Читаем Навелы полностью

– Але ж я хачу выехаць!

– Вы гаворыце, што хочаце выехаць, але хто ж гэта ахвотна расстаецца са светам, пакінуўшы там такую дарагую істоту?

– Вы не разумееце мяне, – зазлаваў я, – іменна каб вызваліць яе, я і хачу выехаць. Вось ужо тры месяцы, як я павіс грузам у яе на шыі. Навошта псаваць ёй маладое жыццё!.. Мне трэба выехаць!

Франк заківаў галавой:

– Шкада, шкада… Мы ніколі не давалі візы людзям, што захоўваюць такі запал… Мы іх ведаем… Забраніруеш ім месца, за кошт іншых пасажыраў, вядома, а яны ў апошні момант бягуць ад нас – і месца прападае, нікім не выкарыстанае.

Я ўявіў сябе зноў выкінутым у зеленаваты туман, у натоўп, у штурханіну, на шумныя вуліцы незнаёмага горада, у жалезны бразгат і скрогат; убачыў, як змораны, з чамаданам у руках, блукаю без надзей, без прыстанішча, без сілы… Жах агарнуў мяне, і я пачаў прасіцца:

– Калі ласка… Знайдзіце хоць які-небудзь шанс. Вы чалавек разумны. Вы ж ведаеце, як мне трэба пасля столькіх пакут перабрацца ў іншы свет. Я стаміўся. Дайце мне спакой. Калі ва мне яшчэ жыве якая-небудзь страсць, дазвольце мне самому патушыць яе, мне памогуць разлука, час… толькі не выкідайце мяне ў гэтыя змрочныя абшары… Не выкідайце.

Пан Франк са спагадай глядзеў на мяне сваімі цяжкімі вачамі, пад якімі віселі пухлыя мяшкі; ён пакручваў у пальцах аловак і нейк дзіўна прыціскаў яго да ніжняй губы.

– Лепш за ўсё вам падыдзе, – прамовіў ён павучальным тонам, – транзітная віза ў Лімб.[3]

– Калі гэта вырашае маю праблему, чаму ж, я згодзен.

– Гэта б вырашала вашу праблему, але, на жаль, ад мяне не залежыць.

– А ад каго залежыць?

– Ад ККК… Камісіі Каматознасцей і Каталепсій.

– О госпадзі! А дзе яна знаходзіцца?

– Невялічкі асобны будынак у паўднёва-заходнім канцы поля.

Ён зірнуў на гадзіннік:

– Але вы не паспееце туды да закрыцця.

– Што ж мне рабіць?

– Вярнуцца ў горад… Прыйсці заўтра.

– У мяне сіл няма.

– Ну так, ну так… Усе вы на гэта спасылаецеся… І будзеце хадзіць дзесяць дзён, дваццаць дзён… Наступны!..

* * *

І вось я зноў апынуўся на балоцістай сумнай пляцоўцы, якую агортвалі адразу ноч і туман. Ізноў пачаў шукаць амаль вобмацкам у вільготнай цемры прахадную будку. Ізноў трамвай са скрогатам даставіў мяне ў душны пакой, у якім мігаценне светлавой рэкламы і грукат электрычкі не давалі заснуць. Гэта была жудасная ноч. Абліты потам, я задыхаўся. На світанні ўзяў чамадан і паплёўся на пляцоўку. Я спадзяваўся, што, з'явіўшыся ў такі нялюдскі час, пападу адным з першых. Аднак іншыя пасажыры разважалі гэтак жа, і яшчэ ніколі я не далучаўся да такой даўжэзнай чаргі. Выстаяўшы гадзіны тры і дабраўшыся да будкі, я сказаў вартаўніку тонам бывалага пасажыра:

– Вы мяне ўжо бачылі.

– На які рэйс?

– На аб'яднаны.

