёды, шмат экіпажаў. Мы як былі, без капелюшоў і палітонаў, кінуліся па ходніку і ў дальнім канцы вуліцы знайшлі патрульнага канстэбля.

– Адбыўся крадзеж, – выдыхнуў я. – Неймаверна каштоўны дакумент быў скрадзены з міністэрства. Вы бачылі каго-небудзь падазронага?

– Я стаю тут пятнаццаць хвілінаў, сэр, – сказаў ён, – і мяне прамінула толькі жанчына – высокая, сталага веку, у пэйслеўскім шалі*.

– А, гэта ўсяго толькі мая жонка! – усклікнуў швейцар. – А больш нікога не было?

– Нікога.

– Значыць, злодзей пайшоў іншай дарогай! – закрычаў стары, тузаючы мяне за рукаво.

Але я так не думаў. Тое, як ён спрабаваў павесці мяне ў іншы бок, толькі ўзмацніла падазрэнні.

– Куды яна пайшла?! – закрычаў я.

– Не ведаю, сэр. Я проста бачыў яе на ходніку, але ў мяне не было падставаў сачыць за ёю. Я толькі заўважыў, што яна спяшаецца.

– Калі яна прайшла?

– О, усяго пару хвілінаў як.

– Не больш за пяць?

– Так, чатыры-пяць хвілінаў таму.

– Вы толькі час губляеце, сэр! – закрычаў швейцар. – Нельга марнаваць ні хвіліны. Клянуся вам, мая старая ні пры чым, бяжым на іншы канец вуліцы!.. Ну, не хочаце – я сам пабягу.

І кінуўся ў супрацьлеглы бок.

Але я пабег за ім і схапіў за рукаво.

– Дзе ваш дом? – спытаўся я.

– Айві-лэйн, 16, у Брыкстане, – быў адказ. – Але гэта нас ні да чаго не прывядзе, містэр Фэлпс. Трэба тэрмінова праверыць іншы бок вуліцы.

Паслухаўшыся яго парады, мы б нічога не страцілі. Разам з паліцэйскім мы кінуліся наперад, але пабачылі толькі экіпажы і людзей, якія спяшаліся знайсці прытулак ад дажджу гэтым золкім вечарам. Не было разявакаў, якія маглі б паведаміць, што бачылі кагосьці падазронага.

Тады мы вярнуліся ў міністэрства і безвынікова абследавалі калідор і сходы. Калідор быў высланы мяккім лінолеумам, на якім адбіваюцца ўсе сляды. Мы вывучылі кожны лапік, але там ніхто не наслядзіў.

– Дождж ішоў увесь вечар?

– Недзе з сёмай.

– Чаму ж тады жанчына, якая ўвайшла ў ваш кабінет а дзявятай, не пакінула брудных слядоў?

– Я рады, што вы гэта заўважылі. Мне самому было вельмі цікава, чаму. Выявілася, што прыбіральшчыцы звычайна здымаюць боты ў закутку швейцара, пераабуваючыся ў зменны абутак.

– Што ж, зразумела. Значыць, не было слядоў, нягледзячы на мокрае надвор’е. Падзеі інтрыгуюць усё болей! Што вы рабілі далей?

– Мы агледзелі кабінет. Не знайшлі ніякіх сакрэтных выхадаў, а вокны там высока, не менш за дзесяць метраў ад падлогі. Большасць з іх была замкнёная з сярэдзіны. Ніякага лазу – усё засцілае дыван, звычайная пабеленая столь. Я магу паклясціся жыццём: той, хто скраў дамову, увайшоў праз дзверы.

– Вы праверылі камін?

– Там няма каміна. Толькі печка. Званок звісае на вяроўцы справа каля майго працоўнага месца. Той, хто пазваніў, мусіў падысці да стала, каб зрабіць гэта. Але навошта злодзею званіць у званок? Гэта ва ўсёй справе самае незразумелае.

– Без сумневаў, тое, што адбылося, вас шакавала. Які быў наступны крок? Я думаю, вы абследавалі кабінет на прадмет слядоў, якія мог пакінуць злачынца, – недакурак, шпілька, згубленая пальчатка, нешта яшчэ?

– Нічога такога.

– Ніякага паху?

– Мы не звярнулі ўвагі.

– Ах, лёгкі водар тытуню быў бы добрай зачэпкай у гэтай справе.

– Сам я не куру, таму, думаю, нават няўлоўны тытунёвы пах не абмінуў бы мяне. Так што злодзей не пакінуў па сабе ніякіх слядоў. Адзінай хімернай зачэпкай было тое, што жонка швейцара – місіс Тэнджы – паспешліва пакінула міністэрства. Швейцар патлумачыў, маўляў, жонка заўсёды вярталася дадому ў такі час. Мы з паліцэйскім вырашылі, што найлепей будзе затрымаць жанчыну да таго, як яна пазбавіцца папераў, калі гэта яна іх скрала.

Перейти на страницу:

Похожие книги