- Дасылаў, - неяк па-хлапечы гарэзна ўсміхнуўся Корвус. - Нік, праўда, пазычыў... Дакладней, выкупіў у аднаго твайго фікрайтэра, які вырашыў сысці з фандома. Але аўтар тэксту не я.
- А хто? - недаверліва папыталася я.
- Ты.
Адказ з прысмакам містыкі.
- Дакладней, не ты, - замяўся Люцыян, - а Жэнька. Прабач, для мяне вы зліваецеся ў адно бясконцае маё каханне. Калі яна не ўставала ўжо, мы з ёй пачалі такую гульню... Жыццятворчасць. Як сімвалісты. Ператвараць перажытае ў захапляльны аповед. Уяўлялі, быццам кіно здымаем. Сачынялі разам, збольшага яна... Я запісваў. Шыфр яшчэ з дапамогай рабіна Саламона Барысавіча засвоіў, у пяцідзясятых. Ну, ты памятаеш... Люблю лагічныя задачы і не люблю, калі мая асабістая прастора не абароненая. Хто ж ведаў, што мой сшытак выкарыстаюць як пастку для вас, Мацей...
Корвус стаяў, выпрастаны, як вой на апошнім шыхтаванні перад бойкай. У яго неяк дзіўна пульсавалі зрэнкі. Сціскаліся і пашыраліся ў рытме сэрца, усё больш. І я чамусь ведала, што зараз яму робіцца... балюча... Вельмі балюча...
- Ну, усё, дарагія сталкеры. Хутка са мной будзе праблематычна весці гаворку. Ідзіце і жывіце.
Я не магла зразумець, што адбываецца, але на мяне насоўваўся нейкі жах.
- Чаму ты развітваешся?
- Таму што мне пара.
Ясны позірк, лёгкая ўсмешка... Нешта дзіўнае з абліччам. Я схапіла свайго самага дарагога чалавека за руку, здагадка пацвердзілася: усё дужае цела нібыта пульсавала... Быццам бомба перад выбухам.
- Мне даўно ўжо трэба было легчы пад кропельніцу. Працэс пачаўся. Я так згвалціў уласныя клеткі, што, думаю, калі перастаць іх штучна ўтрымліваць у форме, і хаваць асабліва не будзе чаго. Віктар Франкенштэйн і ягонае стварэнне ў адной асобе, халера.
Ён яшчэ жартаваў!
- Ну і яшчэ тое-сёе паспею... Мацей, падыдзіце да мяне!
Салома паслухмяна наблізіўся да Корвуса. А той раптам узяў яго абедзвюма рукамі за скроні, утаропіўся ў вочы сваім пранізлівым позіркам - цяпер невыносна пранізлівым, з пульсуючымі зрэнкамі, часам яны наплывалі ажно на ўсю радужку, і вочы здаваліся бяздонна-чорнымі.
- Вы больш не будзеце заікацца, Мацей Саламярэцкі! Будзеце размаўляць выразна. Адгэтуль вы назаўсёды вылечыцеся.
І яшчэ нешта такое выдаваў... Падобнае да сярэднявечных заклёнаў. Голас глыбокі, ажно мурашкі па скуры. Ніколі не верыла ва ўсялякую месмераўшчыну. Мацей, падобна, таксама толькі з-за трагічнасці моманту стрымліваўся ад скептычных заўваг.
- Ну вось, мой апошні падарунак.
Корвус адступіў на крок, ягоны твар усё больш нагадваў адбітак на вадзе, па якой ідуць кругі, вочы зрабіліся амаль чорнымі...
- Магістр, не ўздумай пакідаць мяне!
Я абшчаперыла яго. Амаль не памятаю, як мяне, заплаканую, істэрычную, адцягвалі, а я ўсё чаплялася за жылістае цела, якое скаланалі сутаргі. Бязважкія пацалункі апякалі мае шчокі, лоб, вочы... Над вухам гучаў задыханы голас, які сеяў лухту: “Эмацыйная залежнасць хутка пройдзе. Я стану для яе проста персанажам фанфіка”. А потым Корвус схапіў мяне за запясці, адарваў ад сябе і літаральна ўсунуў у рукі Мацею.
- Беражы яе...
Я адбівалася, брыкалася. Але была засунутая ў машыну і адпраўленая з Апошняга Прытулку на “Фордзе” колеру шампанскага, як грэбаная сабінянка на загарэлым плячы прыхадня з беднага паселішча Рым. Васковы злепак. Гамункулус. Эмбрыён з клеткі каханай нябожчыцы, які, аднак, тую нябожчыцу не заменіць.
Два белыя сабакі, Стаўры і Гаўры, не праводзілі нас. Яны засталіся сядзець пад дзвярыма будынка, дзе рыхтаваўся ў апошнюю дарогу іх гаспадар.
Калі мы выехалі за браму і пералічылі першую сотню лужын, я ўжо не ведала, люблю я таго, старога, Корвуса - Магістра, Канкістадора, Фаўста гулагаўскага - альбо ненавіджу... І ў тым, і ў тым пачуцці было шаленства, якое вылечваецца толькі... Ды нічым, насамрэч.
Калі мы вырулілі на трасу, на дарогу да Апошняга Прытулку звярнуў чорны джып. Грунтоўны такі джып з бліскучай пысай.
- Хутка яны... м-м... - скрозь зубы выціснуў Мацей. Я не стала перапытваць, што за “яны”. Мне ўвогуле неяк фіялетава ўсё было.
У горад мы заехалі, калі рынкі зачыняліся, а гастраномы яшчэ не. Салома высадзіў мяне перад маім пад’ездам і моўчкі стаяў. Запрашэння чакаў, ясна. Маё вакно было цёмным, што азначала, што Корвус, каторы малады і фальшывы, не з’явіўся. А абмяркоўваць падзеі гэтага дня я не была гатовая ні з кім. Я толькі што сустрэла і згубіла самага важнага чалавека ў сваім жыцці.
Я зачыніла дзверы за сабой на ланцужок і... На плач не заставалася моцы. На думкі таксама. Я проста ляжала ў цемры тварам у столь. Нада мной праплывала святло фараў, нібы я ляжала на дне ракі, а я хацела марозіва. На верандзе ўласнай вілы. Можна і на ганку хібары. Толькі дзе- небудзь у Альпах. Ці Андах. Ці ў Новай Зеландыі.
А вось і ключ у замку заварушыўся, як жалезны жук у жалезнай норцы. А вось і ланцужок бразнуў...
- Вірынейка, адчыні! Гэта я, Віталь...