Читаем Падарожжа на «Кон-Цікі» полностью

Наступным нумарам праграмы быў танец птушак, адна з самых старажытных цырымоній на Рароіа. Мужчыны і жанчыны двума радамі, нібы чароды птушак, скакалі ў рытмічным танцы пад кіраўніцтвам галоўнага танцора. Галоўны танцор меў тытул правадыра птушак і вырабляў усім сваім целам пацешныя рухі, але ў агульным танцы не ўдзельнічаў. Калі танец птушак скончыўся, Тупухое растлумачыў, што ён быў выкананы ў гонар нашага плыта і што цяпер яго трэба паўтарыць, але галоўнага танцора павінен змяніць я. Паколькі мне здавалася, што асноўная задача галоўнага танцора заключалася ў тым, каб гарланіць дзікім голасам і кружыцца, віляючы задам і размахваючы рукамі над галавой, я насунуў глыбей на галаву свой вянок і выйшаў на сцэну. Выкручваючыся ў танцы, я бачыў, як рагатаў, ледзь не падаючы з табурэткі, стары Тупухое; музыка пачала слабець, бо спевакі і музыканты ўслед за Тупухое заходзіліся ад рогату.

Цяпер танцаваць хацелі ўсе, старыя і маладыя, і неўзабаве барабаншчык і музыканты, якія білі рукамі па зямлі, зноў апынуліся на сваіх месцах і зайгралі ўступ да агністага палінезійскага танца. Спачатку ў кола выбеглі дзяўчаты і пачалі скакаць, усё паскараючы і паскараючы рытм, яны запрашалі ўсіх нас па чарзе прыняць удзел у танцы, да якога паступова далучалася ўсё больш і больш мужчын і жанчын, якія тупалі нагамі і выгіналіся ўсё хутчэй і хутчэй.

Але Эрыка ніяк не ўдавалася разварушыць. Ад ветру і сырасці на плыце ў яго быў рэцыдыў прастрэлу, і ён, барадаты і нерухомы, сядзеў, як стары шкіпер, пыхкаючы люлькай. Яго не маглі зрушыць з месца дзяўчаты-танцоркі, што спрабавалі завабіць госця ў кола. На ім былі шырокія штаны з аўчын, якія ён надзяваў на сябе ўночы ў самы халодны час, калі наш «Кон-Цікі» рухаўся ў плыні Гумбольдта; седзячы пад пальмамі, голы па пояс, з вялікай барадой, у штанах з аўчын, ён, як дзве кроплі вады, быў падобны на Рабінзона Круза. Адна прыгожанькая дзяўчына за другой стараліся заваяваць яго прыхільнасць, але дарэмна. Ён, не кранаючыся з месца, сядзеў з вянком на кудлатай галаве і важна пыхкаў люлькаю.

Але вось дзябёлая цётка з магутнымі мускуламі выйшла ў кола, зрабіла некалькі больш-менш грацыёзных па, а потым, доўга не думаючы, рушыла да Эрыка. Ён з трывогай пазіраў на яе, але амазонка, чароўна ўсміхаючыся, рашуча схапіла яго за руку і сцягнула з табурэткі. Камічныя штаны Эрыка былі пашыты поўсцю ўсярэдзіну, і ззаду яны крыху распароліся, так што тырчаў белы касмыль воўны, які нагадваў заечы хвост. Эрык цягнуўся за сваёй дамай вельмі неахвотна і, накульгваючы, увайшоў у кола; у адной руцэ ён трымаў люльку, а другую прыціскаў да таго месца, дзе ў яго балела ад прастрэлу. Калі ён паспрабаваў зрабіць некалькі скачкоў, яму прыйшлося выпусціць з рук штаны, каб паправіць гатовы зваліцца вянок, а потым, са збітым набок вянком, ён вымушаны быў зноў схапіцца за свае штаны, якія пад уласным цяжарам пачалі спаўзаць з яго. У яго тоўстай дамы, што тупала ў танцы перад ім, быў не менш пацешны выгляд, і мы смяяліся так, што ажно слёзы капалі з нашых барод. Неўзабаве ўсе астатнія танцоры спыніліся, і выбухі рогату перакочваліся па пальмавым гаі, а танцор Эрык і жанчына-цяжкаатлет не пераставалі грацыёзна кружыцца. Нарэшце і яны былі вымушаны спыніцца, бо і спевакі і музыканты не маглі больш трываць і ледзь не качаліся па зямлі ад смеху.

