Пачалі граць, але, трэба адзначыць, музыка даўно ўжо не прыносіла яромкаўцам аніякага задавальнення. Яны грукалі, шчыпалі струны й расцягвалі мяхі гармоніку з гэткімі мэдытатыўнымі выразамі на тварах, што здавалася, народная музыка йдзе аднекуль з-пад сцэны, а музыкі граюць нешта ціхае й маркотнае. Скрывіўшы вусны, пачалі хадзіць адно супраць аднаго Жэня й Дзіна, а потым у справу ўступіла Марыя Пятроўна. Як вопытны баец, яна захоўвала натужную ўсьмешку героя працы, які выканаў пяцігадовы плян у Бадзін дзень і не атрымаў за гэта анічога, апрача граматы й вазы. Песьня значылася ў рэпэртуары як гульлівая й вясёлая, але заля, быццам рухавік сьпісанага трактара, заводзіцца не зьбіралася й змрочна маўчала.
Другая кампазыцыя была пра каханьне. Тут на авансцэну выйшлі Жэня й Дзіна, якія дэманстравалі голуба й галубку. Зь нецярпеньнем чакаючы канца гэтага катаваньня, яны паказалі нейкае кароткае порна й пасьпяшаліся схавацца за бубнам Ягора. У фінале галоўнай дзейнай асобаю мусіла стаць Марыя Пятроўна, якая сымбалізавала любоў ды дзетанараджэньне. Трасучы неабдымнымі грудзьмі, яна рабіла па сцэне дзікія скачкі. Валасы трапілі ёй у рот, і яна, закусіўшы іх, нібы цуглі, скончыла свой страсны танец, упаўшы на калені. Школьнікі глядзелі на яе з пагардлівым шкадаваннем, адзін з карцёжнікаў крыкнуў:
— Гэтая з цыцкамі начуе ў мяне, жонка якраз у трэцюю зьмену!
— Ну карова,— сказаў адзін з падлеткаў, што сядзелі ў першым радзе, і павярнуўся да суседа:
— Ты жопу ейную бачыў?
Ягоны сусед, падобны на п'янага чорціка, падавіўся шчарбатай усьмешкай і закрычаў:
— Яйкі мне пачашы, карова!
Яромкаўцы сыйшлі адпачыць у пакойчык за сцэнай. „Балалайка ня ладзіць,”— сказаў Вікторчык.— „А я тут сала раздабыў і самагону.” „Вось у Хмельніках самагон быў — сьляза,”— прамовіў летуценна Ягор. „Дзіна, Жэня, вы чаго сабатажам займаецеся?»— спытала Эла Пятроўна. „Паняў,”— сказаў бадзёра Жэня.—”Выправім.” „А ты, Ягор, граеш, як дыван выбіваеш,”— накінулася худрук на бубнача. „Яшчэ тры граем,”— пазяхнуў Мікола. „Чатыры,”— удакладніла Эла Сямёнаўна.
— А цяпер вершы нашага паэта-земляка прачытает выхаванец літаратурнага гуртка Кірыл Добрык,— звонка сказала за дзьвярыма Анжэла.
На сцэну выйшаў хударлявы юнак у чорным. Заля сьціхла. Кірыл Добрык зрабіў вельмі злыя вочы, падняў правую руку і, выразна выдзяляючы паўзы, прад эк лямаваў:
На бэтоннай шашы дождж балтыйскі напяўся
І ўрэшце закрапаў
Падарожнік у кнізе закладку зрабіў
Узіраецца ў мапу
І нібы кінакадры, на шкле лабавым
Гэтак хутка зьмяняецца ўзор
У кабіне няроўны хістаецца дым
І аўтобус адольвае ўзгор
Раздваілася мокрай шашы бескарыснае джала
На палеткі, як бомба, дарожнае сонца ўпала
Хмара з назвай вясковай — „Дражэ” —
Навакольле асыпала дробам
Град на гразкіх гародах
ўпалову з каменьнем і бобам Добрык павярнуўся да паўадчыненых дзьвярэй у бакавы пакойчык, дзе адпачывала „Яромка”, і чатырма кантрольнымі стрэламі прагрымеў:
Нібы рот, учарнелы ад кіслых, парэчак
Зь цемнаты праступае чарговае з тысяч мястэчак
Паспрабуйце, бадзягі, такое скарыце!
Хіба толькі зваліцца на мэтэрыце
На гарматным ядры, як Мюнгхаўзэн, вярхом
На плякат не зважаючы: „Госьці, гоў хом!”
Вельмі сур'ёзна заля запляскала ў потныя далоні. Выхад „Яромкі” быў сустрэты сьвістам. Пад градам папяровых шарыкаў было адграна яшчэ дзьве кампазыцыі — „Вясна” і „Камар”. Цяжка дыхаючы, Марыя Пятроўна арала носам сцэну. Зноў надыйшоў перапынак, падчас якога дзяўчынка гадоў дзесяці, пастаянна зьбіваючыся, выканала на цымбалах дзяржаўны гімн. Выйшла Эла Сямёнаўна, зь недаўменьнем, як муха ў баршчы, успрынятая гледачамі (яны й не падазравалі, што ў бакавым пакойчыку ёсьць нехта яшчэ), уручыла дзяўчынцы плякат, на якім „Яромка” пры поўным парадзе шыхтаваўся на фоне камышовых зарасьнікаў.
„Яромка” адграў палову наступнай песьні, калі ў залю, грукаючы ботамі, увайшоў нізкалобы мужычок перадпэнсыйнага веку. Разьмераным крокам ён наблізіўся да сцэны і ўважліва паглядзеў на экзэрсысы Марыі Пятроўны. Тая пачала скакаць з падвоенай энэргіяй. „Здарова, Грысь,”— крыкнулі мужыку карцёжнікі. Грысь рушыў да іх, парукаўся з кожным, пагладзіў па. макаўцы, потым падняўся на сцэну і ўзмахам далоні спыніў Вікторчыка. Музыка абарвалася, абярнулася Марыя Пятроўна, зь незразумелым захапленьнем гледзячы на Грыся. Той узяўся за грыф бас-балалайкі, сьціснуў яго, быццам руку суперніка па армрэстлінгу, цяжка паглядзеў на музыкаў, потым на ўзьніклую ў дзьвярох Элу Сямёнаўну. Усе маўчалі як загіпнатызаваныя. Нечакана Грысь усміхнуўся, і яромкаўцам стала неяк адразу цяплей, нібы зьяўленьне гэтага мужыка вырашыла ўсе праблемы, надала сэнс гэтай усеагульнай лухце.
— А давай Таганку,— душэўна прамовіў Грысь і нават павярнуўся да залі, шукаючы падтрымкі.— Ты ж Таганку магёш?
Вікторчык ацепаўся.
— Я кажу, ты Таганку магёш?— павысіў Грысь голас, але вочы ягоныя працягвалі глядзець пяшчотна й лагодна.
— Гэта бас-балалайка, — сьцяўся Вікторчык.— Басовы інструмэнт... Рытмічны малюнак...
— Я не маляваць цябе прашу,— раздражнёна сказаў Грысь.— Я Таганку прашу злабаць.