Читаем Натуральная афарбоўка полностью

На абед усе яромкаўцы сабраліся ў шмальцэвіцкай сталовай, якая мела гучную назву „Ресторан „Колосок”. Стравы „Колосок” прапанаваў цалкам традыцыйныя: грэчку, сасіскі, кампот. Але ўсё было гарачае й сьвежае, і грэх было не ашчасьлівіцца гарэлкаю. Праблемы ўзьніклі з посудам — шклянак Вікторчыку не далі, і пачаць давялося з кампоту, давячыся і апякаючы нёбы. Са сталовай усе выйшлі, значна павесялеўшы. Марыя Пятроўна нават паспрабавала прасьпяваць нейкі раманс, ззаду яе йшлі Вікторчык ды Жэня, дэманструючы нешта сярэдняе паміж фашысцкімі карнікамі й брэмэнскімі музыкантамі — міма рыпелі драбіны, і Вікторчык вельмі пераканаўча крычаў мужыкам: „Тафай-тафай-рапотай!”, а Жэня гартанна сьмяяўся; праносіліся машыны мясцовых бізнэсмэнаў, а потым павольна праехаў уазік ужо знаёмага ўсім лейтэнанта. Яны прайшлі пехатой амаль усё мястэчка — царква, касьцёл, драўляны мост празь непрыкметную рачулку, гароды, Дом быту, унівэрсам №1, школу, кучу забарыкадаваных „Запарожцамі” хатаў, медпункт, унівэрсам №2, некалькі пяціпавярховікаў, павярнулі на вуліцу Энгельса. Тут, ля Дошкі гонару й tabula rasa аб'яваў, яны ўбачылі ўкрыжаваны на плоце дзіцячяга садку кавалак паперы, на якім флямастэрам было выведзена: Сегодня у 17,30 у клубе состоишься выступление ансамбля „Яроміна”. Вход свободный. Натуральна, у слове „ансамбля” усе літары, апрача апошніх трох, былі замазаныя.

— Ляканічна,— сказаў Ягор.— Вельмі ёміста,— заўважыў Мікола.— Я бы сказаў, непераборліва,— дадаў Вікторчык.— Опа!

Ля брамкі аднаго з дамоў стаяла дзяўчына прызыўнога ўзросту ў паліто й бяздумна глядзела на артыстаў. Вікторчык моўчкі пайшоў на яе.

— Зараз зноў завядзе,— сказаў Жэня й зарагатаў. Ён абняў Дзіну за талію й працягнуў голасам Вікторчыка: „Нездарма мяне завуць Андрэйка-целагрэйка!”

Пры набліжэньні Вікторчыка дзяўчына схавалася за брамкай. Вікторчык нешта сказаў ёй, стоячы, як паштальён, ля плоту. Нечакана брамка расчынілася, і на вуліцу выскачыў голы да поясу хлопец зь сякераю ў руках. Не сякераю, вядома, але... Вікторчык упаў у сумёт (ад сьнегу, відаць, толькі нядаўна ачысцілі праход да дому), потым падняўся, размазваючы па твары кроў.

— Пойдзем, ён нас дагоніць,— сказала Эла Сямёнаўна, і за ёй, быццам за гусьсю, пацягнуліся астатнія, імкнучыся не азірацца. Хутка міма іх прабег Вікторчык, глытаючы соплі й кроў, у канцы вуліцы спыніўся, павярнуўся, але ўбачыў адно сваіх пазмрачнелых калегаў.

Урэшце дайшлі да плошчы. Вырашылі паспаць гадзінку ў аўтобусе ды йсьці рыхтавацца. Вікторчык, забыўшы, якая далікатная, сылікатная апэрацыя яго чакае, захрапеў, паклаўшы галаву на пухнатыя калені Марыі Пятроўны. Палеглі й іншыя. Уключыўшы радыё, спаў на рулі кіроўца. Ня спала толькі Эла Сямёнаўна. Неўзабаве перад ад'ездам са сталіцы яна хадзіла па касьцюмы да свайго былога мужа, зама дырэктара Дому культуры БЗІр. Той быў яшчэ і экс-танцорам „Яромкі” — лядашчы, з лысінай між кучаравых вушэй мужчына па прозьвішчы Багатыроў.

