У гэтай дрыгве вельмі лёгка згубіцца. Нельга сачыць за напрамкам. Няма прыкметаў. Усе дрэвы падобныя адно да аднаго, а светлыя люстэркі багны збіваюць са шляху кожны раз. Родны лес значна прасцейшы, больш зразумелы за гэты лабірынт сцежак і купін. Ты можаш бегчы прама, мінаючы хмызы і яміны, гнаць дзіка некалькі гадзін. А тут… Кадук закінуў ваўка далёка. Рэбры балелі пасля ўдару аб зямлю, а лапа настойліва ныла.
За наступным хмызом воўк убачыў паляну. Частка дрэваў была абпаленая. У цэнтры празрыстай твані стаяў вялізны пень. Каб абняць яго, спатрэбіцца не менш за дваццаць чалавек. Дрэва, якое тут стаяла, надламалася няроўна, пакінуўшы кавалак ствала, і пень нагадваў крэсла ці трон.
Воўк ішоў да рэшткаў дрэва. Яно клікала. З кожным крокам вочы палалі мацней і мацней, поўсць блішчэла, адлузгвала застылы бруд. Воўк ператвараўся ў чалавека. Ногі ў чорных ботах ступалі па змярцвелых карчах. Рукі схапіліся за былыя галіны. Ён падымаўся.
Пень быў вялікі, з чалавечы рост, і вельмі цвёрды. Каменны. Чалавек забраўся на яго і сеў. Вочы палалі блакітным полымем, шнар на левым брыве пульсаваў, наліўся чырвоным.
З твані паднялася маладая дзяўчына. Зялёна-блакітныя валасы віліся, перапляталіся, вабілі. Навакольныя дрэвы шамацелі лісцем. Ветру не было. Дзяўчына трымала драўляны пярсцёнак з камяком моху замест каштоўнага каменя.
Чалавек працягнуў руку да пярсцёнка. Цяпер гэта яго лес, гэта яго балота, яго лёс. Ён – перамог.
Янцэк Сімагліцкі, лепшы гандляр у сусвеце, падмятаў краму. Спусташэнне вялікае. Згарэла палова бібліятэкі, амаль усе тканіны і драўляныя вырабы, папяровыя грошы ды вэксалі. Мэбля сапсаваная поўнасцю. Добра, што полымя не дайшло да складу пораху. Каб закрыць страты, патрабуецца не адзін год. Калі пачаць зараз, калі закупіць нечага таннага, але патрэбнага ўсім…
Рэзкі боль у баку скруціў гандляра. Новая льняная кашуля пайшла чырвонымі плямамі. Здаецца, ён выцягнуў усе кавалкі дрэва з цела, прыпёк раны, але тыя не зажывалі. Цела не жадала лячыць сябе. Гандляр сеў ля сцяны.
– Нічога, Янцэк, прарвёмся. Як сказаў той улан, зажыве, як на сабаку? Пройдзе… Паглядзі на сябе, небарака. Ківаешся тут, як слімак. Раздаў свае рэчы, быццам мецэнат які. Ты гандляр, а не мніх-францішканец! Хай ахоўваюць багі… Нічога…
Бок балеў мацней. Янцэк сплюнуў кроў на пачарнеўшую ад агню падлогу. Паспрабаваў падняцца. Нагу скруціла балючая сутарга, і гандляр упаў.
– Нічога, зажыве… Як на сабаку…
Яркае святло заліло пакой. Крама перабудоўвалася.
Пачарнелае дрэва аднаўлялася, палічкі вярталіся на сваё месца, кнігі адрошчвалі спаленыя старонкі. Тавары знікалі і з’яўляліся. Лямпы збіралі разбітае шкло, зацягвалі кнаты і напаўнялі сябе палівам. Вокны адчыніліся. Свежае паветра выганяла пах паленых скуры, паперы і тканіны.
На падлозе ляжала такса ў белай, з плямамі крыві, кашулі. Пачынаўся новы дзень. Новае жыццё.
15 верасня 1794 года
Жаўнеры прадзіраліся скрозь балоты. Вузкая дарога дазваляла ехаць верхам толькі па аднаму, а цягнуць гарматы даводзілася на плячах. З бакоў – балота, што чакае неасцярожнага вандроўніка.
Яны выбралі гэты шлях свядома – вораг не чакае нападу з захаду. Дваранскі палкоўнік наўрад ці выставіў ахову з усіх бакоў лагера, а паўднёвы атрад разбіты яшчэ ўчора. Сямнаццаць соцень вершнікаў расцягнуліся на некалькі вёрст. Восеньскія дажджы размылі дарогі. Коні траплялі капытамі ў топкую глебу, а жаўнеры спешваліся і выцягвалі іх. Ноч усё ўскладняла.
Перад Патрыкамі жаўнеры, што ішлі наперадзе, спыніліся. Дарога пашырылася разам са сканчэннем лесу. Яны строіліся ў баявы шэраг. Сонца толькі абвяшчала пра сябе тонкай чырвонай рыскай на ўсходзе.
Прагучала сурма, і казакі кінуліся ў бойку. Больш за тысячу чалавек запаланілі маленькую вёску. Негустыя вартавыя, што стаялі на захадзе, паспелі зрабіць толькі адзін стрэл. Адзін раз націснуць на курок. І замоўкнуць назаўжды.
Казакі кінуліся ў мястэчка.
Уланы ехалі наперадзе. Палкоўніку Кёнінгу аддалі пад кіраўніцтва некалькі дадатковых палкоў кавалерыі, каб змайстраваць добры авангард – пярэднюю варту.
Учора прыйшоў загад выходзіць на расейцаў. Станіслаў Макраноўскі, камандуючы літоўскімі войскамі, з’ехаў у Гародню. Туды таксама загадвалі адыходзіць і дывізіі, калі непрыяцель апынецца значна мацнейшым. Серакоўскі баяўся пакідаць Бярэсце без аховы, таму найменш карысныя і падрыхтаваныя часткі засталіся ў мястэчку. Чатыры тысячы чалавек выйшлі. На жаль, камандуючы забраў дзве літоўскія гарматы і стральцоў на чале з панам Волянам – Гародні больш патрэбныя пехацінцы.
Янка трымаўся бліжэй да першых шэрагаў. Ён не сядзеў на кані больш за некалькі тыдняў, і зараз яго цягнула на волю, наперад. Немагчыма крочыць разам з усімі, роўна, панура і моташна. Базыль імкнуўся не адставаць.
– Колькі я быў там? – нарэшце адважыўся спытаць Базыль.
– Два тыдні, – Янка адвёў вочы.
Яны не размаўлялі пра палон. Яны маўчалі пра Кадука. Яны не згадвалі тых, каго не атрымалася выцягнуць.
– Ты памятаеш нешта з таго, што там адбывалася?