У ёй было тры чалавекі, і калі яны ўброд дабраліся да берага і прывіталіся з намі, дык выявілася, што адзін з іх крыху гаворыць па-французску. Мы даведаліся, што на адным з астравоў на тым баку лагуны знаходзіцца палінезійская вёска і што жыхары яе аднойчы ўночы бачылі наша вогнішча. У рыфе Рароіа ёсць усяго адзін праход, які вядзе да астравоў, што акружаюць лагуну; і паколькі гэты праход размешчаны ля самай вёскі, дык кожнага, хто наблізіцца да астравоў, якія ляжаць за рыфам, жыхары вёскі павінны былі б абавязкова заўважыць. Таму старыя ў вёсцы парашылі, што агонь, які яны бачылі на рыфе на ўсходзе, не мог быць справай рук чалавека, а з’яўляўся чымсьці ненатуральным. Гэта адбіла ў жыхароў вострава ўсякую ахвоту пераплыць лагуну і самім паглядзець, што здарылася. Але потым да іх вострава прыбіла па лагуне зламаную скрынку, і на ёй былі нарысаваны нейкія знакі. Два палінезійцы, якія жылі пэўны час на Таіці і ведалі азбуку, разабралі надпіс і прачыталі слова «Цікі», што было напісана вялікімі чорнымі літарамі на дошцы. Цяпер больш не заставалася ніякіх сумненняў, што на рыфе з’явіліся духі, бо Цікі, — яны ўсе ведалі гэта, — быў даўным-даўно памёршы роданачальнік іх уласнага народа. Але праз некаторы час па лагуне прыплылі бляшанкі з сухарамі, цыгарэтамі, какосавыя арэхі і каробка са старым чаравікам; тады яны ўсе зразумелі: на ўсходнім баку рыфа адбылося караблекрушэнне, і правадыр паслаў дзве пірогі на пошукі людзей, што засталіся жывымі і чыё вогнішча на востраве яны бачылі.
Па просьбе сваіх таварышаў астраўлянін, які ўмеў гаварыць па-французску, спытаў, чаму на дошцы, што прыплыла па лагуне, было напісана «Цікі». Мы растлумачылі, што «Кон-Цікі» было напісана на ўсіх рэчах нашага рыштунку і што гэта назва судна, на якім мы прыплылі.
Нашы новыя сябры гучнымі воклічамі выказвалі сваё здзіўленне, калі пачулі, што ніхто не загінуў у час караблекрушэння і што пляскаты разбіты касцяк, які ляжыць на рыфе, і ёсць сапраўды тое судна, на якім мы прыплылі. Яны хацелі адразу ж пасадзіць нас усіх у пірогі і завезці ў вёску. Мы падзякавалі і адмовіліся, бо хацелі застацца да таго часу, пакуль не здымем «Кон-Цікі» з рыфа. Яны з жахам глядзелі на нязграбную пабудову, што засела на рыфе; вядома, нам няма чаго і марыць аб тым, што ўдасца зноў спусціць на ваду гэты папсаваны шкілет! Урэшце пасланец рашуча сказаў, што мы павінны плыць з імі; правадыр строга загадаў ім без нас не вяртацца.
Тады мы вырашылі, што адзін з нас паедзе з астраўлянамі як пасол для перагавораў з правадыром, а потым вернецца і раскажа нам усё пра той востраў. Мы не кінем плыт на рыфе і не можам пакінуць усе рэчы на нашым маленькім востраве. Бенгт сабраўся з астраўлянамі. Абедзве пірогі сцягнулі з пясчанага берага, і неўзабаве яны, плывучы са спадарожным ветрам, зніклі на захадзе.
Назаўтра на небасхіле паказалася мноства белых парусоў. Здавалася, што цяпер астраўляне прыплылі па нас на ўсіх суднах, якія ў іх былі.
Уся флатылія павярнула ў наш бок, і калі яна наблізілася, мы ўбачылі на пярэдняй пірозе сярод карычневых фігур нашага Бенгта, які махаў капелюшом. Ён крыкнуў нам, што з ім знаходзіцца сам правадыр, і мы пачціва выстраіліся на беразе, каб сустрэць гасцей, якія ўброд падыходзілі да вострава.
Бенгт вельмі ўрачыста адрэкамендаваў нас правадыру.
— Правадыра завуць, — сказаў Бенгт, — Тэпіураіарыі Тэрыіфаатау, але ён зразумее, като мы маем на ўвазе, калі будзем называць яго Тэка.
Мы і пачалі называць яго Тэка.
Правадыр Тэка быў высокі статны палінезіец з вачыма, якія сведчылі аб вялікім розуме. Ён быў знатны чалавек, патомак старадаўняга каралеўскага роду на Таіці і з’яўляўся правадыром абодвух астравоў: і Рароіа і Такуме. Ён вучыўся ў школе на Таіці, ведаў французскую мову і ўмеў чытаць і пісаць. Ён сказаў мне, што сталіца Нарвегіі называецца Хрысціянія[40], і спытаў, ці ведаю я Бінга Кросбі[41]. Ён паведаміў нам таксама, што на працягу апошніх дзесяці год усяго тры чужаземныя судны заходзілі на Рароіа, але іхнюю вёску некалькі разоў у год наведваюць шхуны мясцовых гандляроў копрай з Таіці, якія прывозяць тавары і забіраюць ядры какосавых арэхаў, Яны ўжо некалькі тыдняў чакаюць такую шхуну, так што яна можа з’явіцца ў любы час.
Справаздача Бенгта, коратка кажучы, зводзілася да наступнага: на Рароіа не было ні школы, ні радыё, ні белых людзей; але 127 палінезійцаў, якія жылі ў вёсцы, зрабілі ўсё, што маглі, каб размясціць нас з усімі выгодамі, і падрыхтавалі ўрачыстую сустрэчу.
Перш за ўсё правадыр пажадаў агледзець судна, на якім нам удалося жывымі дабрацца да рыфа. У суправаджэнні астраўлян мы рушылі ўброд да «Кон-Цікі». Калі мы наблізіліся, палінезійцы раптам спыніліся і, шумна гамонячы ўсе разам, пачалі абменьвацца заўвагамі. Цяпер можна было добра бачыць бярвенні «Кон-Цікі», і адзін з жыхароў вострава ўсклікнуў:
— Гэта не лодка, гэта пае-пае!
— Пае-пае! — паўтарылі ўсе яго таварышы хорам.