Ён выхапіў дзіду. Надзейная, але аднаразовая зброя. Дзесяць крокаў. Пяць. Інжынеры спрабуюць затаўчы порах у гармату. Два крокі. Конь пераскоквае цераз гармату. Дзіда са свістам утыкаецца ў жаўнера, што трымае кнотавы пальнік, ламаецца. Руку ўлана перакруціла. «Будзе балець назаўтра». Янка выхапіў пістолю. Стрэл. Да гарматы дабеглі астатнія ўланы.
Расейцы выхапілі шаблі, хтосьці адбіваўся шомпалам. Базыль накіраваў каня на гармату, і той капытамі апусціў дула ўніз. Хутка зробленая пераправа не разлічана на столькі людзей, коней і гармату. Яна хісталася, як сухое лісце восенню. З боку расейцаў спяшаліся конныя егеры. Інжынер з дзідай у грудзях перацягнуў тлеючы кнот да гарматы. Рукі трэсліся, кнот не знаходзіў дзіркі з порахам. Ядра не было, толькі пакунак пораху, і моцны выбух падняў слуп вады і трэсак у паветра. Лісце адарвалася. Пераправа абвалілася.
Уланы валіліся ў ваду. Янка шукаў паручніка Сыракомлю, але побач таго не было. Тут патонуць усе, калі нешта не рабіць. Да расейскага берага бліжэй, але гэта смерць – дзясятак уланаў супраць некалькіх палкоў.
– Назад, да сваіх, – спрабаваў перакрычаць бойку Янка.
Конь быў па шыю ў вадзе. Янка пацягнуў цуглі. Егеры падыходзілі бліжэй, на адлегласць стрэлу. Ён выцягнуў другую пістолю і пацэліў у бок расейцаў. Націснуў на курок. Бязгучны стук. Гэта не тая незвычайная пістоля, якая не баялася вады.
І тут польская артылерыя загучала, не пужаючыся трапіць у сваіх. Ядры змялі пераправу ў трэскі пад капытамі расейскіх коней.
– Назад! – у Янкавым горле калола ад крыку.
Уланы паварочвалі ў бок бойкі ля пераправы. Коні марудна плылі па балоцістай рацэ. Янка імкнуўся вярнуцца ў бойку, каб дабіць херсонскіх грэнадзёраў. Не таму, што хацеў біцца ці хутчэй даць шаблі больш крыві. Лепш ён зламае шэрагі ворага, лепш ён пераб’е як мага больш расейцаў, і больш сваіх жаўнераў вернуцца дамоў жывымі. Трэба забіваць, каб людзі маглі жыць.
18 верасня 2012 года
– А трэцяй дня полк перайшоў балоцістую раку і заняў двор Малішэўскага, што ўзвышаўся над шанцамі ворага. Адначасова з гэтым з боку Юзэфіна выйшла кавалерыя Шэвіча. З поўдня пераяслаўскія егеры аднавілі зламаны мост пад Нялоевічамі і кінуліся ў бой. Польска-літоўскую дывізію акружылі.
На сцяне, за тоўстым шклом віселі старыя пістолі, фузеі, мушкеты і карабіны. Як простыя, без аздаблення ці з аднойдзвюма масянжовымі накладкамі, так і прыгожыя, з золатам, срэбрам, узорамі ды гравіроўкай. Зялёныя, блакітначырвоныя ды шэрыя мундзіры. Грэнадзёрскія капелюшы і рэйтарскія шлемы.
– Глядзі, які меч! – хлопец ткнуў пальцам у шкло.
– Крывы. Сарацынскі, – з веданнем справы адказала дзяўчынка.
– Гэта шабля. Не тыркай пальцам, – бабуля пацягнула хлопца за руку.
Экскурсавод працягваў:
– Такім чынам, дванаццацітысячнае войска Суворава атрымала бліскучую перамогу над чатырохтысячным корпусам Серакоўскага. Страты з боку расейскага войска ацэньваюць у сем соцень забітых. У справаздачах польскаму ўраду Серакоўскі піша пра дзве з паловай сотні страчаных у бітве палякаў.
Дзяўчынка падышла да бронзавага бюста – худы чалавек з залысінамі, вострым носам ды пяццю ардэнамі на грудзях.
– Бабуля, а хто гэта? – дзяўчынка паглядзела ў паўзаплюшчаныя вочы бюста.
– Сувораў. Вялікі расейскі палкаводзец. Цішэй, пра яго распавядаюць.
– А-а-а-а. Нейкі ён хворы.
Экскурсавод перайшоў да наступнага стэнда, з выявамі Брэсцкай крэпасці.
– Хай польска-літоўскай дывізіі і атрымалася сысці амаль у поўным складзе, людзі вельмі стаміліся. Праз два дні, дзевятнаццатага верасня, Сувораў захапіў Бярэсце і разбіў корпус Серакоўскага. Палякам не дапамагла ні падмога Князевіча, ні гарнізон горада. Страта больш за пяць тысяч жаўнераў моцна паўплывала на маральны стан ваюючых і паклала пачатак заняпаду паўстання Касцюшкі. За гэтыя перамогі Кацярына ІІ падаравала Аляксандру Сувораву маёнтак Кобрынскі Ключ, на месцы якога і знаходзіцца зараз музей.
– А як гэта да Беларусі адносіцца? – зацікавіўся хлопчык.
– Табе ж казалі, нашыя перамаглі палякаў. Пайшлі далей, там, здаецца, гарматы стаяць, – бабуля пацягнула ўнукаў у наступную залу.