Мне зразумела, адкуль гэтая дэманстрацыя незалежнасці ад чужога меркавання. Нацярпеўся Мацей... Я дасюль, як на яго гляджу, бачу не шыракаплечага падцягнутага мужчыну, а поўненькага хлопчыка з наіўным ружовашчокім тварам, аж хочацца ўшчыкнуць за пухлую шчаку. Ці штурхануць у спіну, каб не глядзеў так, быццам увесь свет з цукерак і сонечных зайчыкаў. Што ж, з ім, нізенькім пухлявым навічком, усё гэта ў нашым чацвёртым “Б” і рабілі. І не толькі гэта. Штурхалі, шчыкалі, лупілі, падкладалі кнопкі на крэсла... Клас наш быў паскудны. А што вы хочаце, рабочы раён. Побач - зона строгага рэжыму, чыгунка, ля якой мы бавілі вольны час, скачучы па застылых грудах шлаку. А хлапцы бегалі да зоны, хваліліся, што вось учора ледзь вартавыя з вышак не падстрэлілі. Кідалі праз калючы дрот пачкі з чаем, цыгарэты. Атрымлівалі ўзамен нажы з наборнымі ручкамі, адмысловыя бранзалеты з жалезных ланцужкоў... І ў класе парадкі былі, як на зоне. Нават спіс іерархіі па партах хадзіў. На чале - Атаманша, самая высокая і мажная дзяўчынка, дзве яе шасцёркі, і ўжо не памятаю, як там ролі размяркоўваліся. Я з дзвюма сяброўкамі апынулася ў асобнай партыі, анархістаў. У мяне спісвалі ўрокі, мы разам з усімі ўцякалі з заняткаў і пляваліся гарохам з трубачак. Але ўдзельнічаць у “цёмных”, кагось няўгоднага лупіць, падтрымліваць байкоты я наадрэз адмаўлялася. Атаманша паблажліва дазволіла мне быць трохі паасобку - і за тое, што рабіла хатнія заданні за ўвесь клас, і за тое, што маніць не ўмела. Прынамсі, такое меркаванне пра мяне склалася.
Галоўнае было - не патрапіць да ізгояў, якім згаданыя “цёмныя” і ўчынялі. А вось Мацей якраз - у тых ізгоях... Мілы такі хлопчык, разумненькі, настаўнікі не нахваляцца. З добрай сям’і - тата і мама медыкі. Акуратненькая вопратка, акуратненькая стрыжачка, у музычную школу ходзіць, грае на флейце...
Не, вы падумайце, у класе, дзе палова бацькоў пабывала ў калоніі, вучыцца флейтыст! Не хачу ўспамінаць, як яго абзывалі. А ён яшчэ да ўсяго і заікаўся. “Ад-д-д-чап-п-піцеся... ”
Вядома, ніякіх рамантычных пачуццяў Мацейка ні ў каго з дзяўчатаў не выклікаў. Наадварот - нават побач з ім затрымацца грэбавалі. Сесці за адну парту з Саломай - мянушка ад ягонага прозвішча Саламярэцкі... Нізавошта! Задражняць. Таму нясмелыя спробы Саломы заляцацца да мяне (“Хочаш ц-цукерку? П-пайшлі ў к-кіно?”) былі сустрэтыя, як заляцелыя ў хату мухі: хуценька прыбіць, каб не дзумкалі.
Але флейтыст не здаўся. Замест таго, каб да канца вучобы шыцца па кутах і пазбягаць увагі якога-небудзь Валодзькі з паламаным носам і пудовымі кулакамі, пазапісваўся ў спартовыя секцыі. І ўжо ў восьмым класе канчаткова развітаўся з пухлявасцю, флейтай і кончыкам мезенца на левай руцэ. Мезенец яму падкараціла ў бойцы заточаная жалезная палоска, здабытая нейкім Вовам ці Мішам у добрых зэкаў. Заіканне засталося толькі калі моцна хваляваўся. Але нават калі я нечакана сустрэла Мацея ў Акадэміі мастацтваў - ён паступіў на кампутарны дызайн, я вучылася на камунікатыўным, усё роўна бачыла ў ім таго ж поўненькага хлопчыка з наіўнымі вачыма, з якім няёмка падтрымліваць знаёмства, бо засмяюць.
Былы флейтыст доўга ў акадэміі не пратрымаўся. Мусіць, курса з другога перайшоў на айцішныя тэхналогіі ў другі інстытут. Хаця маляваў цікава. Графічка такая сюрэалістычная чорнай тушшу, цмокі, эльфы - хоць зараз у раздзел арту на маім сайце.
Некалькі год я анічога пра заікастага Саламярэцкага не чула. Ажно да абароны дыплома - яна ў нас была ў музеі сучаснага мастацтва. І калі я ціха ікала ад хвалявання - дыплом мой быў на тэму “Промапрадукцыя Мінскага трактарнага завода”, я абыграла вобраз трактара-супермэна і баялася, што выкладчыкі не ацэняць сцёбу... Адгадайце, хто падаў мне каву-латэ, прынесеную з суседняй кавярні?
У адрозненне ад мяне, Мацей хутка зрабіўся знакамітасцю ў сваіх прафесійных колах. Далучыўся да стварэння папулярнай кампутарнай гульні са смешнымі круглымі монстрыкамі, павыйграваў нейкія прэстыжныя конкурсы... Урэшце, і мяне дабіўся. Ну, дазволіла ж я яму ўвайсці ў маё жыццё, выцягнуць з дэпрэсіі... Праўда, ягонае мармытанне пра замежныя перспектывы толькі раздражняла: ён там будзе геніяльнічаць пры якім Білу Гейцу, а мне што рабіць? Посуд мыць у Макдональдсе? А на ролю хатняй гаспадыні я не падпішуся нават пры наяўнасці роты прыслугі. Маім мужам Салому не быць, я сказала.
Мой расповед пра сённяшнія падзеі развесяліў Мацея прыкладна як Гамлета - з’яўленне прывіду ягонага бацькі.
- Д-дык т-ты збіраешся яго шукаць? Т-таго каламутнага Корвуса?
Ажно сківіцы сціскае і заікаецца... І не падумаў запэўніваць - “Падалося табе, Ірынка, папі валяр’янкі”. Адчуў, што Адысей падплывае да Ітакі і трэба вызваляць нагрэтае месца на ложку Пенелопы дзеля законнага сужэнца.
- Паслухай, Салома, я табе нічога не абяцала, - я адсунула талерку з недаедзенай рыбай. - Мы ж дамаўляліся... Не будзем ускладняць.