Свята не спынялася да самага світання, і толькі раніцай нам было дазволена крыху адпачыць; але спачатку мы павінны былі зноў паціснуць рукі ўсім 127 жыхарам вострава. На працягу ўсяго нашага знаходжання на Рароіа мы кожную раніцу і кожны вечар паціскалі рукі ўсім жыхарам. Шэсць пасцеляў былі сабраны па ўсіх хацінах вёскі і пакладзены адна ля адной уздоўж сцяны дома для сходаў; на іх мы спалі, лёгшы ў рад, як сем маленькіх гномаў у казцы[43], і над нашымі галовамі віселі пахучыя вянкі.

Назаўтра шасцігадоваму хлопчыку, у якога быў нарыў на галаве, стала зусім кепска. Тэмпература ў яго ўзнялася да 41 градуса, і нарыў на самай макаўцы галавы зрабіўся велічынёю з кулак дарослага мужчыны і балюча пульсаваў.

Тэка расказаў, што ўжо шмат дзяцей загінула ад гэтай хваробы і што калі ніхто з нас не здолее прыдумаць якое-небудзь лячэнне, дык хлопчык не пражыве і некалькі дзён. У нас былі новыя прэпараты пеніцыліну ў форме таблетак, але мы не ведалі, якую дозу трэба даваць малому дзіцяці. Калі мы пачнем лячыць хлопчыка і ён памрэ, гэта, магчыма, будзе мець сур’ёзныя вынікі для ўсіх нас.

Кнут і Тарстэйн зноў распакавалі радыёстанцыю і нацягнулі антэну паміж самымі высокімі какосавымі пальмамі. Калі настаў вечар, мы зноў наладзілі сувязь з нашымі нябачнымі сябрамі, Галам і Фрэнкам, якія сядзелі ў сябе ў пакоі ў Лос-Анжаласе. Фрэнк злучыўся па тэлефоне з доктарам, і мы з дапамогай ключа Морзэ перадалі ўсе сімптомы хваробы хлопчыка і спіс лякарстваў, што былі ў нашай аптэчцы. Фрэнк перадаў нам адказ доктара, і ў гэты ж вечар мы пайшлі ў хаціну, дзе кідаўся ў гарачцы маленькі Хаумата, а палова вёскі плакала і галасіла над ім.

Перейти на страницу:

Похожие книги

100 великих интриг
100 великих интриг

Нередко политические интриги становятся главными двигателями истории. Заговоры, покушения, провокации, аресты, казни, бунты и военные перевороты – все эти события могут составлять только часть одной, хитро спланированной, интриги, начинавшейся с короткой записки, вовремя произнесенной фразы или многозначительного молчания во время важной беседы царствующих особ и закончившейся грандиозным сломом целой эпохи.Суд над Сократом, заговор Катилины, Цезарь и Клеопатра, интриги Мессалины, мрачная слава Старца Горы, заговор Пацци, Варфоломеевская ночь, убийство Валленштейна, таинственная смерть Людвига Баварского, загадки Нюрнбергского процесса… Об этом и многом другом рассказывает очередная книга серии.

Виктор Николаевич Еремин

Биографии и Мемуары / История / Энциклопедии / Образование и наука / Словари и Энциклопедии
1917 год. Распад
1917 год. Распад

Фундаментальный труд российского историка О. Р. Айрапетова об участии Российской империи в Первой мировой войне является попыткой объединить анализ внешней, военной, внутренней и экономической политики Российской империи в 1914–1917 годов (до Февральской революции 1917 г.) с учетом предвоенного периода, особенности которого предопределили развитие и формы внешне– и внутриполитических конфликтов в погибшей в 1917 году стране.В четвертом, заключительном томе "1917. Распад" повествуется о взаимосвязи военных и революционных событий в России начала XX века, анализируются результаты свержения монархии и прихода к власти большевиков, повлиявшие на исход и последствия войны.

Олег Рудольфович Айрапетов

Военная документалистика и аналитика / История / Военная документалистика / Образование и наука / Документальное