Вядома, найперш успамінаецца вялікі Валенцій, мастак з гэтага роду, які маляваў Пушкіна і Міцкевіча і памёр на руках апошняга ў Парыжы… Беларускамоўныя вершы Міцкевіча зьнішчылі сваякі. Карціны Валенція Ваньковіча разьвезьлі па сьвеце… І беларусы зноў ні пры чым, як дуб да жолуда. Дык вось, болей паўстагоддзя прамінула ад часоў чарговага паўстаньня супраць імперыі, у якім, вядома, бралі ўдзел і Ваньковічы. Асабліва вылучаўся сын Валенція – Ян Эдвард. Працаваў ён лясьнічым, меў маёнтак у Сьляпянцы. Але ворагі ведалі яго як інсургента па мянушцы Ляліва, і хто, як не лясьнічы, мог зрабіць свой атрад нябачным у пушчы? І коньнік быў ён такі, што нагадваў кентаўра… Менавіта гэта адной лістападаўскай ноччу – хоць вока выкалі — выратавала яго ад пагоні. Але не ад цяжкой раны… Лясьнічы зваліўся з каня на адной з ускраінных вулак Менску – што ж, на кожнага ёсьць ягоная куля, і верагоднасьць сустрэчы з ёй ня болей пралічаная, чымся сустрэча з сапраўдным каханьнем. Конь, ашалелы ад доўгага намёту, не спыніўся, страціўшы седака… Ян Эдвард дарэмна спрабаваў нешта разгледзець у непрагляднай, як саван, цемры, прашытай халоднымі ніткамі дажджу. Мёртвы сон гораду. Ні ліхтара, ні нават агеньчыка лампады… Вось, здаецца, каменны ганак нейкага дому. Але дзьвярэй няма — сьцяна… Ці знойдзе паранены інсургент прытулак, ці адсюль пачнецца ягоны шлях да пятлі? Ян адчуваў, што сьцякае крывёю. Хоць трохі б сьвятла… У гэтым горадзе былі дамы, стукацца ў якія Ваньковіч не хацеў нават паміраючы. Крэсіва інсургент заўсёды мае пры сабе… Слабы агеньчык асьвяціў каменную сьцяну ў цёмных рагах, вакно з зачыненымі аканіцамі… Здаецца, вугал Францысканскай? Агонь змрочна люстраваўся ў цёмнай лужынцы, што ўтварылася ля параненага пляча… Яну здалося, што сама ноч хіснулася перад вачыма, як адлюстраваньне на паверхні бяздоннага віра… Як ён саслаб… Не заўважыў адразу… Вось жа – дзьверы. Апошнім намаганьнем інсургент стукнуў у іх… Перад тым, як страціць прытомнасьць, падалося: дзьверы расчыніліся, з іх пацягнула дзіўным пахам – як быццам адчыніўся стары-стары куфар…
Паранены ачуняў у ложку – вялізным, як Грунвальдскае поле, і цьвёрдым, як зямля таго поля. Разныя калоны з чорнага дрэва, якія мусілі падтрымліваць зьніклы балдахін, страшэнна нагадвалі калоны ўсыпальніцы. І пакой быў вялікі, пусты і цьмяны. Са шчылінаў аканіцаў прабівалася туманістае сьвятло. І нібыта з гэтага сьвятла да ложка наблізілася постаць. Ян убачыў бледны гожы твар, вялікія вочы, сумныя-сумныя, аж сэрца зашчымела ад болю, што ў іх люстраваўся… Потым Ваньковіч так і ня змог успомніць, у што была апранутая дзяўчына – але дакладна, што ў чорнае, і нават гук яе голасу зьнік з памяці – хаця яны размаўлялі… Шматкроць ён спрабаваў яе намаляваць – заўсёды меў з сабой нататнік з алоўкам. Карона цёмных кос над высокім белым ілбом… Горка падціснутыя вусны, нос з вытачанай гарбінкай, зламаныя бровы. Вочы сьветла-шэрыя… Адзін куточак роту трохі прыўзьняты, і ад гэтага выраз твару незразумелы: спачуваньне? Насьмешка? Ваньковіч не даведаўся ні імя паненкі, ні хто яна. Хаця ўчынку незнаёмкі не дзівіўся – многія шляхцянкі зладжвалі лазарэты для паўстанцаў у сваіх маёнтках, насілі жалобу па загінулых, хаця гэта адмыслова забаранялася, і па асабістым загадзе менскага губернатара за зьяўленьне на людзях у чорнай сукенцы належала заплаціць штраф у 50 рублёў срэбрам.
Ішлі дні, а Ян усё нікога ня бачыў, акрым сваёй таямнічай гаспадыні. Патроху ён пачаў уставаць, хадзіць па пакоях – усе цёмныя, пустэльныя. Спрабаваў адчыніць хаця б адно вакно – але ці ён так саслаб, ці рамы былі зусім нерухомыя ад старасьці… Што ж, нельга дакараць за перасьцярогу тых, хто рызыкуе жыцьцём дзеля высакароднай справы. Магчыма, дом лічыўся закінутым, і ня варта было, каб выпадковы мінак заўважыў, што ў ім нехта жыве. Праўда, дом, відаць, знаходзіўся зусім наводшыбе — з-за вокнаў і вечна вільготных муроў не далятала ніводнага гуку, як у магілу. Але жандары правяралі нават пакінутыя дамы…