Кажуць, каб даведацца, па якім сцэнарыі жывеш, трэба ўспомніць улюбёную казку з дзяцінства. Але ж у мяне гэта дакладна не той навалачны Фініст. А - не можа быць! - “Снежная каралева”. Герда ў пошуках Кая. Збяры слова “вечнасць” з падручных матэрыялаў і прамяняй палову свету на канькі.
У электрычцы на Асіповічы я купіла ў дзядзечкі-карабейніка сінюю накідку ад дажджу. І каб Салому пазлаваць, які прыхапіў для мяне, бездапаможнай, парасон з чорнымі катамі на гарчычным фоне. І шкада зрабілася дзядзечку, які відавочна зусім нядаўна, мусіць, пасля вылету на пенсію, паспрабаваў гандлярскай долі. Рэкламаваць тавар свой толкам не навучыўся, ажно голас зрываўся і ад сораму, і ад страху, што ні капейкі не заробіць.
І як адчувала... Толькі выйшлі ў той Мар’інай Горцы, дождж абрынуўся, нібы спазняўся на спатканне з зямнымі нетрамі. Так што мне ў сінім шаргатлівым “доміку” было куды выгодней, чым Мацею хай бы і з двума парасонамі. Корвусава цётка-пашпартыстка, сур’ёзная кабета з па-мужчынску буйнымі рысамі твару ў карэ фарбаваных пад каштан валасоў, злосна зыркнула на наш мокры абутак, які пакінуў абуральныя сляды на ламінаце пад мораны дуб у вітальні ейнай кватэры, хоць мы адразу разуліся да шкарпэтак (пантофляў нам не прапанавалі). Алена Рыгораўна - ёй бы іграць улюбёную дачку злой мачыхі беднай сіроткі, тую, дзеля якой у сіроткі адбіраюць усё, ад напрадзеных нітак да багатага жаніха, буркатнула: “Праходзьце”. Тоўсты кацяра на канапе скрывіў пляскатую пысу і адвярнуўся. У серванце бялеў падораны нам з Корвусам на вяселле сервіз, з кучаравымі пастушкамі і кветкавымі гірляндамі. Пахла таннай пудрай і карвалолам. Фотаздымка зніклага пляменніка не відаць нідзе.
Алена Рыгораўна так і не спытала, што за фацэт прыйшоў з жонкай пляменніка, нават не кінула на Мацея ніводнага цікаўнага позірку. Раздражнёна дастала з шуфляды пакет, загорнуты ў цэлафан:
- Зрабіла ласку завітаць, дык бяры. Віталь перад ад’ездам свае рэчы спакаваў, каб у Мінск перавезці, так і стаялі валізы ў кладоўцы. Перад новым годам вырашыла перабраць, падалося, што моль там развялася. А ў валізе зверху вось гэта... Табе адрасавана. Вырашыла, варта перадаць, хоць табе, даражэнькая, відаць, усё роўна.
Пляскатвары кацяра лена саскочыў з канапы і ці сослепу, ці ад шкоднасці зрабіў спробу патачыць кіпці аб Мацееву лытку. Камуфляжная тканіна нагавіцаў разышлася з агідным трэскам.
- Б-брысь, жыв-вёла!
Алена Рыгораўна падхапіла на рукі раскормленага хатняга бажка:
- Не бойся, Магнацік!
Баяцца відавочна належала непачцівым гасцям, пра што сведчыў раз’ятраны выраз твару гаспадыні. Мы паспешліва развіталіся, нават шнуркі не сталі завязваць на красоўках. На развітанне Магнат падарыў нам здзеклівае “Мрмяў”.
Пакет я разадрала проста на ганку, пад стрэшкай перад непрыветным пад’ездам (я так і не змагла ўявіць, што Корвус сюды заходзіў, падымаўся па вышчарбленых прыступках, вячэраў на цётчынай кухні).
Канверт... Почырк Віталя... Там перадсмяротная цыдулка?
Мацей рашуча забраў спадчыну з маіх рук, што трэсліся, як у алкаголіка са стажам. У канверце аказаўся ключ - пляскаты, з дзіркай, падобнай да выскаленай усмешкі, з бліскучымі зубчыкамі. І папера. Якая ва ўсёй юрыдычнай красе сведчыла, што ласкай Корвуса мне ўжо сем год як належыць дом у маленькім гарадку Старавежск. Вуліца Энгельса, 24.
Каб жа я хоць раз чула ад зніклага мужа пра той Старавежск! І пра тое, што ў яго ёсць там маёмасць!
Паштоўка, якую аздабляла гравюра пачатку дзевятнаццатага стагоддзя з краявідамі нейкага павятовага мястэчка, мусіць, таго Старавежска, трохі з’ясавала сітуацыю.
“Дарагая Вірынейка, прабач, што з’ехаў адразу пасля вяселля. Але хачу ўсё кампенсаваць. Мядовы месяц у нас будзе самым рамантычным. У мяне ёсць для цябе сюрпрыз. Нядаўна я атрымаў спадчыну ад далёкага сваяка - сапраўдны старасвецкі дом, такі, ведаеш, з кафлянай печчу, рыпучымі драўлянымі сходамі, пазелянелым чарапічным дахам і, магчыма, з прывідамі. Я хачу, каб ты прыняла яго ў падарунак. Няхай гэта будзе маім пасагам і месцам, дзе мы пражывем самыя цудоўныя дні!
Твой Крумкач”.
Значыць, Корвус перад апошняй вандроўкай заязджаў на сваіх “Жыгулях” да цёткі. Канверт пакінуў тут, каб я не знайшла ды не папсавала сюрпрыз - усё роўна збіраўся па вяртанні перавезці свае рэчы да мяне. А вось ці быў ён у Старавежску? Можа, паспеў і там штось пакінуць, нейкі знак? А можа. А можа, ён у доме з прывідам і хаваецца? Можа, там пад чужым імем сем год і жыве?
Чакаць і даганяць - самыя паскудныя справы, казала мая бабуля. З Мар’інай Горкі да Старавежска, як сведчыў тысячавокі Гугл, можна было дабрацца за якія паўтары гадзіны на рэйсавым аўтобусе.
Дождж паныла малаціў па бляшаным навесе, як быццам адпрацоўваў належны тэрмін на нелюбімай працы.
- Паслухай, Вірка... - Мацей стамлёна пацёр двума пальцамі пераноссе, быццам там намулялі нябачныя акуляры. - Давай не ламаць... трыснёг. У мяне ўвечары важнае паседжанне. Я абяцаў вярнуцца...
- Вяртайся, не пытанне! - я выцягвала з заплечніка шаргатлівую сінюю накідку, быццам пакамечанае неба з водгуллем навальніцы.