Чатыры чалавекі глядзелі ў цемру. Шасцёра сядзелі са стрэльбамі ў глыбіні крамы. Усе чакалі.
Моцны крык ударыў па вушах. Задрыжалі вокны. Полымя свечкі замітусілася.
– Давай! – крыкнуў адзін з жаўнераў.
Яны адбеглі назад. Ля дзвярэй стаяла цяжкая чыгунная гармата. Здаецца, апошні раз яе выкарыстоўвалі гадоў сто назад, але іншай не знайшлі. Жаўнеры схапілі клакі, порах, ядры ды прабойнік. Даўгі прут з кнотам на канцы паднеслі да свечкі. Затлеў.
Жаўнер нахіліў кнотавы пальнік да пораху.
Выбух асвяціў дрэвы і хмызы навокал. Ён грамыхнуў недалёка, кроках у пяцідзесяці. Усе вочы вялізнага дрэва заплюшчыліся ад яркага выбліску. Свіст. Ядро праляцела скрозь галіны, і процьма абломкаў паляцела ўніз. Дрэва заварушылася.
– Хто? – шамацела лісце.
Сыракомля схапіў Янку за плячо і пацягнуў з дрыгвы, пакуль пад нагамі не адчулася цвёрдая глеба. Далей – бегчы з усіх ног да дзвярэй. Кнот яшчэ гарэў.
Дрэва выпусціла свае даўгія галіны. Яны раслі з непамернай хуткасцю, цягнуліся да людзей, што пасмелі парушыць спакой Старога Кадука. Янка выхапіў шаблю. Удар – і галіна адлятае ўбок. Другая цягнецца да нагі, хапае за шчыкалатку. Некалькі рэзкіх удараў – і можна бегчы. Дваццаць крокаў.
– На зямлю! – чуваць з боку адчыненых дзвярэй.
Янка з харунжым падаюць. Выбух. Каменнае ядро ляціць на сустрэчу з дрэвам. Галіны цягнуцца, спрабуюць схапіць, але марна. Трэскі адлятаюць у розныя бакі. Ядро далятае да ствала. Глухі ўдар. Дрэва аказалася мацнейшым.
Яны падымаюцца на ногі і бягуць далей. Дзесяць крокаў. Пяць. Дзверы. Янка і Сыракомля ўскочылі ў краму. Жаўнеры перазараджалі гармату.
– Чаму ён не выбухае? – крыкнуў харунжы.
– Не ведаю! Я падпаліў! – Янка схапіў стрэльбу.
Галіны ўварваліся ў краму. Яны схапілі чалавека, што забіваў клак у гармату, і пацягнулі на двор. Жаўнеры пачалі паліць са стрэльбаў. Галіна надламалася.
Моцны выбух збіў людзей з ног. Трэскі ад каранёў і галін, кавалкі поўсці ды мяса паляцелі ў бакі. З абламаных частак дрэва цякла цёмная, амаль чорная кроў. Полымя ахапіла драўляную пачвару, якую баялася ўсё наваколле. Кнот дагарэў.
– Камень! – закрычала дрэва тысячай галасоў.
Полымя ахапіла абламаныя кавалкі, і жаўнеры ўбачылі процьму кошыкаў з людзьмі, якія звісалі яблыкамі. Дрэва затрэсла галінамі, раскідваючы сваіх палонных. Карані заварушыліся. Вялізнае воблака агню рушыла да крамы, а палаючыя галіны ўварваліся ўнутр. Жаўнеры секлі іх шаблямі, але на месца адной прыходзіла дзве новыя. Моцныя галіны раскідвалі жаўнераў па пакоі, як кацянят. Янка пераляцеў цераз прылавак і моцна ўдарыўся патыліцай. У вачах пацямнела.
Дрэва заняло ўсю прастору дзвярэй. Крама захісталася.
Галіны шукалі. Яны білі ў дзверы, ламалі палічкі, раскідвалі тавар, падпальвалі кнігі. Раптам накіраваліся ў адзін бок. Знайшлі.
Крама зарыпела, як стары воз на разбітым гасцінцы. Імгненне – і моцны штуршок раскідаў рэчы з палічак. Галіны сыходзілі. Яны неслі з сабою маленькі драўляны пярсцёнак з каменьчыкам. Полымя перафарбоўвалася з чырвона-жоўтага ў чароўна-блакітнае.
З-за адной з выбітых дзвярэй пачуўся вой. «Яшчэ гэтага не хапала», – падумаў Янка. Вялізны белы воўк выбег у галоўны пакой. Адзін з жаўнераў кінуўся на яго, але драпежнік проста скочыў і ўкусіў чалавека за горла. Белая поўсць заляпалася чырвоным.
Воўк кінуўся за галінамі. Гэта – не для іх. Яны скралі яго рэч. Яны адкажуць! Моцныя кіпцюры ўпіліся ў дрэва. Галіны спрачаліся, трэслі, спрабавалі скінуць упартага драпежніка.
Янка падняўся на ногі. Трэба было нешта рабіць. Калі запісы гандляра (ці хто ён там насамрэч) Сімагліцкага не лгуць, нельга аддаць пярсцёнак. У краме пачынаўся пажар, гарэлі некалькі палічак, чарнела столь. Яшчэ трошкі – і агонь дойдзе да пораху.
Янка дастаў пістолю, што рэзка пякла бок.
– Ну што? – уставіўся на зброю ўлан.
«Каменьчыкам у дрэва. Я здолею!» – было выгравіравана на ствале. Першы раз надпіс быў на звычайнай, знаёмай з дзяцінства мове. Каменьчыкам… Янка кінуў позірк на галіны, што скралі пярсцёнак. Яны мітусіліся, білі белага ваўка аб дрэвы. Як да іх дабрацца?
– Ціма! – паклікаў Янка.
З боку бібліятэкі асцярожна выбег дзік. Ён пытальна паглядзеў на ўлана.
– Трэба ратаваць, – Янка кіўнуў у бок палаючага дрэва.
Дзік панура ўздыхнуў і павярнуўся бокам. Янка ўзрадаваўся, што не рассядлаў яго днём. Уставіў нагу ў стрэмя. Канешне, пан ведзьма казаў, што нельга ездзіць на неаб’езджаным дзіку, але што зробіш…
– Ну, наперад! – улан ударыў пяткамі дзіка ў бакі.
І дзік панёс. З прыткасцю леапарда і хуткасцю ястраба ён вылецеў з крамы і ў некалькі скокаў апынуўся ля палаючых каранёў. Капыты зацокалі па дрэве. Янка толькі і паспяваў, што адбівацца ад галін, якія лезлі да яго. Дзік жа з лёгкасцю пераскокваў цераз перашкоды, прабіваў ікламі сабе шлях. Агонь падпякаў, падпальваў поўсць, сляпіў. Але Ціма рушыў наперад, лёгка пераскокваючы з галіны на галіну.