Ён мяне прапусціў. Цяпер мне трэба было знайсці кантору ККК. «Паўночна-заходні канец поля», – даў адрас Франк… Я прабаваў арыентавацца, як умеў… Сонца хавалася ў тумане, але расплывістая пляма цьмянага святла паказвала, дзе яно прыблізна знаходзіцца. Я перайшоў цераз імшыстую нізіну, дзе сярод чахлага трысця і нізкарослага хмызняку варушыліся слімакі і жабы. Нарэшце я заўважыў адзінокі будынак з чырвонай цэглы, на якім выдзяляліся тры белыя літары «ККК». Дом быў невялікі, звычайны, службовы, накшталт тых, што будуе ведамства мастоў і дарог на французскіх станцыях. З адчаем убачыў я, што, нават і ў гэтым глухім кутку, перад дзвярамі варушыліся сотні наведвальнікаў; некаторыя з іх горка плакалі.

Не буду апісваць гэта новае чаканне. Я так стаміўся, што не меў сілы ні скардзіцца, ні пакутаваць. Калі надышла мая чарга, я апынуўся ў крэсле перад сталом, а насупраць сядзела дзяўчына ў шэра-блакітнай уніформе. Яна не была прыгожай ні з твару, ні з фігуры, валасы, зачасаныя без прэтэнзій; але я заўважыў, што, прымаючы майго папярэдніка, увіхалася спрытна і шпарка. Відаць, яна не належала да той катэгорыі служачых, што чэрпаюць асалоду, ставячы перашкоды і ўскладняючы становішча.

– Вы гаворыце, што бачылі пана Франка?.. У вас ёсць накіраванне ад яго?

– Ёсць. Калі ласка.

– Добра… Пагляджу… Значыць, вы просіце візу на часовы прытулак… Колькі часу, думаеце, спатрэбіцца вам, каб… я не кажу, забыць, а каб аслабіць гэту сувязь? Дваццаць год? Трыццаць год?

– Не ведаю… У маім узросце…

– У вас няма ўзросту… Дзесяць год хопіць?

Яна ў момант запоўніла друкаваныя бланкі, дала іх мне падпісаць, потым праводзіла мяне да вельмі старога чалавека, які сядзеў на ўзвышшы пасярод залы.

– Пан камісар, – далажыла яна. – Гэта пропуск на пэўны тэрмін па просьбе пана Франка… Усё ў парадку.

Дзядок падпісаў, не чытаючы, і паставіў штэмпель з датай.

– А цяпер хутчэй бяжыце да пана Франка, – спагадліва параіла дзяўчына. – Зараз пятнаццаць гадзін. Кантора зачыняецца ў шаснаццаць.

«Хутчэй бегчы…» Нішто сабе парада! Я ледзьве цягнуў збалелыя ногі. Знадворку туман згусціўся яшчэ больш. Я хутка згубіў сцежку, заблытаўся ў калючым трысці і ўпаў. Падняўся ўвесь у гразі, калоцячыся ад холаду, і ў такім нервовым напружанні, што патраціў некалькі гадзін, пакуль адшукаў будынак Б. Там было ўсё замкнёна.

– Вам трэба вярнуцца ў горад і прыйсці заўтра, – сказаў швейцар.

Перейти на страницу:

Похожие книги

Новая Атлантида
Новая Атлантида

Утопия – это жанр художественной литературы, описывающий модель идеального общества. Впервые само слова «утопия» употребил английский мыслитель XV века Томас Мор. Книга, которую Вы держите в руках, содержит три величайших в истории литературы утопии.«Новая Атлантида» – утопическое произведение ученого и философа, основоположника эмпиризма Ф. Бэкона«Государства и Империи Луны» – легендарная утопия родоначальника научной фантастики, философа и ученого Савиньена Сирано де Бержерака.«История севарамбов» – первая открыто антирелигиозная утопия французского мыслителя Дени Вераса. Текст книги был настолько правдоподобен, что редактор газеты «Journal des Sçavans» в рецензии 1678 года так и не смог понять, истинное это описание или успешная мистификация.Три увлекательных путешествия в идеальный мир, три ответа на вопрос о том, как создать идеальное общество!В формате a4.pdf сохранен издательский макет.

Дени Верас , Сирано Де Бержерак , Фрэнсис Бэкон

Зарубежная классическая проза