Янка ўбачыў фіялетавае полымя на канцы спляцення галін. Яно павольна расцякалася. Сумневу не было – пярсцёнак наперадзе. Улан нацэліўся шабляй. Гэта проста, як на трэніроўцы збіць капусту, насаджаную на даўгую палку. Тое, што ён мог зрабіць з заплюшчанымі вачамі, тое, чым ён займаўся з самага дзяцінства. Некалькі крокаў. Удар. Дзік саскочыў з дрэва, перавярнуўся ў паветры і прызямліўся на чатыры капыты.
Кудысьці знік белы воўк, але ўлану было не да гэтага. Полымя вярталася да свайго звычайнага колеру, чырванела. Языкі агню прымушалі дрэва крычаць. Ціма задзёр лыч. Янка працягнуў руку да ікла дзіка, на якім паміраў невялікі фіялетавы агеньчык. Далонь схапіла халодны драўляны пярсцёнак.
Як дастаць каменьчык? Няма часу! Пярсцёнак адправіўся ў дула пістолі. Узвесці курок, пацэліць. Галава яшчэ не адышла ад моцнага ўдару. Зламаныя рэбры балелі. Перад вачыма ўсё расплывалася. Рука захісталася. Ён кінуў на зямлю шаблю, схапіўся другой рукой за дзяржальню.
– Ну давай, здолей, – працадзіў скрозь зубы Янка. Стрэл. З дула пістолі вылецелі куля і пярсцёнак.
Свінцовы шарык прабіў галіну, трапіў у ствол і расплюшчыўся, як буяк аб валун. Драўляны пярсцёнак у палёце закруціўся, засвісцеў і ўпаў. Далей паляцеў толькі заімшэлы каменьчык. Ён напаткаў ствол.
Гучны ўдар. Маленькі каменьчык прабіў моцны ствол дрэва, затрымаўся ўнутры. Святло, ярчэйшае за палаючае наваколле, вырвалася з дзіркі ад яго. Адзін прамень. Два.
Тры. На ствале з’яўляліся яркія трэшчыны.
– Ты… не павінен жыць… стары сябра… – прастагнала дрэва тысячай галасоў.
Галіны зарыпелі. Падалі палаючыя кавалкі. Пахла смаленай скурай, поўсцю ды гарачым каменнем. Дрэва надламалася і павалілася.
12 верасня 1794 года
– Хай паны зойдуць у краму… Зачыніце… дзверы… – Янцэк Сімагліцкі абапіраўся на зламаную галіну.
– Але там агонь! – спужаўся Янка.
– Хай паны не хвалююцца… Нас не зачэпіць…
Гандляр дрэнна стаяў на нагах. Праз усё цела тырчэлі кавалкі галін: у левай руцэ, сцягне, плячах. Быццам дзясятак лучнікаў абстралялі яго. Янка падхапіў Сімагліцкага пад руку.
Кадук памёр. Застаўся толькі вялізны, у рост чалавека, пень. Палонныя паляцелі ў багну разам з пачварай, што трымала іх, і полымя спрачалася з тванню, сушыла яе і памірала. Уланы кінуліся ратаваць сваіх. Яны секлі вялізныя кошыкі, у якіх сядзелі людзі, ламалі галіны, стаялі па пояс у дрыгве, мерзлі, але не кідалі справы. Пальцы дубелі восеньскай ноччу. Шаблі дрэнна працуюць па дрэве, але выбару не было – крама, дзе ляжалі падрыхтаваныя сякеры, палала.
Уланы з палка Кёнінга ў блакітным; некалькі сялянаў; расейцы, што былі апранутыя ў цёмна-зялёныя мундзіры.
Параненыя, абпаленыя. Некаторых прыйшлося натуральна высякаць, бо часткі цела іх трывала ўраслі ў дрэва. Пад карою была толькі драўніна. Цёмная, цвёрдая, каменная. Людзі гублялі рукі, ногі, пальцы. Кагосьці выратаваць не атрымалася…
Янка глядзеў на памаранчовую пляму з чырвоным кавалачкам абпаленай тканіны. Ядро з гарматы зрабіла справу.
Янцэка Сімагліцкага выцягнуў харунжы Сыракомля амаль апошнім. Ён прыняў гандляра за звычайнага селяніна.
– Хутчэй! – паспрабаваў крыкнуць гандляр.
Уланы падхапілі сваіх. Добра калі палова магла стаяць на нагах. Дрэва знікла ў балоце, што так доўга трывала яго.
Ля дзвярэй Янцэк спыніўся. Ён адкінуў галіну, на якую абапіраўся, распрастаў плечы і ўдыхнуў гарачы пыл агню. Полымя, што вырывалася з адчыненых дзвярэй, чакала. Жывая смерць. Ён пераступіў парог. І полымя адступіла.
– Панове, бліжэй да мяне.
Жаўнеры згрудзіліся ля гандляра. Сорак восем вакол аднаго. Янцэк крочыў роўна і цвёрда, нягледзячы на галіны, што тырчалі з яго цела, не заўважаючы стомленасці, мінаючы едкі дым. Ён атрымліваў асалоду ад полымя.
Цераз некалькі дзвярэй і паваротаў яны ўвайшлі ў каменны пакой. Полымя не ішло сюды – няма чым сілкавацца. Янка пазнаў месца – менавіта тут ён прымацоўваў пярсцёнак, тут перабудоўваў выхад.
– Пістоля, – працягнуў руку да Янкі гандляр.
Янка выцягнуў зброю з-за пояса.
– Даўно я там не быў… Баі, – загадаў Янцэк.
На ствале пістолі з’явіліся лічбы. Сімагліцкі пракруціў некалькі каменных дыскаў і націснуў на падважнік. Крама зарыпела. Нягледзячы на полымя, што недаверліва мітусілася з боку ў бок, стала прахалодна.
– Хай панове набяруць… Удыхніце больш паветра! Трымайцеся.
І Янцэк націснуў другі падважнік. Дзверы адчыніліся. Вялікі паток салёнай вады рынуўся ў краму, змятаючы ўсё на сваім шляху. Полымя шыпела, дыміла, спрачалася, але нічога не магло супрацьпаставіць моцы мора. Гаслі палічкі, макрэлі кнігі, псаваўся порах. Жаўнераў прыбіла да сценак каменнага пакоя. Вада калола вочы, паветра ў грудзях не хапала.
Янцэк падняў другі рычаг, і шум мора, плёскат рыбы ды гул зніклі. Каменныя дыскі. Лічбы наўгад. Першы рычаг. Другі.
Вада хлынула назад. За ёй цягнуліся людзі, зброя, тканіны, паламаная мэбля – усё, што было ў краме. Янцэк моцна трымаўся за рычаг. Полымя і вада сышлі. Крама выратаваная.
– Куды вас закінуць?