– А сцэна прымірэння праўдзівая, як па-вашаму?
– Самая лепшая, – пахваліў Бельтара.
– О не! – усцешыўся Шалон. – Я не лічу яе лепшай. Самая лепшая, па-мойму, – сцэна сустрэчы Жаржыяны і Сільвіо.
– О так, – згадзіўся той. – Гэта яшчэ лепшая.
Місіс Пэкс адвяла мяне ўбок:
– Я вас прашу, скажыце шчыра, ён напісаў бязглуздзіцу?
Я моўчкі пацвердзіў.
– Як жа гэта здарылася? – прамовіла яна. – Я ніколі не думала!.. Ён мне здаваўся такім разумным.
– Ён сапраўды разумны, дарагая місіс Пэкс, але творчасць і гутарка – з'явы розныя і нават процілеглыя. Можна памыліцца.
– Не, не, – ускіпела яна. – Гэта недаравальна. Ні ў якім разе нельга пускаць гэта ў друк… Пасля ўсіх маіх рэкамендацый… Я скажу яму ў вочы, што яго опус бяздарны, агідны, смеху варты…
– Калі ласка, не рабіце гэтага. Вы яму пашкодзіце на ўсё жыццё. Заўтра, без сведак, я паспрабую сам. Не трэба яго крыўдзіць у такі вечар… Не трэба.
На другі дзень, калі я адважыўся трошкі яго пакрытыкаваць, Шалон успрыняў мае дробныя і нясмелыя заўвагі з такім гневам, з такой пагардай, я адчуў такую аголенасць яго эмоцый, што страціў усякую рашучасць. Ранейшы вопыт мне даказваў, што з маіх намаганняў толку не будзе. Ізноў іграць ролю мальераўскага Мізантропа, акт першы, сцэна другая? Навошта? Я ведаў, што пачую: «А я сцвярджаю, што мае вершы вельмі добрыя» і ў мяне не хопіць духу паслаць знішчальную рэпліку. А таму лепш за ўсё адступіць адразу. І пайшоў я, узяўшы рукапіс пад паху, да майго выдаўца, паклаў тоўсты сшытак на стол і без усякіх каментарыяў сказаў:
– Гэту кнігу напісаў Шалон.
– Няўжо? – замітусіўся выдавец. – Гэта кніга Шалона? Палічу за шчасце яе мець. Аб ёй так многа гавораць. Я вам вельмі ўдзячны, дарагі друг, што вы ўспомнілі мяне. Як вы мяркуеце, я гатовы неадкладна скласці ўмову тэрмінам на дзесяць год?
Я параіў яму пачакаць крыху, спадзеючыся, што ён прачытае кнігу і адмовіцца. Але ж вы ведаеце, як гэта робіцца. Нашы імёны, маё і Шалона, былі для яго гарантыяй. Ён адправіў рукапіс у набор, нават не глянуўшы.
Вестка аб гэтым развеяла падазрэнні Шалона.
Тры дні місіс Пэкс яго не трывожыла, усклаўшы клопат на мяне. Калі ж дазналася пра мой візіт да выдаўца, сустрэла мяне з абурэннем і, адчытаўшы як мае быць за падатлівасць, напісала Шалону рэзкае пісьмо, якое ён назаўтра нам паказваў, ледзь не плачучы. Ён доўга вышукваў прычыну гэтай раптоўнай несправядлівасці. І прыйшоў да вываду дзікага, абсурднага, але які начыста змываў з яго ганебную пляму. Ён уявіў сабе, што Глэдзіс Пэкс пазнала сама сябе ў вобразе нягеглай ангелькі, паказанай у яго рамане, пасля чаго адразу павесялеў і перастаў аб ёй думаць.
Праз тры месяцы кніга выйшла ў свет. Дрэнных водгукаў у друку не было. Шалон карыстаўся агульнай сімпатыяй, і прычыняць яму боль ніхто не хацеў. Крытыкі сябры выказваліся аб кнізе стрымана, астатнія маўчалі.
Затое вусная крытыка разлівалася шумлівым патокам. Не было таго дня, каб у мяне не пыталіся: «Ну, а як Шалон? Вы бачылі яго раман? Гэта нешта жудаснае!..» Праз месяц увесь Парыж, не чытаючы, ведаў, што кнігу не варта чытаць. На вітрынах кнігарань прыгожыя жоўтыя вокладкі зрабіліся бледна-лімоннымі, потым павольна пачалі чарнець. Пад канец года амаль увесь тыраж вярнулі выдаўцу. Затраты не апраўдаліся, і Шалон заявіў, што яго абакралі.
Няўдача адабрала ў яго спакой, абудзіла нянавісць. Цяпер ён дзяліў чалавецтва на дзве катэгорыі: «тыя, хто цэніць маю кнігу» і «тыя, хто не цэніць маёй кнігі». Жыць у грамадстве стала яму цяжка. Калі мы збіраліся наладзіць таварыскі абед, Шалон гаварыў:
– Гэтага не запрашайце, я яго цярпець не магу.
– Чаму? – пытаў Фабер. – Ён разумны і зусім не злы.
– Хто? Ён? Змяя. Нічога не напісаў пра маю кнігу, – адказваў сярдзіта Шалон.
Гэты чалавек, раней такі мілы і скромны, стаў фанабэрыстым да немагчымасці. Ён заўсёды насіў у кішэні хвалебную заметку, з натугай праціснутую мной у друк, і чытаў яе абы-каму. Калі які-небудзь крытык пералічваў таленавітых раманістаў нашага пакалення, ён дзівіўся, не знаходзячы свайго імя: «Гэты Біду – паскуднік!» – сцвярджаў ён. Альбо так: «Ад Жалу я такой подласці не чакаў!..» Неўзабаве, падобна вар'ятам, якія, абвінаваціўшы ўсіх суседзяў у злачынных падкопах пад свой дабрабыт, канчаюць тым, што нават на жонку і на дзяцей сваіх глядзяць, як на ворагаў, так і Шалон – вырашыў, што ў «Саюзе пяці» яго як пісьменніка не цэняць, і паступова адвярнуўся ад нас.
Можа, у новым асяродзішчы, менш інфармаваным, ён і знайшоў бы тое бескарыслівае, пачцівае давер'е, якое мы так доўга яму аказвалі. Тры разы ўзапар ён не з'явіўся на нашы сходы. Бельтара напісаў яму і не атрымаў адказу. Тады мне даручылі быць паслом ад «чатырох» і схадзіць да яго на кватэру.
– Бедны хлопец, ці ж ён вінаваты, што не мае таленту? – гаварылі мы.
Ён быў дома і мяне прыняў, але вельмі холадна.