— Віктар Паўлавіч, калі жанчына пажадае, ёй няцяжка схаваць сваю цяжарнасць ад непатрэбных вачэй. Тым больш такой жанчыне, як наша Насця. У яе буйныя формы цела, пэўнае павелічэнне аб’ёму жывата лёгка прыкрыць адзеннем. Яна насіла касцюм, які даваў практычна поўную гарантыю трымаць цяжарнасць у таямніцы. Да пэўных тэрмінаў, зразумела, хоць ведаю выпадкі, калі жанчыны прыхоўвалі свой стан да апошняга тыдня. Трэба ўлічыць, дзеля спецыфічных адносінаў да Насці ў жаночым калектыве, яна, наколькі я ведаю, пераапраналася без сведкаў. Таму я не здзіўляюся факту ўтойвання цяжарнасці. Здзіўляюся таму, што яна зацяжарыла. улічваючы яе відавочныя лесбійскія схільнасці.
І ў той момант быццам нехта нябачны збоку нашаптаў мне прама ў галаву: калі б Насця Грыцук не нарадзіла, яна б засталася жыць.
3.
Нават самы бязглузды на першы погляд рытуал некалі быў важным і асэнсаваным дзеяннем.
Для Тамары курэнне даўно стала і патрэбнасцю, і рытуалам — я ў гэтым быў перакананы. Варта было толькі пабачыць, як яна нетаропка дастае наступную цыгарэту, нейкі час круціць яе ў руках, потым бярэ ў левую руку запальнічку, пстрыкае і зноў нейкае імгненне марудзіць, глядзіць на язычок полымя, і толькі потым прыкурвае. Зацягваецца, заўсёды два разы запар, і павольна выпускае дым тонкім струменем праз сціснутыя вусны. Потым адкладвае цыгарэту ў попельніцу, падсоўвае на сярэдзіну стала патрэбны ёй дакумент, апускае з ілба на вочы невялікія, у тонкай жоўтай аправе акуляры. Чытае, цыгарэта дыміць, дым выцягваецца ў расчыненае вакно.
Курыць яна пачала гадоў сем таму, адразу пасля разводу. Мясцовым пляткаркам развод пракурора з мужам, начальнікам буйнога ПМК, даў мала навінаў для плётак: няхай сабе Тамара і злавіла свайго мужа, як кажуць, на гарачым — нечакана завітала на дачу, дзе ён бавіў час са сваім эканамістам, — але скандалу ніякага не ўчыняла. Больш за тое, развяліся яны так, як даўнія сябры маглі б разабраць падстрэленага на паляванні секача: спакойна, памяркоўна падзялілі кватэру і іншую маёмасць, дамовіліся аб пытаннях далейшай дапамогі дзецям — старэйшая дачка ўжо працавала на той час у сталіцы настаўніцай, ёй збіралі грошы на кватэру, а малодшы сын вучыўся ва ўніверсітэце на трэцім курсе юрыдычнага факультэта. Праз год пасля разводу былы муж з усіх сілаў дапамагаў Тамары на дачы: прывозіў гной, шукаў гаспадара з конікам, каб узараць зямлю пад грады. Тамара большую частку зямлі засеяла травой, зрабіла адмысловую зону адпачынку з альтанкай і мангалам, але парнік з памідорамі быў заўсёдным на яе ўчастку У пракуратуры пасля чэрвеня аж да позняй восені мы частаваліся памідорамі з таго парніка. Іншым разам Тамара брала ў былога мужа іх некалішні агульны аўтамабіль, а яму давала ключы ад дачы — на выхадныя ці ў які іншы дзень. І пры праверках выканання працоўнага заканадаўства яго ПМК не ставілася Тамарай пад асабліва жорсткі кантроль. Карацей, як кажуць у такіх выпадках, разведзеныя муж і жонка засталіся сябрамі. Праўда ці не, але гуляла пагалоска, што адну ўмову Тамара паставіла надзвычай жорстка: муж перад разводам мусіў знішчыць усё з асабістых рэчаў, якія мелі дачыненне да іх сямейнага жыцця. Пачынаючы ад падараванай ручкі з сапраўдным залатым пяром і заканчваючы ношанымі шкарпэткамі і бялізнай. А вось ці захавала сама Тамара што-колечы са свайго мінулага замужняга жыцця, тое нікому не вядома. Як заставалася тайнай і яе асабістае жыццё пасля разводу: ніхто не бачыў пракурора ў кампаніі якога мужчыны ці ў горадзе, ці за горадам. Ну, калі не лічыць сустрэч па пракурорскіх справах.
Як мне расказвалі, Тамара практычна ніяк не змянілася, калі засталася адна ў кватэры. Такая ж, як і была: дзе трэба — стрыманая, дзе можна — дазваляла сабе разняволіцца. І адносіны да мужчынаў у пракуратуры не змяніліся. Толькі адно было новым: Тамара пачала курыць. І за апошнія гады, як сцвярджала наша сакратарка, звычка адбілася на Тамарыным твары: скура стала тонкай і дарэшты страціла сваю ружовасць, яшчэ больш завастрыліся скулы, нос і падбародак.
Уся сухаватая, з тонкімі кісцямі рук, са схуднелым тварам Тамара нагадвала драпежную птушку. І цяпер я міжволі ўзгадаў гэтае параўнанне: Тамара схіліла галаву над заключэннем медэксперта, і здавалася, яна не чытаць яго ўзяла, а вышукваць штосьці карыснае, ядомае, прыдатнае…
Тамара раз-пораз брала цыгарэту, зацягвалася, потым доўга дробным пастукваннем пальца па цыгарэце страсала попел — і ўсё чытала. Не, не чытала, я быў упэўнены: разважала. Нарэшце акуратна, бы шкляныя, паклала лісты заключэння медэксперта падалей ад сябе, наколькі хапала яе рукі. Як я і падумаў, дастала пляшку з рэшткамі каньяку і чаркі. Разліла ўвесь напой, зірнула ў акно, быццам там мог быць вывешаны дазвол на піццё. Міжволі я таксама зірнуў — за вакном выразна пашарэла, здавалася, вось-вось пойдзе дождж, але гэта было падманам, да якога немажліва было прывыкнуць.
— І што думаеш? — Тамара ўзяла чарку, не прапаноўваючы мне зрабіць тое ж: не маленькі, колькі мяне трэба запрашаць.