Читаем Нататкі пра Шэрлака Холмса (зборнік) полностью

Магчыма, вы ўжо ведаеце ад Ўотсана, што я быў чыноўнікам Міністэрства замежных справаў і дзякуючы пратэкцыі майго дзядзькі, лорда Холдхёрста, хутка прасунуўся па кар’ернай лесвіцы. Калі пасля апошніх выбараў дзядзька зрабіўся міністрам, ён даверыў мне некалькі адказных місій. Я бліскуча выканаў кожную з іх, таму ён не сумняваўся ў маёй кампетэнцыі.

Два з паловай месяцы таму, калі дакладней, дваццаць трэцяга траўня, ён запрасіў мяне ў свой кабінет і, пахваліўшы за добрую службу, паведаміў, што мае для мяне новае адказнае даручэнне.

– Вось, – сказаў ён, выцягваючы з бюро шэры скрутак папераў, – арыгінал сакрэтнай дамовы паміж Брытаніяй і Італіяй, некаторыя чуткі пра якую, на жаль, ужо пратачыліся ў газеты. Вельмі важна захаваць у сакрэце ўсе дэталі гэтага дакумента. Амбасады Францыі і Расіі заплацілі б вялізныя грошы, каб толькі ведаць змест дамовы. Паперы пакідаюць мой кабінет толькі таму, што тэрмінова неабходная іх копія. Ваш працоўны стол замыкаецца на ключ?

– Так, сэр.

– Вазьміце гэтую дамову і схавайце ў стале. Я распараджуся, каб вам дазволілі затрымацца пасля працы, так што вы зможаце спакойна, без лішніх вачэй перапісаць усё. Скончыўшы, замкніце арыгінал і копію ў стале, а назаўтра вярніце іх мне.

Я ўзяў паперы і…

– Я вас перапыню, – сказаў Холмс. – Вы размаўлялі сам-насам?

– Так.

– У вялікім памяшканні?

– Дзесяць на дзесяць метраў.

– Вы стаялі ў цэнтры?

– Так, практычна.

– Гаварылі ціха?

– Мой дзядзька заўсёды гаворыць прыцішаным голасам. А я і трох словаў не прамовіў.

– Дзякуй, – сказаў Холмс, заплюшчваючы вочы. – Працягвайце, калі ласка.

– Я пачаў дакладна выконваць інструкцыі дзядзькі. Пачакаў, пакуль усе іншыя службоўцы пакінуць міністэрства. Адзін з іх, Чарлз Гаро, крыху затрымаўся, нешта дарабляючы, таму я пакінуў яго ў кабінеце і схадзіў павячэраць. Калі я вярнуўся, яго ўжо не было. Мне карцела як найхутчэй выканаць заданне, бо я ведаў, што містэр Харысан, з якім вы ўжо пазнаёміліся, быў у Лондане і збіраўся ва Ўокінг на цягніку аб адзінаццатай вечара. Я вельмі хацеў паспець на гэты цягнік разам з ім.

Вярнуўшыся, я прагледзеў дамову і пераканаўся, што мой дзядзька ні на каліва не перабольшыў яе выключнасці. Не паглыбляючыся ў дэталі, магу сказаць, што яна вызначала стаўленне Вялікабрытаніі да Траістага саюза і пазіцыю, якую нашая дзяржава зойме, калі французскі флот пераможа італьянскі ў справе ўплыву на Міжземным моры. Дамова датычыла выключна марскіх справаў. У канцы я пабачыў подпісы высокіх палітыкаў. Я скончыў чытаць і тут жа ўзяўся перапісваць пагадненне.

Гэты даўжэзны дакумент быў складзены па-французску і меў дваццаць шэсць асобных параграфаў. Я пісаў так хутка, як мог, але а дзявятай перапісаў толькі дзевяць параграфаў, паспець на цягнік ніяк не выпадала. Мяне хіліла ў сон, галава гудзела: часткова віной таму была вячэра, але даваўся ў знакі і доўгі працоўны дзень. Філіжанка кавы магла падмацаваць мяне. Швейцар усю ноч дзяжурыць у маленькім закутку пад сходамі на першым паверсе і звычайна гатуе каву на спіртоўцы службоўцам, якія затрымліваюцца на працы. Таму я пазваніў, каб ён падняўся ў мой кабінет.

На маё здзіўленне, на выклік прыйшла пажылая жанчына – вялікая, з грубымі рысамі твару, у фартуху. Яна прадставілася жонкай швейцара, і я загадаў ёй зварыць кавы.

Я перапісаў яшчэ два параграфы, і тады, адчуўшы, што зусім засынаю, падняўся і прайшоўся па кабінеце, каб размяць ногі. Каву яшчэ не прынеслі, і мне карцела даведацца, чаго яны там марудзяць. Адчыніўшы дзверы, я выправіўся шукаць жанчыну. Кабінет, у якім я працаваў, знаходзіцца ў тарцы простага цёмнага калідора, ён вядзе да сходаў, унізе якіх сядзіць пасыльны. Пасярэдзіне сходы разбівае напалам невялічкая пляцоўка, ад якой направа адыходзіць іншы калідор, ён вядзе да іншых сходаў. Гэтыя другія сходы вядуць да бакавых дзвярэй, праз якія ў міністэрства трапляе прыслуга, а таксама некаторыя чыноўнікі, якія прыходзяць на працу з боку Чарлзстрыт. Вось, я накрэсліў схему будынка.

– Дзякуй, гэта ясна мне і з вашых словаў, – сказаў Холмс.

– Але гэта вельмі важны момант! Я спусціўся па сходах у вестыбюль, дзе пабачыў швейцара. Той спаў у сваім закутку, а на спіртоўцы выкіпаў чайнік. Я зняў чайнік і задзьмуў спіртоўку, бо кіпень ужо выплюхваўся на падлогу. Потым выцягнуў руку і быў гатовы ўжо разбудзіць швейцара, які гучна хроп, але тут што ёсць моцы зазвінеў званок над яго галавой, і ён падскочыў як абвараны.

– Містэр Фэлпс, сэр! – сказаў ён, агаломшана гледзячы на мяне.

– Я спусціўся, каб пабачыць, ці гатовая мая кава.

– Я гатаваў ваду і заснуў, сэр! – ён зірнуў на мяне, а потым на званок, што ўсё яшчэ дрыжэў над яго галавою, з замяшаннем на твары, якое ўсё нарастала.

– Калі вы тут, сэр, то хто звоніць у званок?

– Званок? – выгукнуў я. – Які гэта званок?

– З вашага кабінета.

Перейти на страницу:

Похожие книги