— Дзякую,— усьміхнуўся лейтэнант і хутка ягоны уазік зьнік за адміністрацыяй.
І Вікторчык ужо адкаркоўваў бутэльку, і на твары кіроўцы ўжо зьявілася чорная зайздрасьць разам з салідарнасьцю, і паціраў ужо рукі П'еро-Ягор,— але ў аўтобусе раптам адчуўся дух пакорлівасці й прыкрасці. Першым яго крыніцу заўважыў Жэня. „Гэта за намі,”— сказаў ён і паказаў на лабавое шкло. За ім было відаць дзяўчыну, якая пасьпешліва перасякала плошчу, накіроўваючыся да аўтобуса. Вікторчык уздыхнуў, закруціў памацней корак і схаваў бутэльку ў валізу. Дзяўчына доўга торгала ручку дзьвярэй, пакуль кіроўца не падняўся і не адчыніў ёй, працадзіўшы папярэдне яшчэ адно нецэнзурнае слоўца.
— Здрасьці! Вы ж артысты, зь Мінска?— таропка загаварыла яна.— Вы ўжо даруйце, зусім з ранку забегалася. Давайце ў клуб, вам жа, мусіць, рэпэтыраваць трэба?
— Нас бы пакарміць спачатку,— сказаў Мікола, гледзячы ёй проста ў вочы.
— Без абеду граць ня будзем,— уставіў свае пяць нотаў Вікторчык.
— Так, канешне,— замітусілася дзеўчына.— У дзьве гадзіны ў вас абед у нашай сталовай. (— А чаму ў дзьве?— пакрыўджана заскуголіў Вікторчык, але пад пагрозьлівым позіркам Элы Сямёнаўны схаваўся за сваёй валізай.) А зараз трэба ў клуб ісьці, там наша дырэктар вас чакае...
— А вас як зваць-та?— строга спытала Эла Сямёнаўна, спускаючыся з падножкі.— Анжэла,— сказала зьдзіўлена дзеўчына. Эла Сямёнаўна зрабіла кароткі задаволены паўстогн, быццам назаўсёды занесла Анжэлу ў сваю картатэку, і адразу згубіла да яе цікавасьць. Тым ня менш яны поруч пайшлі да клубу, прычым Анжэла ўсё гаварыла нешта й настойліва спрабавала зазірнуць худруку ў поўныя годнасьці вочы. За дамамі, раз-пораз паслізгваючыся на затоеным пад сьнегам лёдзе, пацягнулася чарада астатніх: рэвалюцыйны матрос Мікола з гармонікам праз плячо, які вольнай рукой дапамагаў Ягору несьці ягонае складанае прыстасаванне, Жэня з заплечнікам, захутаная ў пухавік па самыя вочы Дзіна, вельмі шмат Марыі Пятроўны. За імі ўсьлед плёўся Вікторчык са сваёй вялізнай пакалечанай бас-балалайкай. Аўтобус пакуль застаўся стаяць пасярод плошчы, на ягоным рулі, быццам філёзаф, што спрабуе спасьцігнуць бясконцасьць кола, задрамаў кіроўца.
Чамусьці ўсе залі ўсіх местачковых дамоў культуры пахнуць семачкамі. Гэтая не была выключэннем. Вялікая лямпа на столі асьвяціла бязладна раскіданыя абоймы крэслаў, нечакана высокую сцэну, на якой шыбеніцай тырчала мікрафонная стойка. Сцэна сканчалася сьцяной з фоташпалерамі: зь вялікай вышыні, быццам са шпіёна-спадарожніка, надзвычай цьмяна быў зьняты цудоўны куточак сінявокай Беларусі, зь нязьменнай супрацьтанкавай рэчкай і разбаўленым лесам полем (ці наадварот). Уверсе сьцяны, проста на шпалерах, нечай рукой па-майстэрску быў намаляваны агромністы бусел, які драпежна распасьцёр белыя крылы. Пачалі ладкавацца: Мікола, не знайшоўшы зьніклага выключна згодна з традыцыяй мясцовага гукарэжысэра, пайшоў шукаць дрот, Марыя Пятроўна села на крэслы і ці то малілася, ці то рэпэтавала, Вікторчык адправіўся здабываць сілікатны клей (насамрэч ён ужо даўно дамовіўся з Анжэлай, каб тая прынесла яго пасьля абеду ў клуб), Жэня й Дзіна правяралі сцэну на трываласць, Ягор даядаў каўбасу. Эла Сямёнаўна й дырэктар клубу Ніна Саламонаўна стаялі й глядзелі на ўсё гэта, а насамрэч адна на адну. „Кароваў падаіла, калхозьніца?”— думала Эла Сямёнаўна.— „Фарбавацца навучыся спачатку, памада — не каляровая крэйда. І гэта — жанчына. Сьвіньня на ўбой! Зубы залатыя, вочы тупыя. Што ты ў жыцьці бачыла, апрача гною?” „Чаго вылупілася?”— адказвала ёй у думках, схаваных пад сівым парыком, Ніна Саламонаўна.— „Гарадзкая! Я ж сама ў горадзе нарадзілася. Там я бы чаго лепшага знайшла, чым алкашоў вучыць на гармоніку пілікаць. Хто ж вінаваты, што па разьмеркаваньні мяне сюды, а тут Барыс еты... каб ён здох, кабелюга. Каб яму яйкі прышчаміла! А гэтая верыцца ўсё... кашчавая якая... ні грудзей, ні жопы. Калхозьніца”.