Янка кінуўся ў пакой з лямпамі. У запісах гандляра было – пераключыць на рычаг для перазагрузкі. Ён схапіўся за выступаючы драўляны падважнік, апусціў уніз і адразу ўверх. Пакой напоўніўся тысячамі рознакаляровых агеньчыкаў. Воўк ускочыў за ўланам і на імгненне аслеп. Далей, туды, дзе была постаць чалавека імгненне назад. На шляху ён збіў некалькі лямп, і на белай поўсці з’явіліся чорныя падпаліны. Ваўчыныя вочы, што гарэлі сінім полымем, хутка прыстасаваліся да цемры наступнага пакоя. Чалавек кудысьці схаваўся. Воўк прынюхаўся.
Раптам пахіснулася палічка з кнігамі, і воўк ледзьве паспеў адскочыць. Падаючы, яна падняла пыл у паветра, што забіўся жывёле ў ноздры і вочы. Адразу ж са спіны накінуўся Янка, ударыў шабляй, і чырвоная паласа з’явілася на белай поўсці. Воўк кінуўся на чалавека. Удар лапай. Улан падае. Пераможны рык, разбег, скок. У апошні момант Янка выставіў шаблю перад сабой. Воўк захрыпеў і павіс на лязе.
Малады ўлан скінуў з сябе параненага ваўка, падняўся на ногі. Трэба дабіць! Ён выцягнуў шаблю з грудзей жывёлы. Белую пляму на падлозе ламала. Косці храбусцелі. Замест драпежніка ляжаў малады хлопец, з даўгімі вусамі і белым казачым чубам. З рота капала крыў.
– Давай, – прастагнаў ён.
Янка замахнуўся. Удар. Шабля ўваткнулася ў дрэва падлогі.
Нельга забіваць параненага. Нельга шкодзіць таму, хто прайграў. Тут недзе камора, што зачыняецца на замок… Янка ўзваліў хлопца на плячо.
11 верасня 1794 года
Дрэва спала. Не было ні птушыных спеваў, ні крыкаў ласёў ці дзікоў, ні квакання рапух. Нават бярозы, хвоі ды ліпы, што раслі побач, не шамацелі ад ветру. Наваколле маўчала.
Дзве чалавечыя постаці цягнулі нешта аб’ёмістае. Ноч добра хавала іх ад позірку чалавечага і нечалавечага. Яны самі дрэнна бачылі шлях паміж дрэваў і хмызоў, таму спрабавалі ісці як мага павольней і асцярожней. Мох дапамагаў ім, але там-сям адчувалася храбусценне сухіх галінак пад нагамі. Каля вялізнага дрэва, што больш нагадвала кучу смецця, яны спыніліся.
Першая постаць запытальна кіўнула галавой. Другая постаць паказала рукой у бок вялізнага карча. Праз дзясятак крокаў яны зайшлі ў багну. Ля вялізнага карэння, што тырчэла з-пад зямлі, паклалі бочку. Тая павольна пачала апускацца ў нетры. Першы прыхадзень асцярожна забіў кнот у шчыліну паміж дошкамі. Другі выцягнуў пістолю. Паклаў канец кнота на палічку і націснуў на курок.
Крэмень выбіў маленькі сноп іскраў з металу. Кнот загарэўся.
У слабым святле прыхадні ўбачылі чалавека ў зялёным мундзіры, што ляжаў на карэнні. Палова яго была пакрытая карой, быццам ён урос у дрэва. Вочы не міргалі. Ад іскраў ён заварушыўся, падаўся наперад і схапіў другую постаць за руку. Лісце дрэваў зашамацела.
– Убей меня… – прастагнаў чалавек.
Першы адмоўна закруціў галавою. Паспрабаваў дапамагчы, схапіў за плечы. Але другая постаць пагадліва кіўнула. Нож, што быў за поясам, бліснуў у цемры. Прыхадзень паднёс яго да шыі чалавека. Роўная чырвоная лінія.
З рота чалавека пацякла кроў. Ён заплюшчыў вочы і знясілена расціснуў рукі. Памёр.
Ад рэзкага гуку яны заціснулі вушы рукамі. Здаецца, тысячы галасоў крычалі. На розных мовах, па-чалавечы, паптушынаму, па-звярынаму. Галіны дрэва зарыпелі. Тысячы вачэй расплюшчыліся і глядзелі на дзве постаці ў багне. Кадук прачнуўся.
Днём Янка рыхтаваўся да вылазкі. Усё патрэбнае ён знайшоў у краме Сімагліцкага: порах, кнаты, некалькі пістоляў (на ўсялякі выпадак), цёмнае адзенне. Тут і сапраўды магчыма было знайсці ўсё – гандляр не хлусіў.
У дзверы пагрукалі. Янка асцярожна зірнуў праз адмысловую шчыліну ў іх. Ніхто не ведаў гэта месца, ніхто не мог яго знайсці… На вуліцы чакаў харунжы Сыракомля.
– Не перадумаў, Ліпініч? – з ходу спытаў харунжы.
– Адкуль… Як вы знайшлі гэтае месца? – недаверліва глядзеў на яго Янка.
– Ма-а-агія, – загадкава ўсміхнуўся харунжы. – Ты ходзіш да кляштара кожны дзень. Некалькі пытанняў мніхам – і я тут. Ну дык што?
– Не перадумаў, пане харунжы. Калі вы прыйшлі мяне вучыць розуму, дык дарэмна. Я пасля спаць не змагу…
– Дрэнна, што не слухаешся загадаў, – перабіў яго харунжы. – Зусім страціў дысцыпліну з гэтымі бадзяннямі. Раней і слова супраць не сказаў бы.
– Раней быў дурнем, пане харунжы. Самі казалі, – адрэзаў Янка.
– Ну і добра, што быў. Калі выходзім? Мы са шляхцічамі зрабілі маленькі вайсковы сеймік. Яны падыдуць праз гадзіну. Час ёсць?
Улан раніцой змог звязацца з панам ведзьмай. Той абяцаў глыбокі сон пачвары пасля заходу сонца. Заставалася толькі чакаць. Больш людзей – гэта добра. Не прыйдзецца цягнуць порах аднаму. Яшчэ патрэбна прымацаваць пярсцёнак на каменны стол, выставіць каардынаты, адчыніць дзверы…
– Дарэчы, Ліпініч, – харунжы з цікавасцю глядзеў на шэрагі добрых стрэльбаў. – Там ля дзвярэй пасвяцца конь ды дзік. Асядланыя. Твае?
Жаўнеры стаялі ля адчыненых дзвярэй крамы. У цемры амаль нічога не было відаць, толькі панурыя постаці дрэваў. Свечка гарэла ля ўвахода.
– Хутка яны?
– Павінны…
– Не падабаецца мне гэтае чараўніцтва, – перахрысціўся жаўнер.
– Цішэй!