– Хм, пярэварацень. Здаецца, хут… Цікавы асобнік…
17 верасня 1794 года
А восьмай у кармеліцкім кляштары, што стаяў у Крупчыцах, забілі ў званы.
Гарматы стралялі па Трасцяніцы. Невялічкая рака, прыток Мухаўца, не была значнай перашкодай для войскаў, але дажджы, што лілі апошнія некалькі дзён, ператварылі берагі ў сапраўднае балота. Пераяслаўскі егерскі полк засеў. Коні правальваліся ў багну, цяжка варушылі нагамі, скідвалі вершнікаў. Польская артылерыя працавала добра – карцеч наскрозь прашывала ворагаў.
Месца пад Крупчыцамі аказалася даволі ўдалым для польска-літоўскай дывізіі: высокія пагоркі; рэчка, што ўтварала прыродны бастыён; вялікі забалочаны луг, які сяляне не карысталі; лясы. Дадаткова генерал Серакоўскі загадаў насыпаць высокія шанцы. Найбольш небяспечна было на левым флангу – цераз раку знаходзілася вёска Хадосы, з якой зручна атакаваць. Больш артылерыі злева. Больш пяхоты.
Войскі чакалі другі дзень. Патрулі прыводзілі палонных расейцаў. Янка быў у двух раз’ездах і сутыкнуўся з невялікім атрадам ворага, чалавек у дваццаць. Апошні палонны, якога прывёў малады ўлан у лагер, апынуўся амаль з мясцовых. Спадар з Полацка, якога забралі ў рэкруты шмат гадоў таму.
Ён страціў сваю мову, страціў Айчыну і родных. Цяпер ён быў простым расейскім жаўнерам, што прыйшоў са зброяй.
Колькасць ворага, імёны кіраўнікоў, склад палкоў – у палонных магчыма даведацца шмат аб чым. Калі добра спытаць. І яны распытвалі.
Чатыры тысячы жаўнераў чакалі.
Уланы стаялі ў вёсцы разам з некалькімі палкамі вершнікаў. Палкоўніку Станіславу Кёнінгу даручылі кіраваць рэзервам.
– Як настрой, пане харунжы?
– Кінь, Базыль. Які я харунжы пры харугве ў дваццаць сем чалавек? Тым больш, што траціна ледзьве з коней не валяцца.
Сябры глядзелі на поўнач, дзе гарматы білі кананаду смерці.
– Пан Сыракомля, здаецца, дужа задаволены новай пасадай. Паручнік, – усміхнуўся Базыль. – Чаму табе гэта не падабаецца?
– Лепш абралі б каго больш вопытнага. Усе палеглі… Ноччу мне снілася пушча. Зялёныя дрэвы, птушкі, звяры. Чапля… Памятаеш, як мы пыталіся ў Божай Маці Чанстахоўскай бласлаўлення? Прасілі дапамагчы вярнуцца. Як потым, праз некалькі дзён, смажылі глушцоў у… як яго… Шарашова, здаецца. Нас было пяцёра ля вогнішча на дзвюх тлустых птушак. Лешка Збрую загрызлі ваўкі. Мілаша Чашніка пасеклі маскалі пад Слонімам. Анджэй Свенчыц загінуў у балотах пад Бярозай разам з… Я думаю – хто наступны? Засталіся мы з табой, як тыя глушакі. Каго з’ядуць першым? Падымацца па службе з-за смерці іншых…
– Заўсёды нехта памірае, сябра.
– Так.
Раніцой, калі сонца толькі афарбавала хмары чырвоным, Янка накіраваўся ў касцёл. Ля святога распяцця ён паставіў пакамечаную свечку, што набыў даўно, больш за месяц таму. Улан не ведаў, жывы ці не воўк, для якога яна прызначалася. Меркаваў – крыўдаваць не будзе. Свечка гарэла. За Кадука, за ваўкоў; за расейцаў, палякаў ды літвінаў; за сялян, жаўнераў, мяшчан; за Папаю, Лешка, Мілаша, Анджэя. За ўсіх, хто памёр на вачах маладога ўлана.
З левага боку з’яўляліся войскі. Лес добра хаваў іх надыход, таму для Серакоўскага гэта стала нечаканасцю. Трэба перабудоўваць строй, іначай вораг ударыць з тылу. Рэзерв кінулі ў бойку.
Уланы сталі шэрагам на беразе Трасцяніцы. Падкацілі гарматы. Карабіны і карцеч выбівалі людзей на супрацьлеглым баку, як каса кладзе траву. На корм вялікай карове смерці. Дарма харунжы Волян казаў, што зніклі якасныя расейскія жаўнеры – грэнадзёры разбуралі хаты сялян, секлі дрэвы ды хмызы, масцілі шлях па дрыгве. Яны амаль не заўважалі куляў, на месца забітага адразу ж станавіўся новы, свежы жаўнер. Бярвенне і дошкі цяклі да няўстойлівай глебы.
А трэцяй дня грэнадзёрскі полк перайшоў раку. Уланаў кінулі ў бой.
Пятая і шостая харугвы ішлі ў апошнім эскадроне, калі астатнія дзве моцна завязлі ў херсонскіх грэнадзёрах. Янка ўскочыў у зламаны расейскі шэраг з шабляй. Расейцы спрабавалі адбівацца, самкнуць шэрагі, адстрэльвацца, але польскія жаўнеры не давалі гэтага зрабіць.
З боку расейцаў кацілі лёгкую гармату. На сярэдзіне пераправы жаўнеры спыніліся. Кнот, пальнік, цэліцца няма карысці. Выбух. Каменнае ядро праляцела праз коней, зброю, цёмна-зялёныя і блакітныя мундзіры з плямамі крыві і ўзарала зямлю. Польская артылерыя маўчала.
– Ліпініч, збірай людзей, – гукаў паручнік Сыракомля. – Харугва, за мной!
Яны рушылі праз шэрагі бойкі, працавалі шаблямі, высякалі шлях. Гармату перазараджалі. Пятнаццаць вершнікаў ступілі на хісткую пераправу. Дваццаць крокаў – зусім побач.
Калі б у расейцаў была карцеч, ад шостай харугвы нічога не засталося б. Але за гарматай цягнулі толькі воз з каменнымі ядрамі. Выбух захістаў драўляны мост. Янка не бачыў, куды патрапіла ядро, хто застаўся за спінаю. Трэба імкнуцца наперад, трэба дацягнуцца да гарматы. Паручнік Сыракомля, што ехаў побач, знік з моцным плюханнем. «Падбілі каня», – падумаў улан.