Антонаўна, схаваўшы лазэрны меч у ножны, рашучым крокам выйшла з залі. Глава сёмая. Хаця Форанава войска стрымала клятву, увечары Барлісам удалося прарвацца ў самае сэрца сталіцы. Пад кантролем Форана заставаўся толькі вялізны палац, які займаў чвэрць гораду, і Эбандавае прадмесьце. Калі на горад апусьцілася ноч, па палацы прайшла чутка — зьнік Парамозг Ленк. Што ж, калі...”
Дзьверы пазяхнулі, вярнулася Жана, села за свой стол, схавала пад ім тоўстыя ногі, пакруціла ў руках маркер. Па цёмным вакне прабягалі каламутныя пісягі, як блікі на вадзе, мігцелі замерлыя па нечай прыхамаці выпадковыя сьвячэньні. Узбуджаная мокрым сьнегам гарадзкая гразь памнажалася, чапляючыся за падэшвы, узьбіралася на прыступкі, таяла. Позьняя восень даводзіла, што і ў белага колеру маюцца свае разнавіднасьці. Вуліца і прыёмны пакой, здавалася, памяняліся мейсцамі; калі паглядзець у вакно, узьнікала гэткае адчуванне, што фіранкі гайдаюцца з таго боку, сярод машынаў і трамваяў. З кабінэту доктара Жаўткова не даносілася ані прыглушаных галасоў, ані звону інструмэнтаў, як магло б прымроіцца рэжысэру Сашы, і ня чулася ані крыкаў болю ці чвяканьня напаўзжаваных кляпаў, як магло ўявіцца пісьменніцы Жане. Хутчэй — музыка. Жана, прымружыўшыся, глядзела на сябе ў люстэрка, і, мусіць, надта доўга ўжо глядзела, бо задумалася пра нешта, погляд зьнік, у пустуючых вачох пачалі адлюстроўвацца, атабарвацца стол і — па дузе — журнал наведванняў, каляндар, асадка, тэлефон, дзьверы, кут, столь, падобная на жаночыя грудзі лямпа, якая хутка растварылася ва ўласным зьзяньні, зноў кут, пальма, коратка стрыжаная галава...
— Саш,— сказала Жана задуменна.— Вось скажы... толькі бяз гэтых тваіх жарцікаў дурацкіх... ну вось зноў... „Доктар Жаўткоў” слухае,— сказала яна, зьняўшы слухаўку тэлефона, які нечакана яе перабіў.— Добры дзень. Так. Не. Толькі па панядзелках. Можна. Так, ведама ж, прыходзьце. Дзесяць за кансультацыю. Да трохсот. Кружын? Крутыя? Крутыя. На шаснаццаць. Усяго добрага.
— „калі ён напраўду здраднік...”—
— Скажы, у цябе вось так бывае: скажаш нешта, і тут жа... Ну вось, напрыклад, ідзе тэлевізар, а ты ў гэты час адгадваеш крыжаванку. І ты, напрыклад, адгадаў слова „більярд”. І ў гэты ж момант па тэлеку перадача, навіны спорту, і там у гэты самы момант распавядаюць пра більярд... Ці, дапусьцім, ты едзеш у мэтро, думаеш пра тое, чым будзеш займацца ў нядзелю, а побач стаіць баба якая-небудзь незнаёмая й кажа сваёй сяброўцы: ты ў нядзелю якія маеш пляны?
„...заставалася спадзявацца на дапамогу даруканаў. Уначы ў палац прыбыў атрад зарангітаў, і калідор тут жа напоўніўся грукатам іх рагоў...”
— Зразумела,— пачасаўшы галаву, сказаў Саша.— Бывае. Я вось сёньня зранку на кухню заходжу і кажу: мам, чаго б пажраць, а маці ў гэты самы момант радыё ўключае, і там мне адказваюць — макароны звары, а мне ўжо бегчы трэба. Яшчэ памятаю, ня так даўно, у аўторак, ці што, вершык чамусьці ўзгадаў — бывае, так?— ну, памятаеш, „краю мой родны, як выкляты богам,” на ўсё жыцьцё запомніў, блін!, а ў пакоі суседнім братан мой малодшы пачынае хатняе заданьне вучыць, і бубніць: „Колькі ты зносіш нядолі.” Не, бываюць такія супадзеньні. А яшчэ вось...
— У мяне проста сёньня такое было,— прамовіла Жана, ня слухаючы.— Супадзеньне яшчэ тое. Я ў тралейбусе ехала, людзей, дзякаваць богу, няшмат. Стаю ля самай кабіны кіроўцы, у сумачцы капаюся, і пальчатка мая раптам з рук выслізгвае, ну, і падае. І ведаеш, краем вока заўважаю... Заўважаю вось што: у другім канцы тралейбуса хлопец адзін таксама за пальчаткай сваёй цягнецца. Яна таксама ўпала, адначасова з маёй, разумееш? Сэкунда ў сэкунду.
— Ну і што?— сказаў Саша, ахайна пёрак даўшы ў кнізе закладку — абгортку для жуйкі.— Супадзеньне! Давай лепш сканворд, я памятаю, у цябе быў неразгаданы. Ды не сумуй ты, Жано. Давай яго сюды. Так. Сталіца Італіі — Рым. Прыяцель — друх. Любоў... Правільна, Жана, сэкс. Сем. Чалавек, які зьдзейсьніў выдатны ўчынак. Герой. Сустаў, хлеб. Вада. Крок. Мір. Ты вось ня ведаеш, хто гэта — сын бацькі? а я вось ведаю — сын. Пэрсанаж паэмы „Руслан і Людміла”. Руслан. Ведаеш, вось зараз хто-небудзь зойдзе, пацыенцішка які залётны, і высьветліцца, што завуць яго Руслан.
Жана са страхам паглядзела на дзьверы. На іхным шкле варушылася стракатая вада. Ад дзьвярэй да стала падлогу пакрывалі мокрыя плямы, быццам чалавек-невідзімка праехаўся тут верхам на аслу.
— Нейкі тупы сканворд. О, тут яшчэ красворд ёсьць. Адзін па гарызанталі. Земнаводнае, якое ў пачатковай стадыі свайго існаваньня мае празрысты скураны пакроў. Ты ня ведаеш, а, Жан? Якія ў нас ёсьць земнаводныя?... жаба, яшчарка...
— Жаба — не земнаводнае,— сказала Жана. Шыя яе ссыпала на сьпіну дробныя дрыжыкі.— Пурген на вуліцы які ўсчаўся...
— Чаму гэта не земнаводнае? Яна ж жыве й на зямлі, і ў вадзе.
— Варан — гэта земнаводнае.
— Ну я й кажу — яшчарка. Варан — гэта ж яшчарка.
У прыёмным стала неяк надта цёпла. Зіма чакала на двары, скрыгочучы трамваямі. Здавалася, батарэі жывіліся тым холадам, які ўдыхаў пакой, і пачыналі грэць з падвоенай сілай.