— Ну калі ж ты ўцяміш,— казаў ёй Багатыроў, усё адчыняючы ды адчыняючы бясконцыя шафы, у якіх стаяў пыл і днішчы якіх былі застаўленыя пустымі павуціністымі бутэлькамі і стосамі ніяк не жадаючых жаўцець брашураў кшталту „Унівэрсальны сцэнарый камсамольскага свята на 1981-1999 год”.— Калі ж ты ўцяміш, што сама абрала гэты шлях. Лёшка — наш сын, але калі ўжо ты забрала яго сабе — зрабі ласку, выхоўвай яго сама. Нахабства якое, сына забраць, а цяпер садзіць мне на шыю!

Адначасова Багатыроў кідаў перад ёй на доўгі стол сукенкі ды кашулі, як нейкія доказы таго, што ён мае рацыю. Некаторыя строі ён, агледзеўшы, вешаў назад у шафу.

— Я ня маю такой магчымасці (сукенка), у мяне асабістае (кашуля) жыцьцё зьявілася — дарэчы! — амаль крычаў Багатыроў, утапаючы ў хэбэ.— Раней (боты) трэба было думаць (сукенка), Эла!

— Толькі на тыдзень,— казала, перабіваючы яго, Эла Сямёнаўна, якой у гэты момант больш за ўсё хацелася чаго-небудзь выпіць або плюнуць Багатырову проста на лысіну.— Багатыроў, ты ж ягоны бацька! Ты ж разумееш...

Яна зрабіла паўзу і без аніякае веры ў посьпех выдыхнула:

— ...што такое гастролі.

— Але гэта твой клопат,— аднастайна, быццам на грузчыкаў, пакрыкваў Багатыроў.— У нас няма — няма (Багатыроў прымерыў на сябе кашулю з арнамэнтам у каўнера і барвовай плямаю ўнізе) агульных праблемаў. Ёсьць твае і мае, Эла. Адвязі яго да мамы... да Ганны Іванаўны.

— Яна хворая!— закрычала Эла Сямёнаўна,— Яна, можа, да Новага году не дажыве! І што ты мне суеш — тут жа на бірцы „Рускі народны касьцюм” напісана. Чытаць ня ўмееш?

— Хворая!— усклікнуў Багатыроў, паказаўшы вострыя пацучыныя зубы.— Яна ўсё жыцьцё хворая — на сквапнасьць ды тупасьць! Рускія, беларускія, гаўнарускія, хахляцкія — каму якая справа! Хто разьбярэ? Хоць у паранджы лявоніху танчы — ніхто слова ня скажа!

— Ды мне пофіг,— сказала Эла Сямёнаўна.— Толькі нас перад ад'ездам бэтэ здымаць будзе для нейкай підарачы. Трацімся на вочы якому-небудзь прафэсару...

Перейти на страницу:

Похожие книги

Салихат
Салихат

Салихат живет в дагестанском селе, затерянном среди гор. Как и все молодые девушки, она мечтает о счастливом браке, основанном на взаимной любви и уважении. Но отец все решает за нее. Салихат против воли выдают замуж за вдовца Джамалутдина. Девушка попадает в незнакомый дом, где ее ждет новая жизнь со своими порядками и обязанностями. Ей предстоит угождать не только мужу, но и остальным домочадцам: требовательной тетке мужа, старшему пасынку и его капризной жене. Но больше всего Салихат пугает таинственное исчезновение первой жены Джамалутдина, красавицы Зехры… Новая жизнь представляется ей настоящим кошмаром, но что готовит ей будущее – еще предстоит узнать.«Это сага, написанная простым и наивным языком шестнадцатилетней девушки. Сага о том, что испокон веков объединяет всех женщин независимо от национальности, вероисповедания и возраста: о любви, семье и детях. А еще – об ожидании счастья, которое непременно придет. Нужно только верить, надеяться и ждать».Финалист национальной литературной премии «Рукопись года».

Наталья Владимировна Елецкая

Современная русская и зарубежная проза