– Не, не, – сказаў ён, – даўно вядома, што людзі – дрэнь. І вы такія ж, не лепшыя. Пакуль я быў вашым дарадчыкам, з захапленнем слухаў вас, вы сябравалі са мной. Калі ж я захацеў сам нешта стварыць, ты, асабліва ты, адчуў ва мне магчымага саперніка і арганізаваў змову маўчання вакол маёй кнігі.
– Я? Каб ты ведаў, колькі разоў я абіваў парогі, прасіў за цябе!
– О, так! Падлізваліся, каб потым угробіць! Ашуканцы! Крывадушнікі!..
– Пабойся бога, Шалон!.. Узводзіш паклёп! Успомні той дзень, калі ты мне паведаміў, што збіраешся паехаць у Напуль, хочаш узяцца за работу. Ты вагаўся, быў не ў форме. Я падбадзёрыў цябе, павіншаваў…
– Помню. І ніколі вам гэтага не дарую: табе і Глэдзіс Пэкс.
Ён падняўся, падышоў да дзвярэй і расчыніў іх, каб паказаць, што аўдыенцыя скончана. Выходзячы, я пачуў:
– Вы загубілі маю кар'еру.
– І самае цікавае, – прамовіў Бельтара, – самае дзіўнае, што ён сказаў праўду.
Катэдральны сабор
У 18.. годзе нейкі студэнт спыніўся на вуліцы Сэнт-Анарэ перад вітрынай гандляра карцінамі. Там было выстаўлена палатно Эдуарда Манэ «Шартрскі катэдральны сабор». Манэ ў той час прызнавалі толькі некаторыя аматары. Але ў студэнта быў добры густ, і хараство гэтай карціны яго глыбока ўразіла. Некалькі дзён ён хадзіў любавацца ёю. Нарэшце адважыўся ўвайсці ў краму і запытаў цану.
– Так і быць, – сказаў гандляр, – яна тут вісіць даволі доўга. Уступлю яе вам за дзве тысячы франкаў.
У студэнта не знайшлося такой сумы, але ён быў не з бедных. Яго сваякі ў правінцыі мелі дастатак. Адпраўляючы хлопца ў Парыж, адзін з яго дзядзькоў сказаў: «Маладому чалавеку хочацца пажыць. Калі будзе пільная патрэба, пішы». Ён папрасіў у гандляра тыдзень тэрміну, каб выкупіць карціну, і напісаў свайму дзядзьку.
У студэнта была каханка – асоба даволі вульгарная, недалёкага розуму, але вельмі прыгожая. Яна была замужам за чалавекам намнога старэйшым і нудзілася без пэўных заняткаў. Вечарам таго ж дня, калі студэнт даведаўся пра цану «Сабора», жанчына гэтая сказала яму:
– Заўтра з Тулона да мяне прыедзе ў госці мая пансіёнская сяброўка. У майго мужа няма часу гуляць з намі. Я разлічваю на вас.
Назаўтра сяброўка сапраўды з'явілася і не адна, а прывяла з сабой яшчэ адну сяброўку. Студэнт быў вымушаны некалькі дзён вадзіць усіх трох і паказваць ім Парыж. Ён іх паіў, карміў, наймаў рамізніка, плаціў за квіты ў тэатр і хутка растраціў усё, што яму было прыслана на месяц. Ён пазычыў грошай у таварыша і зусім ужо засмуткаваў, як раптам прыйшоў ад дзядзькі ліст, і ў ім дзве тысячы франкаў. Гэта быў ратунак. Ён расплаціўся з даўгамі і купіў сваёй каханцы падарунак. «Катэдральны сабор» быў прададзены калекцыянеру, які пазней завяшчаў свае карціны Луўру.
Мінула шмат гадоў. Студэнт стаў славутым пісьменнікам, пасівеў, пастарэў, захапляецца малюнкамі прыроды і хараством жанчын. Часта на вуліцы, выходзячы са сваёй кватэры, ён сустракае пажылую даму, якая жыве ў суседнім доме. Дама гэта – яго былая каханка. Твар яе заплыў тлушчам, прыгожыя вочы выцвілі, і пад імі вісяць мяшкі, на верхняй вусне расце шэрая шчэць. Яна ідзе грузна, і ногі ў яе як налітыя воскам. Пісьменнік вітаецца, але праходзіць міма, бо ведае, што яна злая, і яму сорамна нават падумаць, што ён яе калісьці кахаў.
Часам ён заходзіць у Луўр і падымаецца ў залу, дзе красуецца «Катэдральны сабор», доўга глядзіць на яго і ўздыхае.
Кірмаш у Нэйі
– Банівэ быў гадоў на пяць-шэсць старэйшы за мяне, – пачаў Мафра, – але яго кар'ера была такая бліскучая, такая раптоўная, што я прывык лічыць яго хутчэй сваім апекуном, чым сябрам. Я яму за многае павінен дзякаваць. Стаўшы міністрам грамадскіх работ, ён узяў мяне ў сваю канцылярыю, а калі міністэрства распалася, цудоўна ўладкаваў у прэфектуру.
Вярнуўшыся да ўлады, Банівэ атрымаў партфель міністра калоній. Я займаў тады ў Парыжы ніштаватую пасаду і прасіў яго, каб мяне нікуды не пераводзіў. Адносіны паміж нашымі сем'ямі былі найлепшыя, і мы часта разам праводзілі адпачынак: то мы ў іх, то яны ў нас. Нэлі Банівэ мела гадоў пад сорак, прыгажосці не страціла і была ідэальнай жонкай міністра. Муж яе моцна любіў.
Я ўжо гадоў дзесяць, як быў жанаты, і жылі мы з Мадлен, вы гэта ведаеце, вельмі дружна.
Нейк у пачатку чэрвеня Банівэ запрасілі нас паабедаць у адной з рэстарацыяў Булонскага Лесу. Нас было шэсць, вечар правялі мы весела, і пад поўнач ніхто не хацеў разыходзіцца. Банівэ, чалавек дасціпны і з гумарам, прапанаваў нам усім паехаць на кірмаш у Нэйі. Дарваўшыся да ўлады, ён любіць прыкідвацца каліфам Гарунам-аль-Рашыдам, гэтакім дабрадзеем, і слухаць, як навокал шэпчуцца: «Гляньце, гляньце, Банівэ!»