Ехаць давялося ў вагоне, абклееным шпалерамі з кніжнымі паліцамі - рэклама электроннай бібліятэкі. Якраз патрапіла ў “аддзел класікі”. Тамы на фоташпалерах здаваліся сапраўднымі, хацелася правесці пальцамі па карэньчыках з залатымі паскамі і адчуць іх выпукласць... Вось толькі ні на водным карэньчыку не было назвы. Кніжкі без імёнаў, са сцёртым мінулым. Быццам Корвус. Як можа апынуцца жывым чалавек, які сем год таму загінуў у аўтакатастрофе? Як мае аўтары гэта б вырашылі?
Галоўныя спецыялісты - тыя, што ажыўляюць прафесара Снэйпа з фандома паводле “Гары Потэра”. Іх галоўны аргумент - цела не знайшлі. Вісклівы Дамок, дзе супершпіён прыняў смерць ад жудаснай змяюкі Цёмнага Лорда, згарэў. Зусім як “Жыгуль” майго Віталя. Таму верагодна, што прафесар споўз. Інсцэнаваў сваю смерць, сціскаючы ў кішэні супрацьяддзе і кроваспыняльнае зелле, і падпаліў дэкарацыі. Альбо яго непрытомнае цела забралі змоўшчыкі. Ён ачуняў, змяніў імя і знешнасць... Жыве як іншы чалавек, бо не хоча ў турму за старыя грахі. Альбо не памятае, хто ён, страціў магію. Альбо хаваецца ад няшчаснага кахання (да Гары Потэра, вядома).
Але каб хацеў Корвус проста знікнуць - ён і так за мяжой быў... Навошта вярнуўся на Беларусь і якім чынам?
Тут хутчэй падыходзіць аналогія з фандомам Шэрлака Холмса. Геніяльны слядак зваліўся ў Рэйхенбахскі вадаспад разам з прафесарам Марыярці. А насамрэч таксама інсцэнаваў сваю смерць і вярнуўся праз нейкі час у Лондан, каб давершыць справу выкрыцця злачыннай арганізацыі. Статус нябожчыка дазволіў лягчэй праводзіць расследванні.
Якая ж важная недавершаная справа ў Корвуса?
Я ледзь успомніла, што зараз трэба выходзіць, давялося людзей расштурхоўваць. Нават значок з заплечніка, самы прыкольны, з няшнай постаццю прафесара Снэйпа ў стылі анімэ, з надпісам “Не хвалюйся, я бессмяротны” адчапіўся і застаўся дзесьці за жалезнымі дзвярыма цягніка.
Я завярнула за шэра-мармуровую калону станцыі і сутыкнулася з маладой чарнявай кабетай у паношанай балоневай куртцы колеру капуснага ліста. Кабета, сагнуўшыся, старанна лічыла грошы. Ад майго штуршка адна паперка паляцела на падлогу. Маё “прабачце” непрыкметна растала ад палючай нянавісці чорных вачэй. А гэтую спадарыню я ж нядаўна бачыла ў вагоне - яна гнюсавым плачучым голасам старанна выгаворвала: “Выбачайце, што я адцягваю вашу ўвагу. Я не падманваю вас, дарагія людзі. Збіраю грошы на аперацыю дачцэ. Дапамажыце, хто чым можа, блаславі вас Гасподзь”. Плач у голасе гучаў занадта прафесійна. Акцэнт сведчыў, што спадарыня не мясцовая. І я, гэтак жа, як многія пасажыры, утаропілася ў шпалеры з кнігамі і праігнаравала пацёрты поліэтыленавы пакет з міласцінавымі купюрамі, які на пару імгненняў затрымаўся перада мной.
Кабета не дала сіняй паперцы ўпасці на бетонную падлогу, спрытна падхапіла, быццам птушка матыля.
- Што лупішся? - цяпер яе голас зусім не плакаў і не маліў. - Будзеш, красунька, з нябожчыкам цалавацца!
Мой погляд зачапіўся за танныя завушніцы ў выглядзе птушыных пёркаў з белага металу, што пагойдваліся ў вушах чарнявай жабрачкі. Я яшчэ раз мармытнула абсалютова непатрэбнае “Прабачце” і бегма пакінула станцыю. “Цалавацца з нябожчыкам”... Гэта праклён, прадказанне ці прапанова?
Я нацягнула на галаву капюшон талстоўкі - красавіцкі вецер насвістваў у вушы штось сімфанічнае. Мокры асфальт, белыя захляпаныя красоўкі з калісь жоўтымі шнуркамі... З чаго ж пачаць росшукі свайго нябожчыка?
Ясная справа, з мінулага. Раптам мар’інагорская цётачка штосьці ведае? Месяц таму сама мне патэлефанавала, прычым двойчы. Пыталася, чаму не прыязджаю. Маўляў, у рэчах пляменніка, пакінутых у яе доме, маецца адрасаваная мне рэч. Пакет, канверт... Не памятаю. Але я па-ранейшаму хацела пазбавіцца ўсялякіх успамінаў і нават не падумала ехаць забіраць, у той час, як сама ўсё Віталева аддала. А цяпер з’езджу. Таму што калі не ўпэўнюся, жывы Корвус ці не... Самае страшнае - няпэўнасць.
Першы пацалунак пасля сустрэчы з чарнявай жабрачкай, аднак, дастаўся не ад нябожчыка. Мацейка ў вітальні маёй кватэры крануў цёплымі вуснамі шчаку... Хоць я адразу раздражнёна адхілілася. Не да сантыментаў. З варыўні пахла тушанай рыбай. Бэ-э... Зноў рыба... Успомніўся хек у белай пенапластавай скрыначцы, з’едзены на абед. Ну, але сам факт - хлопец гатуе мне вячэру, вунь пантофлі падае...
- Дзякуй... - мармытнула я, усунуўшы ногі ў вязаныя сіне-белыя пантофлі са скандынаўскім арнаментам.
- Ірынка, што здарылася?
Ён заўсёды адчувае мой настрой. Мацей глядзеў уважліва-трывожна, гэтак жа, як Кафка з ягонай майкі, якая абцягвала даволі шырокія плечы. Вы, напэўна, сказалі б - прывабны хлопец, спартыўны, стылёвы. Прычоска з доўгім русявым чубам і каротка стрыжанымі скронямі, на абедзвюх руках - скураныя фенечкі, іх уладальнік не здымаў нават дома, плюс “татушка” на загрыўку ў выглядзе лацінскага выслоўя