Але я так стаміўся, што, карыстаючыся цемрай і туманам, ціхенька зайшоў за будынак і правёў ноч у нейкіх кустах пад перакуленай ваганеткай. Я прачнуўся ў дрыжыках, увесь пранізаны болем. Ад самага пачатку майго злашчаснага вандравання па канторах і канцылярыях толькі цяпер упершыню выбліснула сонца. Мне здалося, што яно стаіць надта высока, і я з трывогай зірнуў на гадзіннік. Было ўжо за поўдзень. Ніякага сумнення, што я заснуў толькі пад раніцу і страшэнна заспаў. Я паспешна абышоў будынак і ўбачыў чараду мужчын і жанчын такой даўжыні, што вартаўнікі былі вымушаны падзяліць яе на групы.
Чаканне. Павольнае прасоўванне наперад. Бой гадзінніка, як удары нажа ў сэрца. Раз… Два… Чаканне перад ліфтам… Тры… Чатыры… Ніякіх надзей. Назад у горад. Кашмарная ноч… Ранішняя беганіна. Чаканне каля агароджы. Чаканне перад будынкам Б. Чаканне перад ліфтам. Марудны пад'ём да калідора трыццаць чацвёртага паверха… 1451… 3452… 3454. Павольнае перасоўванне з крэсла ў крэсла… «Наступны!» Нарэшце я зноў пападаю ў кантору пана Франка.
– А! Гэта вы! Прынеслі візу?
– Прынёс, – адказваю я, падаючы ў крэсла ад слабасці. – Вось яна.
Спачатку ён глянуў з задавальненнем і добразычліва, потым з прыкрасцю вытрашчыў на мяне вочы:
– Чаму ж вы не прыйшлі ўчора? Ваша віза несапраўдная.
– Як несапраўдная? Чаму?
– Тэрмін годнасці віз ККК – адны суткі. А чаму? Не ў маёй кампетэнцыі. Такое правіла. Хутчэй бяжыце да іх у кантору і папрасіце прадоўжыць тэрмін. Яны вам зробяць адразу… Наступны!
Ад гэтых слоў я наліўся гневам. З нянавісцю ўявіў свае бясконцыя бадзянні, гразішчу, слоту, марную мітусню і, без усякай павагі да навакольнага камфорту, забыўшы пра дваццаць асоб, што слухалі мяне ў пярэдняй, закрычаў не сваім голасам:
– Даволі, хопіць! Хопіць ганяць мяне па вашых канцылярыях, з чаргі ў чаргу, ад бюракрата да бюракрата! Хопіць вашых паперак! Наздзекаваліся! Намучылі! Хопіць! Хопіць! Хопіць!.. Калі выехаць адсюль так цяжка, я не паеду.
Я стукнуў кулаком па стале пана Франка; ён, мабыць, спужаўся, і не без падставы, бо я ашалеў ад злосці.
– Я не паеду! Я не паеду!
Франк паклікаў сакратара, яны схапілі мяне за плечы і выпхнулі з канторы. На шум з'явіліся два здаравенныя вартаўнікі, сціснулі мне рукі і вывалаклі з будынка. Вырваўшыся на волю, я пачаў бегаць па пляцоўцы і крычаць:
– Я не паеду!
Навокал сабралася шмат пасажыраў. Некаторыя прабавалі мяне ўгаварыць, але я нікога не слухаў.
– Я не паеду!
Раптам перада мной адкрыўся нейкі прасвет. Я кінуўся туды. Свежы салёны вецер павеяў мне ў твар. Два агеньчыкі выбліснулі ў тумане. Дзе яны? На якім беразе. Чуцён быў глухі грукат марскога прыбою.
– Я не паеду.
Агні набліжаліся. Што гэта? Агні ці чалавечыя вочы? Гэта былі вочы, мілыя шэрыя вочы, поўныя болю і смутку, вочы маёй жонкі Данаціны.
– Я не паеду, – прамовіў я слабым голасам.
– Доктар, – закрычала яна, – ён пачаў гаварыць!
– Значыць, хвароба адступіла, – пачуўся грубаваты голас доктара Галцье.
Апошнія пасмы туману чапляліся за фіранкі. Прывычныя контуры мэблі выразна вырысоўваліся ў дзённым святле. На сценах зазіхацелі жывымі колерамі знаёмыя карціны, і над самым маім тварам, блізка-блізка, блішчалі ў слязах вочы Данаціны, гордыя і поўныя любві.
Мурашкі
У каробачцы паміж дзвюма шклянымі пласцінкамі, абклеенымі з бакоў паперай, варушылася і працавала цэлае племя дробненькіх карычневых пачвар. Прадавец насыпаў мурашкам трошкі пяску, і яны пракапалі ў ім хады, адусюль накіраваныя ў адзін пункт. Там, у самым цэнтры, амаль нерухома сядзела крыху большая мурашка. Гэта была Каралева, і ўсе астатнія з пашанай кармілі яе.
– З імі няма ніякага клопату, – сказаў прадавец. – Даволі раз у месяц пакласці ім кроплю мёду ў гэтую дзірачку… Толькі адну кроплю… А мурашкі ўжо самі перанясуць яе і падзеляць.
– Усяго адну кроплю ў месяц? – здзівілася маладая жанчына. – Няўжо адной кроплі мёду хопіць гэтым істотам на цэлы месяц?
На ёй быў вялікі капялюш з белай саломкі і муслінавая сукенка ў кветачкі, без рукавоў. Прадавец маркотна паглядзеў на яе.
– Адной кроплі хопіць, – паўтарыў ён.
– Цудоўна, цудоўна! – усклікнула ў захапленні маладая жанчына.
І купіла празрысты мурашнік.
– Дружа мой, вы яшчэ не бачылі маіх мурашак?
Беленькая ручка з наманікюранымі пальчыкамі трымала шкляную каробачку з жывымі істотамі. Мужчына, які сядзеў каля маладой жанчыны, любаваўся яе плячамі і зграбнай шыйкай.
– Як з вамі цікава, дарагая… Вы ўносіце ў жыццё навізну і разнастайнасць… Учора вечарам Бах… Сёння мурашкі…
– Вы толькі гляньце, мой дарагі! – сказала яна з дзіцячым запалам, які яму так падабаўся (і яна гэта ведала)… – Вы бачыце вунь тую вялізную мурашку? Гэта Каралева… Работніцы ёй прыслужваюць… Я іх сама кармлю… І паверце, дарагі, ім хапае адной кроплі мёду ў месяц… Ды гэта ж паэзія!..
Праз тыдзень і мужу яе і каханку надакучыў мурашнік. Маладая жанчына сунула яго за люстэрка на каміне. У канцы месяца яна забыла пакласці ў каробачку кроплю мёду. Мурашкі доўга паміралі ад голаду. Да самага канца яны хавалі трошкі мёду для Каралевы, і яна загінула апошняя.
Мірына