Пан Фразер, магутны мужчына ў чорным, нагадаў мне капелана ў амерыканскім універсітэце – тая ж сілішча.
Яго прафесійная ветлівасць мне здалася зусім натуральнай.
– Нам прыемна, нам вельмі прыемна прымаць нашых дарагіх гасцей, – прамовіў ён пявучым голасам. – Нашы кліенты – гэта нашы сябры. Нашы сябры – гэта нашы кліенты. Усё часцей і часцей інтэлігентныя людзі карыстаюцца аб'яднаным рэйсам.
– Якраз гэтага я і хачу, – згадзіўся я. – Але вось тут маладая асоба патрабуе візу на вылет.
– Абавязкова, іначай нельга, абавязкова, – сказаў ён. – Дастаньце візу на вылет, астатняе зробім мы.
– Але ў каго ж мне яе прасіць? Якія патрэбны захады?
У гэты момант на стале зазваніў тэлефон.
– Калі ласка, адну хвіліначку, – спакойна спыніў мяне пан Фразер і, зняўшы трубку з правага тэлефона, загаварыў па-ангельску:
– Так, доктар… Так, доктар… Яшчэ дзесяць… Добра, доктар, добра, вы не пакідаеце нас без работы… Праявіць да іх належны клопат?.. Праявім, доктар, ручаюся.
Ён паклаў адну трубку і ўзяў другую, з левага боку, дзе таксама званіў тэлефон:
– Пяцьдзесят? Цудоўна, палкоўнік… Разумею… У якіх чынах? Звычайныя салдаты? Разумею… Мы паспрабуем іх трымаць групай… Дзякуй, палкоўнік, што не забываеце нас. Да вашых паслуг… Маё шанаванне, палкоўнік…
Пасля гэтага ён пачаў гаварыць у два тэлефоны адразу, і мне здалося, я пачуў сваё імя.
– Вы не можаце яго агледзець пасля дванаццаці? – запытаў ён у тэлефон. – Ну так, ён спяшаецца… Чаму? Вы ж ведаеце, Франк, звычайная гісторыя. У шаснаццаць гадзін? Добра… Дзякуй, Франк! За мной ваша не прападзе.
Потым, паблажліва павярнуўшыся да мяне, растлумачыў:
– Ідзіце ў будынак Б, першае крыло, пакой 3454, і папрасіце пана Франка, каб вас агледзеў. Вядома, давядзецца пачакаць, але вас ён прыме сёння… Ён мне абяцаў… Калі ласка… Нам вельмі прыемна, што вы з'явіліся да нас.
Падышла дзяўчына ў чорнай уніформе. Ён рашуча падняўся, і гэта быў знак, што размова скончана.
З вялікай цяжкасцю я знайшоў будынак Б. Каб туды дабрацца, трэба было ісці вузенькай сцежкай, плюхаючы па гразі, і жаўтаваты туман зноў апусціўся на пляцоўку.
Вакол мяне коўзаліся кучкамі ашалелыя пасажыры.
Вось ён будынак Б – небаскроб, і ліфт падняў мяне на трыццаць чацвёрты паверх. Перад пакоем 3454 – даўжэзны хвост мужчын і жанчын. Я цярпліва стаў у чаргу. На гэты раз людзі пакутавалі ў два этапы. Спачатку трэба было выстаяць, не прысядаючы, у цёмным калідоры, потым, у пярэдняй пана Франка, дзе было штук дваццаць крэслаў, людзі садзіліся ў рад. Матавае шкло аддзяляла іх ад інспектара, які час ад часу выгукваў: «Наступны!» Тады бліжэйшы падымаўся, а ўсе астатнія перасоўваліся ланцужком. Перада мной была маладая дама ў футравым манто, яна выцірала слёзы. Нарэшце яе выклікалі, і праз хвіліну яна вярнулася. Калі жанчына выходзіла, мне здалося, што яна трошкі павесялела. За матавым шклом пачуўся голас:
– Наступны!
Я ўвайшоў.
За белым драўляным сталом сядзеў мужчына без пінжака, з тлустым тварам, інтэлігентны. Ён абуджаў давер'е; я міжвольна паставіў чамадан на стол і пачаў яго адмыкаць. Але ён усміхнуўся:
– Не, ваш багаж мяне не цікавіць… Мая задача – правяраць тое, што вы прынеслі ў сабе: успаміны, пачуцці, страсці…
– Яно, калі па закону…
– Па закону, – перабіў ён, – вы маеце права мець строга абмежаваную колькасць успамінаў, прычым толькі лёгкіх… Ваш узрост?
– Шэсцьдзесят пяць гадоў.
Ён зірнуў у табліцу і адзначыў лічбу:
– У вашым узросце колькасць іх зменшана. Вам дазваляецца: крыху чуллівасці, некаторая цікавасць да мастацтва, адна-дзве прыхільнасці сямейнага характару, разбаўленыя моцным эгаізмам, і гэта амаль усё… Вось вам спісак забароненых пачуццяў. Вазьміце, пазнаёмцеся і скажыце мне, калі што ў вас ёсць.
– Фанабэрыя і славалюбства? Не, фанабэрыі ў мяне няма… Можа, калісьці я і шукаў славы, але, дасягнуўшы вяршынь, пераканаўся, што радасці яна не дае. З гэтым пакончана.
– Вельмі добра, – ухваліў ён. – А імкненне да ўлады?
– Што вы? Наадварот, імкненне ад улады. Нашто мне ўлада? Я лічу, што ўсякі начальнік – асоба залежная, раб сваёй службы і пэўных думак. Я не жадаю адказваць за ўчынкі, мне навязаныя.
– Вельмі добра… А па вашай прафесіі празмерных захапленняў не было? Анкета сведчыць, што вы драматург. Вы не думалі, што зможаце напісаць яшчэ адну п'есу, лепшую, чым папярэднія?
– Не. Пераканаўся, што не змагу… Прабаваў у мінулым годзе. Яшчэ тады крыху верыў у свае сілы… і стварыў нейкую дрэнь, страхоцце… З гэтым пакончана.
– Гэта ваша цвёрдае рашэнне?
– Так, сваю справу я зрабіў; яна варта таго, чаго варта; судзіце, як знаеце.
– Вельмі добра… Выдатна… Грошы? Маёмасць?
– Я за гэтым не гнаўся. Маёмасці не набыў.
– А як з палюбоўніцамі?
– Пятнаццаць гадоў ні адной. Ёсць у мяне жонка Данаціна… Я ажаніўся позна.
– Вы яе любіце?
– Ад усяго сэрца.
– Ай! Ай! І як вы сюды папалі? Ад усяго сэрца – тэрмін, які не дапускаецца ў нашай установе… Узважым… Вы яе любіце фізічна? Па-сяброўску? Інтэлектуальна?
– Па-рознаму.
– Гэтак жа, як і ў першы дзень?
– Мацней, чым як у першы дзень.
Інспектар Франк нахмурыўся:
– На вялікі жаль, пры такіх умовах я не магу вам даць візы.